Смаргонскі раён

Солы

Солы – вёска на рацэ Ашмянцы, знаходзiцца за 15 кiлямэтраў на захад ад Смаргоні, за 252 кiлямэтра ад Горадні. Солы – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Упершыню Солы згадваюцца ў XVI стагодьдзі як шляхецкае мястэчка Віленскага ваяводзтва.

У канцы Першае сусьветнае вайны пра гэтую невялікую вёсачку даведалася ўся Эўропа, а можа, і ня толькі яна. 4 сьнежня 1917 года ў Солах прадстаўнікі 2-га, 3-га і 10-га армiй на чале з радавым Салігаліцкага палка 81-1 пяхотнай дывізіі бальшавіком С. Я. Шчукіным падпісалі перамір’е з немцамі. Баявыя дзеяньні на працягу ўсяго фронту ад Відзаў да Прыпяці з 5 сьнежня былі спыненыя на два месяцы. Праз 10 дзён, 15 сьнежня 1917 года перамір’е падпісалі ўжо ў Брэст-Літоўску, надаўшы пагадненьню больш шырокі статус.

* * *

Солы абавязкова варта наведаць тым, хто цікавіцца архітэктурай і славутасьцямі першага парадку. Тут ёсьць касьцёл, няхай і параўнальна малады, але які па праве ўваходзіць у галоўны ТОП-славутасьцяў Гарадзенскай вобласьці нароўні з Гервятамі, Мураванкай і Сынкóвічамі.

Касьцёл Маці Божай Ружанцовай

Каталіцкі прыход у Солах заснаваны ў 1589 годзе. Тады ж быў пабудаваны першы драўляны касьцёл на сродкі гетмана Хрыстафора Радзівіла. Храм неаднаразова разбураўся, у прыватнасьці, падчас руска-польскай вайны 1654–1667 гадоў, затым падчас напалеонаўскага нашэсьця, але кожны раз адбудоўваўся нанова.

У 1926–1934 гадах на месцы старога драўлянага храма быў узьведзены сучасны мураваны будынак. Нэабаркавы касьцёл з элемэнтамі стылю мадэрн будаваўся па праекце архітэктара А. Дубановіча. Будаўніцтва ішло на сродкі прыхаджанаў, усяго было затрачана 540 тысяч злотых.

Заслугоўваюць увагу фрэскі касьцёла, напісаныя, хутчэй за ўсё, у 1934 годзе: «Абарона Чанстаховы», якая адлюстроўвае абарону Яснагорскага кляштара ў 1655 годзе падчас швэдзкага Патопу, і «Цуд над Віслай» у гонар перамогі польскіх войскаў над Чырвонай арміяй у 1920 годзе.

Па Другое сусьветнае вайны касьцёл не закрываўся і працягваў заставацца дзейным..

Каардынаты: 54.516146, 26.180315.

Апсыда касьцёла

Дэталi фасада

Iнтэр’еры касьцёла