Слонімскі раён

Жыровічы

Жыровічы – вёска каля ракі Шчары (за 1 кiлямэтар ад яе), знаходзiцца за 10 кiлямэтраў на поўдзень ад Слоніму, за 138 км ад Горадні; на аўтамабільнай дарозе, што злучае Слонім з шашай Менск – Берасьце.

Жыровічы – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваўся комплекс колішняга базылянскага манастыра з саборнай царквой Прачыстай Багародзіцы, пабудаваных у стылi барока і клясыцызм, цэрквамі Ўзьвіжаньня Сьвятога Крыжа і Божага Яўленьня (віленскае барока), а таксама могілкавай царквой Сьвятога Юрыя (традыцыйная беларуская драўляная архітэктура), помнікі архітэктуры XVII–XIX стагодзьдзяў.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Жыровічы ўтварыўся да прозьвішча Жыровіч.

Традыцыйная форма назвы мястэчка – Жыро́вічы, афіцыйная — Жыро́віцы. Існуе меркаваньне, што апошняя ўзьнікла пад польскім уплывам (ад польск. Żyrowice).

Упершыню Жыровічы ўпамінаюцца ў XV стагодьдзi, калі вялікі князь Казімер надаў маёнтак падскарбію вялікаму А. Солтану. Новы ўладальнік збудаваў царкву на месцы, дзе паводле легенды, у 1470 годзе зьявіўся абраз Маці Божай. Каля царквы пачало фармавацца паселішча.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Жыровічы ўвайшлі ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. З 1565 году тут пачалі праводзіцца кірмашы. Пад 1587 годам упершыню ўпамінаецца Жыровіцкі манастыр. З 1610-х паселішча знаходзілася ў валоданьні Л. Сапегі, потым І. Мялешкі. Пад 1609 годам упамінаецца недабудаваная мураваная Прачысьценская царква (ст.-бел. Пречистой Святой Богородицы).

У 1624 годзе Жыровічы атрымалі статус мястэчка, а ў 1652 годзе кароль і вялікі князь Ян II Казімер Ваза надаў паселішчу Магдэбурскае права. Неўзабаве Жыровічы сталі буйным гандлёвым мястэчкам, што карысталася ўласным гербам: «у блакітным полі выява двух мужчынскіх постацяў – правая стаіць на каленях, левая трымае ў працягнутых руках кнігу». За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай у 1655 годзе казацкія загоны спалілі мястэчка і манастыр.

19 верасьня 1730 году ў Жыровічах адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай. Карону, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, ахвяравала княгіня Ганна Кацярына Радзівіл. Абраз захоўваўся пад шклом у залачоных шатах.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Жыровічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце. У 1810–1828 гадох тут знаходзілася рэзыдэнцыя берасьцейскага грэцка-каталіцкага япіскапа.

У 1828–1839 гадох Жыровічы былі цэнтрам Літоўскай уніяцкай япархіі, а ў 1840–1845 гадох – Літоўскай япархіі Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1880-я гады ў мястэчку дзейнічалі 3 царквы; працавалі духоўная і жаночая народная вучэльні, 3 крамы, 3 шынкі; штогод праводзіліся 3 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Жыровічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жыровічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Жыровіцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Жыровічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. У 1919–1920 гадох мястэчка пераходзіла з рук у рукі – ад бальшавікоў да польскага войска. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Жыровічы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Жыровічы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету Слонімскага раёну.

Праваслаўны мужчынскі стаўрапігіяльны манастыр (былы базылянскі, уніяцкі)

Манастыр быў заснаваны ў 1470 годзе як праваслаўны.

Пасля прыняцьця Берасьцейскай Уніі 1596 года па патрабаваньні Віленскага трыбунала ў 1613 годзе берасьцейскі кашталян Іван Мялешка ініцыяваў адкрыцьцё уніяцкага Жыровіцкага Успенскага манастыра, ігуменам якога стаў Язафат Кунцэвіч. Манастыр перайшоў у рукі базылянаў (манахаў грэка-каталіцкага абраду, то ёсць уніятаў).

У XVII–XVIII стагодьдзях манастыр быў духоўным і адміністрацыйным цэнтрам літоўскіх уніятаў. У 1730 годзе ў прысутнасьці дзясяткаў тысячаў каталікоў візантыйскага і лацінскага абраду, а таксама іншых вернікаў, цудатворны абраз Божай Маці з Жыровіцкага манастыра была ўрачыста каранаваны залатымі папскімі каронамі, а Маці Божая Жыровіцкая аб’яўлена заступніцай і апякункай беларускага народа.

Першапачатковыя пабудовы манастыра не захаваліся, але на іх месцы, пачынаючы з XVII стагодьдзя, быў створаны комплекс каменных збудаваньняў. У канцы XVII стагодьдзя Жыровіцкі ўніяцкі манастыр лічыўся самым багатым у Беларусі і Літве, карыстаўся сярод уніятаў такой жа вядомасьцю, як Чэнстахоўскi кляштар у каталікоў у Польшчы.

