Смаргонскі раён

Крэва

Крэва – вёска на рацэ Краўлянцы, знаходзіцца за 22 кiлямэтра на поўдзень ад места і чыгуначнай станцыі Смаргоні, каля аўтамабільнай дарогі Ашмяны – Менск. Крэва – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), сталіца ўдзельнага княства.

Упершыню Крэва згадваецца ў нямецкіх хроніках XIII стагодьдзя як сталіцу Нальшанскай зямлі. Да гэтага ж перыяду належыць і Крэўскае гарадзішча, якое знаходзіцца за два з паловай кілямэтры на поўнач ад заходняй ускраіны вёскі, каля дарогі на Смаргонь.

У 1260-х гадах Крэва далучылася да Вялікага Княства Літоўскага, а ў XIV стагодьдзі яно стала сталіцай асобнага княства. На мяжы XIII і XIV стагодьдзяў Гедымінам быў пабудаваны Крэўскі замак, першы цалкам мураваны замак у Вялікім княстве Літоўскім.

У 1382 годзе па загадзе Ягайлы ў Крэўскім замку забілі Кейстута, бацьку Вітаўта. У 1387 годзе Ягайла заснаваў у Крэве адну з першых у старадаўняй Літве каталіцкіх парафій. У 1391 годзе загінуў апошні крэўскі князь Вітунд.

Крэўская унія

Самы вядомы факт аб Крэве заключаецца ў тым, што 14 жніўня 1385 года тут была заключана унія, пагадненьне аб дынастычным саюзе, што злучылі прыкладна на 500 гадоў Вялікае Княства Літоўскае і Польскае каралеўства.

Неабходнасьць польска-літоўскага саюза была зьвязаная з пагрозай, якая стваралася Тэўтонскім ордэнам на мяжы XIV і XV стагодьдзяў для Польшчы і Літвы. У 1382 годзе памірае польскі кароль Людовік I Анжуйскі, які не пакінуў спадчыньнікаў па мужчынскай лініі. Пасьля двухгадовых спрэчак польскія фэадалы аб’явілі каралевай яго малодшую дачку Ядьзвігу. Яны прапанавалі вялікаму князю літоўскаму Ягайлу стаць ейным мужам, пасля чаго ён мусіў стаць каралём Польскім і Літоўскім. У 1385 годзе ў Крэўскім замку былі выпрацаваны ўмовы дзяржаўна-прававога аб’яднання ВКЛ і Польшчы. 14 жніўня таго ж года было падпісана пагадненне з Польшчай, вядомае як Крэўская унія.

Па прыняцьцi вынікаў уніі Ягайла ўзяў на сябе шэраг абавязацельстваў:
– перавесmці Літву на лацінскі альфабэт;
– выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі і садзейнічаць вяртаньню страчаных Польшчай зямель;
– перайсьці ў хрысьціянства і зьвярнуць у яго ўсіх сваіх братоў, баяраў, народ;
– далучыць да Польскага Каралеўства землі, страчаныя Польскай каронай;
– выплаціць былому жаніху Ядзьвігі Вільгельму, герцагу Аўстрыі 200 тысяч флорынаў у якасьці кампенсацыі за парушэньне шлюбнай дамовы.

Войскі, заканадаўства і судовая сістэма, а таксама казна (уключаючы грашовую эмісію) заставаліся паасобнымі, захоўвалася і мяжа паміж дзяржавамі са спагнаньнем мытных збораў.

У 1386 годзе на Люблінскім сейме Ягайла быў абраны польскім каралём. У тым жа годзе ў Кракаве ён прыняў каталіцтва і атрымаў імя Ўладзіслава, быў абвянчаны з польскай каралевай Ядзьвігай, затым каранаваны. Пасьля каранацыі Ягайлы ў Кракаве з усіх літоўска-рускіх (у тагачасным разуменьні гэтых словаў) князёў была ўзятая прысяга на вернасьць каралю, каралеве і Кароне Польскай. Надзельныя князі станавіліся васаламі Польшчы і гублялі сваю самастойнасьць.

Падпісаньне Крэўскай уніі хоць і выклікала хвалю незадаволенасьці часткі літоўска-рускай шляхты, стала этапам да спыненьня барацьбы паміж дзвюма дзяржавамі за паўднёва-заходнія рускія землі (апошні этап вайны за галіцка-валынскую спадчыну адбываўся ў форме падаўленьня сумеснымі польска-літоўскімі намаганьнямі самастойнасьці князя Хведара Любартовіча) і спрыяла пашырэньню іх межаў да ўзьбярэжжа Чорнага мора.

7 жніўня 1559 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надзяліў Крэва магдэбурскім правам. Да канца XVIII стагодьдзя мястэчка карысталася гербам.

