Сьвіслацкі раён

Новы Двор

Новы Двор – вёска на рацэ Мядзянцы, цэнтар сельсавету Сьвіслацкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2025 год складала 160 чалавек. Знаходзіцца за 38 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Сьвіслачы.

Новы Двор – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Новы Двор датуецца 1409 годам, калі ён знаходзіўся ў валоданьні вялікага князя Вітаўта. Паселішча значыцца на мапах 1508, 1613 і 1654 гадох. У 1551 годзе празь мястэчка з Кракава ў Вільню праходзіў пахавальны картэж зь целам Барбары Радзівіл.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) Новы Двор спалілі швэдзкія войскі. У пачатку сьнежня 1655 году непадалёк ад мястэчка тутэйшая шляхта атрымала перамогу над маскоўскімі захопнікамі. Прыкладна ў другой палове XVII стагодьдзя Новы Двор атрымаў Магдэбурскае права і герб, пацьверджаныя каралямі і вялікімі князямі Янам Казімерам (3 жніўня 1661 году), Міхалам Карыбутам Вішнявецкім (20 сакавіка 1670 году), Янам Сабескім, (20 студзеня 1679 году), Аўгустам Моцным (28 лістапада 1718 году) і Аўгустам Сасам (14 лістапада 1744 году). У 1692 годзе сярод вернікаў мясцовай парафіі ўпаміналася старалітва.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Новы Двор апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ваўкавыскім павеце Гарадзенскай губэрні.

13 траўня 1863 году каля Новага Двору адбылася сутычка расейскіх карных войскаў і 40 казакаў з паўстанцамі. Захаваліся імёны сялянаў зь мястэчка Новы Двор, удзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864), якіх пазьней рэпрэсавалі ўлады Расейскай імпэрыі. Сярод іх значацца Франц Ярашэвіч, Восіп Грушэўскі, Франц Раманоўскі, Антон Грушэўскі, Максім Завістоўскі, Фёдар Кулік, Станіслаў Грушэўскі і Міхал Ганчарэвіч.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Новы Двор занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новы Двор абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Новы Двор увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Новы Двор увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Царква сьвятога Мiхала Арханёла

17 верасьня 1867 году ў Новым Двары асьвяцілі новую царкву-мураўёўку. У 1964 годзе яна была разабраная. Сёньня на яе месцы знаходзіцца помнік савецкаму салдату.

Новы прыход быў зарэгістраваны 21 чэрвеня 1993 года. Храм асьвечаны ў 1994 годзе. Знаходзіца ў 30 мэтрах па левым баку ад старой царквы.

У 2004 годзе быў пастаўлены новы іканастас. У 2008 годзе вакол храма была ўсталяваная агароджа.

Пры храме дзейнічае нядзельная школа.

Каардынаты: 52.828281, 24.352901.