Дабраўляны – вёска ў складзе Жодзішкаўскага сельсавету. На поўначы вёскі цячэ рака Вяльля. На захад ад вёскі знаходзяцца тры возеры Буякі.
У другім разьдзеле краязнаўчай кнігі Чэслава Янкоўскага «Ашмянскі павет: матэрыялы па гісторыі зямлі і народа» (1897) ёсьць зьвесткі, што Дабраўляны першапачаткова называліся Дуброва.
Першыя зьвесткі пра вёску адносяцца да XVI стагодзьдзя, калі ім валодалі ашмянскія абывацелі Зяновічы. Ад іх Дабраўляны перайшлі да Ашмянскага падкаморніка Адама Роскага. У 1526 годзе Дабраўляны згадваюцца як валоданьне Леона Роскага Барэйшы. Потым вёскай валодалі Сьвірскія, пасьля ізноў Роскія, Стаброўскія, Войцех Жабінскі, Падбіпяткі.
Сядзібна-паркавы комплекс Гюнтэраў
Палац у Дабраўлянах быў пабудаваны ў XVIII стагодьдзi пры Сангушках.
У 1824 годзе граф Адам Гюнтэр і яго жонка Аляксандра Канстанцыя Гюнтэр з Тызенгаўзаў заклалі нарожны камень пад новы палац у Дабраўлянах. У палацы пры Гюнтэрах была вялікая бібліятэка. Дзякуючы іхнім намаганьням сядзіба Гюнтэраў ператварылася ў сапраўдны культурны цэнтар для мясцовага дваранства. Правінцыйнае жыцьцё ў Дабраўлянах першай паловы XIX стагоддзя добра апісанае ў мэмуарах іх малодшай дачкі – Альбіны Габрыэлы Пузыны.
Падчас паўстаньня 1831 года граф Адам Гюнтэр увайшоў у склад паўстанцкага Часовага ўрада Сьвянцянскага павета, за што пазней паўстаў перад судом.
У 1851 годзе Адам Гюнтэр падзяліў сваю маёмасьць паміж трыма дочкамі: Мацільдай Бучынскай, Ідай Мастоўскай і Габрыэляй Пузынай. У грашовым эквіваленце на долю кожнай з сясцёр прыпадала па 116.992 рублі срэбрам і 33 1/3 капеек. Тады Мацільда ўзяла сабе Дабраўляны і фальварак Надбрэзьзе з даплатай сёстрам па 21.326 рублёў срэбрам.
Замалёўкі сядзібна-паркавага комплексу. Казімір Бахматовіч, 1835

У гады Першай сусветнай вайны палац быў цалкам разбураны і згарэў неўзабаве пасьля вайны (1920) ў выніку падпалу супрацоўнікамі ўлады. Пазьней ён быў разбураны, парк таксама зьнік. На сёньняшні час засталіся толькі гаспадарчыя пабудовы і рэштка парку. Захавалася літаграфія Казіміра Бахматовіча 1835 года з выявай палаца, а таксама нямецкая паштоўка 1917 года, на якой відаць палац напярэдадні пажару.
З сакавіка 1862 і да 22 лютага 1864 году ў Дабраўлянах хаваўся ад перасьледу царскай адміністрацыі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У сакавіку 1862 году часовы ваенны губэрнатар Менскай губэрні генэрал-маёр Кушаль разаслаў цыркуляр, у якім было напісана: «Па атрыманых мною праўдзівых зьвестках высьвятляецца, што памешчыкам Марцінкевічам напісаны на народнай беларускай мове абуральны верш пад назвай „Гутарка старога дзеда“, што мае на мэце ўзбудзіць сялянаў заходніх губэрняў супраць урада, … і што г. Марцінкевіч стараецца распаўсюджваць свой твор… сярод простага народу». Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч знайшоў прытулак у Дабраўлянах у Мацільды Бучынскай. Пасьля таго як маёнтак Дабраўляны быў сэквэстраваны, з 22 лютага 1864 году вымушаны быў пераехаць у найбліжэйшае мястэчка Сьвір, дзе пражываў паўгоду да самага свайго арышту.
Палац у Дабраўлянах знайшоў сваё адлюстраваньне ў творы Ігната Ходзькі «Пракляты», напісанага на падставе мясцовай легенды.
Гаспадарчая пабудова
Каардынаты: 54.788310, 26.399549.