Крэва моцна пацярпела падчас вайны Маскоўскага княства з Рэччу Паспалітай, пасьля чаго пачаўся ягоны заняпад. Войскі Маскоўскай дзяржавы двойчы спусташалі Крэва: у 1655 і 1659 гадах.

Да нашага часу тут захаваліся рэшткi замка кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, помнік архітэктуры XIV стагодьдзя, які істотна пацярпеў ад расійскай артылерыі ў часы Першае сусьветнае вайны.

Замак князя Альгерда (рэшткi)

На сёньняшні дзень ад замка заставаліся толькі маляўнічыя руіны. Гісторыя замка багатая на падзеі. У 1338 годзе Вялікі князь Літоўскі Гедымін пасадзіў у Крэве ў замку князем свайго сына Альгерда. Гэта першая згадка пра замак, і гэтая дата лічыцца афіцыйнай датай пабудовы.

У Крэве знаходзілася рэзідэнцыя Ягайлы, пазбаўленага трона сваім дзядзькам Кейстутам. 12 чэрвеня 1382 года прыхільнікі Ягайлы зладзілі ў Вільні пераварот, занялі Тракай. Кейстут з сынам Вітаўтам з войскам прыбыў у замак на перамовы і былі ўзятыя ў палон. 15 жніўня 1382 года па загадзе Ягайлы Кейстут быў задушаны. Некаторы час Ягайла трымаў у зьняволеньні і Вітаўта, але будучаму пераможцу Грунвальдскай бітвы удалося збегчы, перапрануўшыся ў жаночую сукенку.

У 1443 годзе замак боем узяў Свідрыгайла. У пачатку XVI стагодьдзя замак стане асноўным абаронным пунктам ад маскоўскіх войскаў, гэтак жа, як да гэтага ён абараняў Беларусь ад тэўтонскага ордэна. Да пачатку XIX стагодьдзя ён быў практычна закінуты, а мясцовыя жыхары сталі разьбіраць яго па камянях. Такі ж лёс напаткаў і Лідзкі замак.

Крэўскi замак (фантазiя мастака)

Аб самім замку сёньня вядома няшмат. Прыгонныя сьцены ўтварылі ў плане няправільны чатырохкутнік. Вялікая чатырох’ярусная вежа ў паўднёвым куце выступала за сьцяну грувасткім масівам. Яна служыла для мэтаў абароны і была адначасова жытлом князя. У падзямельлі вежы знаходзілася турма. Сьвятло ў памяшканьні вежы пранікала праз спічастыя вокны; спічасты абрыс мелі і байніцы ў верхняй частцы сьцяны. Таўшчыня сценаў дасягала двух з паловай мэтраў, вышыня да 12 мэтраў. Сьцены былі складзеныя ў падставе з валуна, а ў верхняй частцы – з цэглы. Звонку замак акружаўся ровам з вадой.

Каардынаты: 54.309268, 26.282315.

Касьцёл Перамяненьня Пана

Гісторыя касьцёлу ў Крэва сягае ў XIII стагодьдзе. Касьцёл шмат разоў разбуралі, і кожны раз ён адбудоўваўся. У 1626 храм аднаўляў Гаштольд. У 1704 Закрэўскі фундаваў касьцёлу 2 алтары і ахвяраваў фальваркі Закрэўшчына і Таншчызна.

У 1868 храм быў перароблены пад праваслаўную царкву. Старажытны барочны касьцёл канчаткова быў зруйнаваны падчас Першае сусьветнае вайны, калі праз Крэва праходзіла лінія фронту.

Пабудаваны ў 1934–1936 гадох з дрэва касьцёл на месцы ранейшага храма ў 1961 касцёл быў зачынены і прыстасаваны пад бальніцу. Пры гэтым ад сакральнай архітэктуры захаваўся толькі крыжасты план сьвятыні, у астатнім усё было зьмененае: зьніклі вежы, быў разабраны дах і надбудаваны другі паверх. З алтарнай пліты зрабілі ўваходны прыступак. У 2003 годзе будынак быў разабраны.

У 1997 гады на яго месцы ўзьвялі мураваны касьцёл пад тытулам Перамяненьня Пана. Гэта велічны дзвюхвежавы зальны храм у стылі нэабарока з сакрыстыяй у прамакутнай апсыдзе, які сваімі 2 вежамі ў нечым апелюе да архітэктуры ранейшага касьцёлу. За касьцёлам захаваліся драўляныя будынкі былога плябаннага комплексу.

Каардынаты: 54.311623, 26.284769.

Царква сьвятога Аляксандра Неўскага

Сьвята-Аляксандра-Неўская царква, помнік архітэктуры рэтраспектыўна-расейскага стылю, была пабудаваная ў 1854 годзе з бутавага каменю і цэглы. У 1928 годзе царква была адноўленая.

Каардынаты: 54.309835, 26.288568.