На рацэ Жалудзянцы знаходзіцца старажытнае беларускае мястэчка Жалудóк. Упершыню ён згадваецца ў данясеньнях шпіёнаў Тэўтонскага ордэна ў 1385 годзе як сельскае валоданьне шляхецкага роду Стегевілаў – «Stegewillendorf Szolutka». Афіцыйна ж першы ўпамiн пра Жалудок ставіцца да другой паловы XV стагодьдзя як валоданьня вялікіх князёў. У 1486 годзе ён атрымаў статус мястэчка. У 1490 годзе вялікі князь Казімір заснаваў тут першы драўляны касьцёл.
Пачынаючы з XVII стагодьдзя Жалудок – уладаньне Сапегаў, Фрацкевічаў-Радзімінскіх, Тызенгаўзаў і іншых шляхетных родаў. У 1682 годзе Казімір і Аляксандра Фрацкевічы заснавалі ў Жалудку касьцёл і кляштар айцоў-кармэлітаў. Фонд на пабудову кляштара сваёй пастановай пацьвердзіў Сойм у 1685 годзе. У 1690 годзе існаваў Жалудокскі ключ – вялікае землевалоданьне на абодвух берагах Нёмана з панскім дваром, пасёлкам, вёскамі, ворнымі землямі і лясамі. Ключ налічваў 226 дамоў і быў адным з найбольшых шляхецкіх валоданьняў у Прынямоньні.
Палац Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх
Палацава-паркавы комплекс Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх заснаваны ў самым пачатку XX стагодьдзя. У 1908 годзе Уладзімір Святаполк-Чацьвярцінскі пабудаваў каля мястэчка нэабарочную сядзібу, якая захавалася дагэтуль. Архітэктарам праекта быў вядомы паляк італьлянскага паходжаньня Уладзіслаў Марконі. У сядзібны комплекс уваходзілі палац, флігель і млын, «упісаныя» ў парк рэгулярнай пляніроўкі. У 1939 годзе Жалудоцкі ключ Сьвятаполк-Чацьвярцінскіх уключаў у сябе ўжо 16 500 гэктараў зямлі, сушылку для насеньня, садовы гадавальнік, паравую лесапільню на Нёмане, рачную прыстань, бальніцу, кацельню і электрастанцыю.
У наш час палац, хоць і выкуплены прыватнай сям’ёй з Расеі, але ніяк не рэстаўруецца і не аднаўляецца. Нажаль, глыбокія расколіны, якія праймаюць апорныя сьцены зверху данізу, выраслі да такіх памераў, што становіцца страшна за будучыню сядзібы. Жадалася бы памыліцца, але без прыняцьця кардынальных і экстраных мераў, палац, падобна, ужо не выратаваць.
Каардынаты: 53.600921, 24.957642.
Інтэр’еры палаца, як такія, адсутнічаюць. Часам у палаы здымаюць кінафільмы, але ўвогуле і цэлым усё даволі сумна..
Уваходная заля
Комiн
Люстра на столi
Адзiн з пакоеў першага паверха
Парадная лесьвiца на другi паверх
Яшчэ адна лесьвiца
Памяшканьнi другога паверха
Вiд з другога паверха на гаспадарчыя пабудовы
Прысядзібныя гаспадарчыя пабудовы
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі
Каталіцкая грамада ў Жалудку зьявілася ў 1490 годзе. У той жа час тут быў пабудаваны першы касьцёл па ініцыятыве Казімера IV. Пасьля на месцы першага драўлянага храма быў узьведзены каменны касьцёл у стылі позьняга клясіцызму, які належаў кляштару ордэна. У 1832 годзе кляштар быў ліквідаваны расейскімі ўладамі.
Сучасны будынак у стылі клясыцызму быў пабудаваны ў 1853 годзе з бутавага каменю і цэглы паводле праекту архітэктара Караля Падчашынскага – вучонага і тэарэтыка позьняга клясыцызму.
Каардынаты: 53.602669, 24.975925.
Апсыда касьцёла
Элемэнты фасада
Фігуры ў нішах галоўнага фасада
Скульптуры на даху касьцёла
Скульптуры на ўнутранай тэрыторыі касьцёла
Iнтэр’ер касьцёла
Царква сьвятога Марціна Тураўскага
Праваслаўную царкву ў Жалудку пабудавалі ў 1998–1999 гадах і асьвяцілі ў гонар Марціна Тураўскага.
Каардынаты: 53.600101, 24.981522.
Iнтэр’ер царквы