Смаргонскі раён

Нястанiшкi (Шыманэлi, Каробкi)

Нястанiшкi – невялікая вёска за 10 кілямэтраў на захад ад возера Сьвір.

Касьцёл Мацi Божай Добрай Рады

Першы касьцёл у Нястянiшках быў заснаваны па фундацыі Багдана Андрэевіча з Паніжанаў у 1497 годзе і першапачаткова быў асвечаны пад тытулам Найсьвяцейшае Тройцы, Найсьвяцейшае ПаАнны Марыі, Сьвятога Міхала і Сьвятога Барталямэя Апостала.

У XVI стагодьдзі падчас пашырэньня кальвінскага веравызнаннья фундушовая маёмасьць касьцёла была адабраная рэфарматарамі, занядбаная сьвятыня стаяла ў зруйнаваным стане. Толькі ў 1609 годзе сьвірскі плябан ксёндз Войцэх Кульчынскі аднавіў тут каталіцкае жыцьцё, а адбудаваны ў 1616 годзе касьцёл залічыў як філіяльны да сьвірскай парафіі.

Касьцёл быў пашкоджаны падчас вайны 1654–1667 гадоў і адбудаваны ў 1668 годзе. У 1746 годзе тагачасны пробашч ксёндз Павел Ядлінскі пабудаваў новы драўляны касьцёл, і з таго часу Нястанішкі зноў сталі самастойнай парафіяй. У 1760 годзе Максіміліян і Анастасія Розэнфэльды зафундавалі пры бакавым алтары Божай Апекі аднайменную альтарыю. У 1797 годзе ксёндз Пётр Антоній Курчэўскі, канонік інфлянцкі, значна рэканструяваў касьцёл. Будынак быў павялічаны, інтэр’ер упрыгожвалі 5 алтароў. У гэты час касьцёл захаваў толькі тытул Найсвяцейшай Тройцы. Гэта была дзвюхвежавая сьвятыня з рысамі барока і нэарамантызму. Вертыкальна ашаляваны галоўны фасад увенчвалі 2 чацверыковыя вежы-званіцы пад фігурнымі трох’яруснымі купаламі. Верагодна, касьцёл аднаўлялі ў XIX стагодьдзі, калі касьцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай з чырвонай цэглы. Пры касьцёле дзейнічала Брацтва 5 ран Збаўцы, заснаванае ў 1740 годзе Янам Хялхоўскім, а таксама шпіталь і парафіяльная школка.

10 ліпеня 1905 года тагачасны пробашч ксёндз Казімір Цежык асьвяціў фундамант новага мураванага касьцёла, які быў закладзены ў 100 сажанях ад старога драўлянага касьцёла, пры парафіяльных могілках. У 1911 годзе будаўніцтва касьцёла ў стылi нэаготыкi, якое вялося на сродкі парафіян, было скончанае, і 10 ліпеня 1912 года ксёндз Казімір Валюнас, сьвірскі дзекан, асьвяціў касьцёл пад новым тытулам – Найсьвяцейшай Панны Марыі Добрай Рады. Кансэкраваў новы касьцёл у 1928 годзе віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

Касьцёл Маці Божай знаходзіцца за два кіляметры на поўнач ад вёскі, хутчэй, нават блiжэй да вёскі Шыманэлі.

Каардынаты: 54.769648, 26.321556.