Шчучынскі раён

Шчучын

Шчучын – места на рацэ Тураўцы, адміністрацыйны цэнтар Шчучынскага раёну. Знаходзіцца за 57 кiлямэтраў на ўсход ад Горадні. Шчучын – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), лякальны цэнтар асьветы, навукі і дабрачыннасьці.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Шчучын утварыўся ад прозьвішча Шчука. У розныя часы дзеля адрозьненьня ад аднайменнага места на Падляшшы насіў прыдомкі Шчучын Літоўскі, Шчучын Лідзкі, Шчучын Наваградзкі.

Асноўныя факты з гісторыі горада

• Першы пісьмовы ўпамін пра Шчучын датуецца 1436 (або 1430) годам, калі ваявода троцкі Пётар Лелюш разам з А. Вязовічам і І. Прасьціловічам заснаваў тут драўляны касьцёл Сьвятога Якуба. У XV–XVIII стагодзьдзях паселішча ўваходзіла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва.
• У 2-й палове XV–XVI стагодзьдзях Шчучын знаходзіўся ў валоданьні Кучукаў, Кішкаў, Радзівілаў, з пачатку XVII стагодьдзя – Лімантаў. У 1-й трэці XVI стагодьдзя паселішча атрымала статус мястэчка. У 1537 годзе Шчучын упамінаецца ў Літоўскай мэтрыцы ў зьвязку з тым, што мясцовы жыхар Станіслаў Альшанскі пераехаў у Масты, якія ў той час знаходзіліся ў валоданьні вялікай княгіні Боны Сфорцы.
• Мястэчка значна пацярпела ад маскоўскіх войскаў І. Хаванскага і казацкіх загонаў В. Залатарэнкі ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667), а таксама ад войскаў Карла XII у Вялікую Паўночную вайну (1700–1721).
• У XVIII стагодьдзi Шчучын перайшоў у валоданьне маршалка дворнага Юзэфа Сцыпіёна. У 1726 годзе ў Шчучыне адкрыўся калегіюм манаскага ордэну піяраў. Заснавальнікам навучальнай установы лічыцца полацкі войт Юры Хлябніцкі-Юзэфовіч. Некаторы час тут працавала сэмінарыя для ордэнскай моладзі (ці навіцыят), дзе выкладалі ў тым ліку ўсходнія мовы.
• У 1742 годзе ў мястэчку быў заснаваны кляштар сясьцёр міласэрнасьці і шпіталь пры ім. Курс навучаньня ў калегіуме быў разлічаны на 6 годоў. За гэтыя гады навучэнцы абавязаны былі засвоіць ня толькі суму ведаў па гісторыі рэлігіі і багаслоўя, лацінскую мову, але і абавязкова красамоўства. У праграму былі ўключаны і новыя дысцыпліны: матэматыка, фізіка, гісторыя Польшчы і ўсеагульная гісторыя. Быў створаны фізічны кабінет. Са Шчучынам звязаная пэдагагічная і навуковая дзейнасьць буйных вучоных XVIII–XIX стагодьдзяў М. Догеля, М. Нарбута, Станіслава Юндзіла, Аніёла Даўгірда.
• У 1755 годзе калегіюм узначальваў рэктар Лукаш Расоцкі, выкладалі Кант Выкоўскі (прафэсар усходніх моваў і гісторыі), Юзэф Шаняўскі (тэалёгія), Яўстах Куроўскі (філязофія і этыка), Вінцэнт Клос (прыродазнаўчыя дысцыпліны), Юзэф Кентржынскі (лёгіка і мэтафізыка), Войцех Камароўскі (паэзія і красамоўства).
• 23 траўня 1761 году кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў паселішчу Магдэбурскае права і герб: «у блакітным полі срэбная манаграма I(gnatus) S(cipion) пад залатой каронай»
• У 1773–1775 гадох з утварэньнем у Рэчы Паспалітай Адукацыйнай камісіі, што праводзіла рэфармаваньне сыстэмы асьветы, Шчучынскую піярскую навучальную ўстанову рэарганізавалі ў 3-клясную падакруговую школу. У 1782–1783 гадох яна налічвала 119 вучняў, 5 настаўнікаў. У 1785–1786 гадох у школе выкладаў Станіслаў Юндзіл, пазьней доктар філязофіі, прафэсар батанікі і заалёгіі Віленскага ўнівэрсытэту. У 1742 годзе ў Шчучыне адкрыўся шпіталь, а ў 1773 годзе – аптэка. У 2-й палове XVIII стагодьдзi на паўночнай ускраіне мястэчка збудавалі палац. У 1785 годзе Станіслаў Юндзіл заклаў школьны батанічны сад, адзін зь першых на Беларусі.
• У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Шчучын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сьпярша ўваходзіў у склад Лідзкага павету Літоўскай, потым Гарадзенскай (з 1801), а з 1843 году – Віленскай губэрняў.