У 1810–1828 гадах манастыр быў рэзідэнцыяй Берасьцейскай уніяцкай епархіі, у 1828–1839 – Літоўскай уніяцкай епархіі. У 1828 годзе пры кляштары была адкрытая Літоўская духоўная сэмінарыя, ператвораная ў 1845 годзе ў духоўнае вучылішча.

У Успенскім саборы да XIX стагодьдзя захоўваўся рукапісны помнік XV стагодьдзя – Жыровіцкае Эвангельле.

У 1839 годзе біскуп Язэп Сямашка, карыстаючыся падтрымкай царскай улады і заступніцтвам асабіста імпэратара Мікалая I, перавёў частку манахаў Жыровіцкага манастыра ў праваслаўе, а нязгодных і тых, хто ўпарціўся, адправіў на выпраўленьне ў спецыяльна прызначаныя для гэтых мэтаў манастыры, у тым ліку за межамі Беларусі.

Дзякуючы таму, што да верасьня 1939 года Жыровічы не ўваходзілі ў склад СССР, гэты манастыр ніколі не закрываўся. У міжваенны час манастырскі храм-Кальварыя (царква Ўзьвiжаньня Сьвятога Крыжа) знаходзіўся ў карыстаньні рыма-каталікоў. У 1934 польскія ўлады размясьцілі ў часткі манастыра, што не невыкарыстоўвалася, сельскагаспадарчую школу.

У 1945 у Жыровіцкім манастыры былі адкрытыя пастарскi курсы, ператвораныя ў 1947 годзе ў Менскую духоўную сэмінарыю, якая была зачынена Хрушчовым у 1963 годзе.

У другой палове 1980-х – пачатку 1990-х гадоў пачалося адраджэньне манастыра. У 1989 годзе, пасля двадцатишачьцiлетняга перапынку, аднавіла працу Менская духоўная семінарыя. Сёньня ў Жыровічах дзейнічае праваслаўны Сьвята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр. Галоўная сьвятыня манастыра – цудатворны абраз Божай Маці.

Каардынаты: 53.014755, 25.344312.

Агульны выгляд. Званiца, Усьпенскi сабор, жытловы корпус

Агульны выгляд. Жытловы корпус, за iм – Богаяўленская й Крыжаўзьвіжанская цэрквы, сэмiнарыя

Узначальвае архітэктурны комплекс манастыра Усьпенскі сабор, які бачны за шмат кілямэтраў ад Жыровіц. Яго буйнамаштабны белакаменны масіў з кляштарным корпусам маляўніча малюецца на фоне зялёных лясістых узгоркаў і зарэчнай далі.

Закладзены сабор быў у 1613 годзе, а ў 1650 годзе будаўніцтва было скончанае. Манументальная барочная пабудова, двухвежавая па фасадзе, была пазьней перабудавана і атрымала ў першай палове XIX стагодьдзя сучаснае аблічча.

Сабор Усьпеньня Прасьвятой Божай Мацi

У двары галоўнай царквы манастыра знаходзіцца невялікая капліца, пабудаваная пасьля 1990 года.

Насупраць Усьпенскага сабора размешчаная капліца, пабудаваная ў 1828 годзе. У сваім аьлiччы яна двухчасткавая. Ніжняя – уласна капліца, верхняя – званіца пад купалам. Яе архітэктура блізкая да архітэктуры сабора і выкананая ў формах клясіцызму.

Званіца

Гісторыя ўзвядзеньня Багаяўленскай царквы манастыра даволі заблытаная і міталагізаваная. Розныя дасьледчыкі прыводзяць розныя даты будаўніцтва: ад 1672 года да 1796 года. Царква знаходзіцца паміж Усьпенскім саборам і кельлямі і ўяўляе сабой бязьвежавую царква-капліцу.

Богаяўленская царква

На ўзгорку за Багаяўленскай царквой размешчаная Крыжаўзьвіжанская царква. Пабудаваная яна таксама ў 1769 годзе ў формах архітэктуры барока.

Крыжаўзьвіжанская царква

Крыжаўзьвіжанская царква – безапсыдная і ўнутры мае незвычайнае рашэньне ў выглядзе кальварыі – храма, прысьвечанага вобразу, якi імітуе паломніцтва ў Ерусалім. Для вернікаў, якія прыбылі ў манастыр, кальварыя павінна здавацца Галгофай, месцам пакараньня Хрыста. Таму, падняўшыся па прыступках ўваходу ў храм, наведвальнік трапляе на працяглую парадную лесьвіцу.

Лесьвіца займае палову ўнутранай прасторы будынка і выводзіць на алтарную пляцоўку, кантавая сьцяна якой па-майстэрску распісаная пэрспэктыўным жывапісам. У малюнку гэта таксама лесьвіца, якая нiбэты працягвае існуючую, акружаную аркадамі, якія цягнуцца да купалу з выявай распяцьця. Дзякуючы прынятаму архітэктурнаму вырашэньню і перспэктыўнаму малюнку дасягаецца ілюзорны эфект незвычайнай глыбіні храма.

Гаспадарчы будынак

На тэрыторыі манастыра ёсьць сталовая, дзе паломнікі і турысты могуць паабедаць. На адной са сценаў гэтай сталовай знаходзіцца сучасная карціна з агульным выглядам манастыра.