Слонім

Частка 4. Альбэртын

Альбэртын – былы прыгарад Слоніма, які сёння ўваходзіць у рысу горада. Тут знаходзіцца сядзібны комплекс і паркавы масіў з сажалкамі, якія адносяцца да першай паловы XIX стагодьдзя. Уладальнікам гэтага месца быў род Пуслоўскіх (ім жа належаў замак у Косаве).

Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх быў пабудаваны ў першай палове XIX стагодьдзя ў стылі позьняга клясіцызму. Войцех Пуслоўскі, першы гаспадар гэтай сядзібы, меў трох сыноў: Альбэрта, Магдалiна і Ціта. Аднак улюбёнцам бацькі быў менавіта Альбэрт. Бацька душы не чаяў ў сыне, таму пасьля трагічнай і вельмі дзіўнай смерці Альбэрта, уся сядзіба, якая да гэтага насіла імя «Юрзнiкi», была названая яго імем. Па адной вэрсіі, Альбэрт выпадкова патануў у возеры разам са сваёй дачкой, па іншай – падчас паўстаньня хацеў схавацца за возерам і там прапаў. Пры ім былі каштоўнасьці, якія і па гэты дзень спрабуюць знайсці скарбашукальнікі ў ваколіцах возера (дарэчы, гэтае возера таксама носіць назву Альбэртын).

Сядзіба Пуслоўскіх у Альбэртыне. Малюнак Напалеона Орды, 24.05.1877

У 1870-х гадах род Пуслоўскіх трапіў у няміласьць да царскай улады і сядзіба была перайменавана ў Александрынск ў гонар рускага імпэратара Аляксандра Другога. І толькі ў 1920-х гадах сядзібе вярнулі назву «Альбэртыін».

Суконная фабрыка ў Альбэртыне. Малюнак Напалеона Орды, 9.03.1865

Сядзіба Пуслоўскіх. Уяздная брама. Выгляд з боку сядзiбы

Маёнтак пачынаецца з уязной брамы.

Сядзіба Пуслоўскіх. Сядзібны дом

Першапачаткова сядзібны комплекс складаўся з трох палацаў: зімовага, сьвяточнага і летняга. Акрамя гэтага, на тэрыторыі знаходзіліся дапаможныя памяшканьні, дзе жыла прыслуга, знаходзіліся вяндлярні, алейня і іншае. На сёньня захаваўся толькі адзін палац, зімовы. Ён быў пабудаваны ў першай палове XIX стагодьдзя ў стылі позьняга клясіцызму па распараджэньні Войцеха Пуслоўскага. Уладальнік назваў паркавы комплекс у гонар аднаго з сыноў – Альбэрта.

Пуслоўскія арганізавалі побач з маёнткам прамысловы комплекс, дзе выраблялі тканіны, папяровыя вырабы, дываны, чыгун і іншае. Шляхецкі род з’ехаў у Англію ў 30-х гадах XX стагодьдзя і павёз з сабой усе каштоўнасьці.

Асноўная славутасьць комплексу – сядзібны дом (ён жа сьвяточны або зімовы палац). Фасад двухпавярховага будынка ўпрыгожаны порцікам з чатырма калёнамі.

Каардынаты: 53.088592, 25.397049.

Справа і зьлева ад параднай лесьвіцы знаходзяцца мармуровыя скульптуры львоў і масіўныя вазы. Іх стан на сёньня даволі гнятлівы, але пры наяўнасьці новага гаспадара і інвэстара пытаньне рэстаўрацыі цалкам вырашаемы.

Сядзіба Пуслоўскіх. Парк

Палац і іншыя будынкі комплексу акружаныя прыгожым паркам з сажалкай, сёньня тут ёсьць добраўпарадкаваны пляж, дзе адпачываюць мясцовыя жыхары. Па тэрыторыі парку працякае рака Іса.

Сядзіба Пуслоўскіх. Флiгель

Флігель пры палацы ацалеў і сёньня яго можна бачыць у трохі зьмененым выглядзе. Што датычыць архітэктуры, будынак спалучае ў сабе клясіцызм і эклектыку. Былы палац меў два паверхі і быў багата ўпрыгожаны ляпнінай, некаторыя дэталі якой захаваліся да нашых дзён.

Сёньня тут размясьціўся спартыўны клуб Слонімскага кардонна-папяровага завода, якому і належыць ўвесь комплекс. А яго цэх знаходзіцца ў былых карпусах папяровай мануфактуры Пуслоўскіх, пабудаваных яшчэ ў 1806 годзе.

У савецкі час насупраць будынка была ўсталяваная скульптура спартсмэна (яго называюць мясцовым супермэнам).

На мяжы XIX і XX стагодьдзяў на тэрыторыі маёнтка была пабудавана стайня, выкананая арнаментальным мурам у стылі мадэрн.

Стайня

Касьцёл Найсьвяцейшай Марыі Панны

Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Альбэртыне быў пабудаваны ўладамі міжваеннай Польскай рэспублікі ў 1937 годзе.

Каардынаты: 53.077552, 25.393661.

Царква сьвятога Апанаса Берасьцейскага

Царкву ў Альбэртыне збудавалі ў 1936 годзе ў стылi архітэктуры мадэрну з цэглы пры езуіцкай місіі ўсходняга абраду. За савецкім часам царкву зачынілі. У 1990-я гады будынак перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. Тады ж у выніку рэканструкцыі над царквой паставілі вялізны маскоўскі бляшаны (пазьней – пазалочаны) купал-цыбуліну.

Каардынаты: 53.077882, 25.392639.

Недалёка ад царквы знаходзіцца манастырскі корпус, які раней належаў царкве.

На сёньняшні дзень сядзіба і прылеглы да яе парк захаваліся ў даволі добрым стане. Ўвесь палацава-паркавы комплекс належыць сёньня Слонімскаму папярова-кардоннаму заводу «Альбэртын». На жаль, сродкаў на поўнае аднаўленьне сядзібы ў завода няма, таму, па чутках, комплекс плянуецца ў хуткай будучыні прадаць.

⟵ Папярэдняя частка. Частка 3
Ускраiны