Шчучын. Тураўка, Піярскі кляштар. 1900 год

• У 1803 годзе ў выніку чарговай рэарганізацыі школа піяраў атрымала статус 6-кляснай павятовай з гімназічным курсам навук і ўвайшла ў Віленскую навучальную акругу. У 1822–1828 гадох (паводле іншых зьвестак у 1826–1829) у Шчучыне збудавалі мураваны касьцёл Сьвятой Тэрэзы. На 1829 год у мястэчку было 47 будынкаў (17 хрысьціянскіх і 30 юдэйскіх).
• Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1832 годзе расейскія ўлады зачынілі школу ў Шчучыне разам зь іншымі піярскімі навучальнымі ўстановамі.
• За часамі Першай сусьветнай вайны ў жніўні 1915 году Шчучын занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
• 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шчучын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР.
• Увосень 1918 году сфармавалася Шчучынская самаабарона – мясцовая вайсковая арганізацыя, якой мэтай была абарона мястэчка ад бальшавікоў. Арганізаваў яе старшы лейтэнант Баляслаў Лісоўскі. Самаабарона пасьпяхова зьнішчала бальшавіцкую актыўнасьць у навакольлі Шчучына. Хоць у пачатку 1919 году мястэчка занялі бальшавікі, аднак неўзабаве яго адбіла польскае войска. 7 чэрвеня 1919 году Шчучын увайшоў у склад Віленскай акругі Грамадзянскай Управы Ўсходніх Земляў – часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі.
• Улетку 1920 году мястэчка зноў занялі бальшавікі, але ўжо ў верасьні яго зноў адбілі польскія войскі. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Шчучын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Наваградзкага ваяводзтва. У 1931 годзе Шчучын атрымаў статус места і стаў цэнтрам павету, у гэты час тут працавалі лякарня, настаўніцкая сэмінарыя і пошта.

Шчучын, Рынак. Я. Папкоўскi. 1930–1939

• Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР у верасьнi 1939 года Шчучыну скасавалі статус места, а 15 студзеня 1940 году ён стаў цэнтрам раёну Баранавіцкай вобласьці. У гэты час працавалі электрастанцыя (магутнасьць 36 кВт), паравы млын, фабрыкі вырабу крупы і фанэры, лесапільны завод (тартак), лякарня на 70 ложкаў, радзільня на 25 ложкаў, амбуляторыя, вэтэрынарны пункт, аптэка, кінатэатар, пошта і тэлеграф, гімназія, ліцэй, 3 няпоўныя сярэднія школы.
• У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. 20 верасьня 1944 году Шчучынскі раён увайшоў у склад Гарадзенскай вобласьці. 31 жніўня 1962 году Шчучын зноў атрымаў статус места.

Герб места

Касьцёл святой Тэрэзы й кляштар піяраў

Касьцёл сьвятой Тэрэзы і кляштар піяраў – помнік архітэктуры XIX стагодьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку, на беразе ракі Тураўкі. Твор архітэктуры клясыцызму. Комплекс складаецца з касьцёла, будынка кляштару (калегюіму) і капліцы. У наш час касьцёл і кляштар дзейнічаюць. У піярскім калегіюме навучаліся геоляг І. Дамейка, філёзаф К. Нарбут, гісторык М. Догель, паэт Ю. Корсак, натураліст С. Юндзіл і іншыя.

Каталіцкi прыход ў горадзе з’явілася ў 1436 годзе.

У 1718 годзе ўладальнік Шчучына войскі полацкі Юзэф Глябіцкі фундаваў у мястэчку калегюім піяраў. Ён перадаў манахам парафіяльны касьцёл Сьвятога Юрыя, заснаваны ў 1436 годзе. У 1726 годзе гэтую фундацыю пацьвердзіла дачка Ю. Глябіцкага Тэрэза Сцыпіён, якая ў 1742 годзе запрасіла сюды сясьцёр міласэрнасьці і заснавала шпіталь.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год) касьцёл і калегіюм працягвалі дзейнічаць. У 1826–1829 гадох з фундацыі князя Францішка Ксавэрыя Друцкага-Любецкага збудавалі новыя мураваныя касьцёл і калегіюм у стылi клясыцызму.

Па выкрыцьці расейскай паліцыяй у Шчучыне філіі віленскага таварыства філяматаў у 1825 годзе навучальную ўстанову ператварылі ў звычайную 4-клясную павятовую вучэльню. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1832 годзе ўлады Расейскай імпэрыі ліквідавалі кляштар. Касьцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны.

У 1919 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі кляштар манахам-піярам, якія былі ў ім Другой сусьветнай вайны.

