Шчучынскі раён

Галавічполе

Галавічпо́ле – вёска ў 11 кiлямэтрах на поўнач ад Шчучына. З 1973 года да 2013 года Галавічпо́ле было цэнтрам Галавічпольскага сельсавету, зараз уваходзiць у склад Васiлiшскага сельсавету.

Сядзібна-паркавы комплекс ‘Лябёдка Іванаўская’

Паводле «Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага і іншых краін славянскіх», гэты фальварак пад назвай Дварэц быў падараваны прывілеем Жыгімонта I ад 7 лістапада 1510 года двараніну яго, Івашку Рыла-Быкоўскаму, і з таго часу перадаваўся ад бацькі да сына і не выходзіў з валоданьня сям’і.

Самыя раньнія дакументальныя звесткі з гісторыі сям’і Іваноўскіх сягаюць сярэдзіны XVII стагодьдзя. У першай палове XIX стагодьдзя Станіслаў Іваноўскі быў вымушаны саступіць радавы маёнтак Руда Яворская ў Слонімскім павеце старэйшаму брату Вінцэнту і шукаць свайго лёсу ў іншым месцы. Ён неўзабаве ажаніўся з Антанінай, адзінай дачкой Юрыя Андрэевіча Рыла-Быкоўскага, уладальніка фальварка Лябёдка ў воласьці Старыя Васілішкі Лідзкага павета Віленскай губерні.

Пасля заўчаснай сьмерці Антаніны ў 1852 годзе маёмасныя меркаваньні схілілі Станіслава Іваноўскага да шлюбу з Каралінай Клімантовіч, а пасьля яе сьмерці ў 1856 годзе ўжо 58-гадовы гаспадар ажаніўся трэці раз з дужа маладзейшай за сябе Станіславай Губарэвіч з суседняга фальварка Галавічполь. У выніку Лябёдка павялічылася за кошт часткі гэтага фальварка.

У 1891 годзе сям’я Іваноўскіх пераехала з Краснага ў Варшаву. Леанард праз некалькі гадоў асеў у Санкт-Пецярбургу, а жонка з дзецьмі заставалася ў Варшаве.

У першыя гады XX стагодьдзя ў Лябёдцы была завершаная будоўля новай сямейнай рэзідэнцыі. Дзейнасьць Леанарда Іваноўскага была накіравана на тое, каб ператварыць Лябёдку ва ўзорны асяродак агратэхнічнага прагрэсу. Маладых сялянаў прымалі ў маёнтку на практыку ў галіне садоўніцтва, пчалярства, жывёла- і раслінаводзтва. У 1913 меркавалася адкрыць курсы малочнай вытворчасьці. Аднак у хуткім часе вайна і акупацыя зруйнавалі гаспадарку.

Падчас Першае сусьветнае вайны Леанард Іваноўскі адмовіўся ад дзяржаўнай службы і вярнуўся ў Лябёдку.

Апошнім уласьнікам маёнтку Лябёдка Іваноўская да 1939 года быў Станіслаў Іваноўскі. Яго сын, Казімір Іваноўскі, у 1995 годзе выдаў кнігу ўспамінаў, дзе апісаў свае маладыя гады, праведзеныя ў сямейным маёнтку.

Каардынаты: 53.730986, 24.770735.