У 1959 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл. У 1987–1989 гадох праводзілася рэстаўрацыя касьцёла. У 1988 годзе касьцёл вярнулі вернікам, у наш час кляштар піяраў зноў дзейнічае. Сёньня, як і раней, у храме служаць манахі ордэна піяраў.

Каардынаты: 53.606414, 24.741469.

У 2015 годзе ў Шчучыне прайшоў Дзень Беларускай Пісьменнасьці. Зелянбуд горада і камунальныя ўлады падрыхтаваліся да гэтага мерапрыемства вельмі добра, у выніку ў розных месцах горада з’явіліся цікавыя інсталяцыі, напрыклад, помнік лінейцы з алоўкам і чарніліцы. Знаходзяцца гэтыя інсталяцыі побач з касьцёлам і калегіюмам.

Помнік лінейцы й алоўкам

Помнік чарніліцы

Палац князёў Друцкіх-Любецкіх

Першы палац у Шчучыне быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагодьдзя па праекце архітэктара дэ Фленерса на паўночнай ускраіне места, у парку рэгулярнай пляніроўкі. Належаў ён падскарбію літоўскаму Шчуку, а з пачатку XIX стагодьдзя быў уладаньнем князёў Друцкіх-Любецкіх.

Новы палац быў спраектаваны ў 1892–1895 гадох па замове князя Уладзіслава Друцкага-Любецкага віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствораўскім і быў мала зьвязаны з папярэднім палацава-паркавым комплексам XVIII стагодьдзя. З-за хваробы князя будаўніцтва ішло вельмі марудна. Пасьля ягонай сьмерці ў 1913 годзе сям’я была не гатовая працягваць будаўніцтва і аздабленьне інтэр’ераў. Да пачатку Першае сусьветнай вайны так і не былі зробленыя гаўбечныя агароджы.

Пасьля заканчэньня ваеннай службы, прыкладна ў 1921 годзе ў палац вяртаецца апошні ўладальнік Шчучына князь Ян Уладзіслававіч Друцкі-Любецкi, аднак ва ўмовах пасьляваеннай разрухi будаўніцтва і аздабленьне не так і не былі скончаныя. Падчас Другое сусьветнае вайны палац амаль не пацярпеў.

Каардынаты: 53.610617, 24.740960.

Помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы)

Недалёка ад гістарычнага цэнтра знаходзіцца помнік Алаізе Пашкевіч (Цётцы), беларускай паэтцы, празаіку, грамадзка-палітычнай дзяячцы, актрысе, пэдагогу, якая нарадзілася недалёка ад Шчучына, у вёсцы Пешчын.

Каардынаты: 53.606942, 24.741577.

Царква сьвятога Міхала Арханёла

Царква сьвятога Міхала Арханёла – помнік гісторыі 2-й паловы XIX стагодьдзя, яна была пабудаваная ў 1863 годзе. Знаходзіцца ў цэнтры места, на гістарычным Рынку. Царква – твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Каардынаты: 53.606182, 24.742137.

Цэнтральны пляц

Каардынаты: 53.605394, 24.742499.

Цэнтральны пляц. Вежа з гадзіннікам

Цэнтральны пляц. Будынак 7

Цэнтральны пляц. Фантан

Помнік героям Вялiкай Айчыннай Вайны

Райвыканкам

Тыповы райвыканкам савецкага разьліву цэнтральную плошчу горада відавочна не ўпрыгожвае і асаблівага натхненьня не выклікае. Але выглядае ён не занадта аблезла, а ў яркім сонечным сьвятле на яго нават можна глядзець.

Каардынаты: 53.604445, 24.743704.

Помнік загінулым у Аўганістане

Помнік салдатам неабвешчанай вайны

Каардынаты: 53.603084, 24.737978.

Будынкі места

Самалёт-помнік МіГ-25ПУ

Шчучын доўгі час быў авіягарадам: тут дыслакаваліся розныя авіяцыйныя часткі і падразьдзяленьні. Цікавы факт: у 1990–1991 гадох у горадзе былі сканцэнтраваны амаль усе МіГі-25БМ, выпушчаныя савецкай прамысловасьцю. Адкрытым застаецца пытаньне: гэта была стратэгічная задума ці, наадварот, гэта была памылка савецкага кіраўніцтва.

З 1972 года ў Шчучыне каля палаца Друцкіх–Любецкіх узвышаўся на пастаменце знішчальнік МіГ–19С. У жніўні 1999 года самалёт прыбралі з цэнтра горада, а на ўездзе ў горад у верасьні 2015 года ўстанавілі іншы самалёт: МіГ-25ПУ (бартавы нумар «18»). Усталяваны самалёт-помнік у гонар авіяпалка, які базаваўся на тэрыторыі Шчучына аж да 1990-х гадоў.

Каардынаты: 53.625144, 24.727397.