Сьвіслацкі раён

Поразаў

Поразаў – мястэчка на рацэ Росі, цэнтар сельсавету Сьвіслацкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 864 чалавекі. Знаходзіцца за 22 кiлямэтры ад Сьвіслачы, за 112 кiлямэтраў ад Горадні; празь вёску праходзяць аўтамабільныя дарогі на Сьвіслач, Ваўкавыск, Ружаны.

Поразаў – магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваліся касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла ў стылі клясыцызму і палацава-паркавы комплекс Бутаўт-Андрайковічаў, помнікі архітэктуры XIX стагодьдзя.

Упершыню Поразаў упамінаецца ў XV стагодьдзi як каралеўскае мястэчка Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага. Паводле некаторых зьвестак, у 1460 годзе Ян Рыдвід заснаваў тут касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.

У 1506 годзе вялікі князь Аляксандар надаў Поразаву Магдэбурскае права (29 чэрвеня 1518 і 27 сакавіка 1523 году атрымала яго паўторна). У рэвізорскім лісьце ад 4 сьнежня 1615 году зазначалася: «…король его милость Жыгимонт Першый ствержает иж право им майдэборскае от короля его милости Александра наданое…». У чэрвені 1616 году Поразаў атрымаў герб: «у блакітным полі постаць Панны Марыі зь дзіцём Езусам на руках». У 1645 годзе сярод вернікаў Поразаўскай парафіі ўпаміналася старалітва. Мястэчка пацярпела ад пажару 1767 году.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Поразаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі; дзяржаўны маёнтак, цэнтар воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. На 1878 год у мястэчку было каля 300 дамоў. У канцы XIX стагодьдзi у Поразаве дзеялі царква, касьцёл і юдэйскі малітоўны дом, працавалі вучэльня, аптэка і некалькі крамаў.

У XIX — пачатку XX стагодзьдзя мястэчка атрымала вядомасьць цэнтру вытворчасьці керамікі (працавала каля 200 майстроў).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Поразаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Поразаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Поразаўскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Поразаў увайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году ён апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ваўкавыскім павеце Беластоцкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Поразаў увайшоў у склад БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стала цэнтрам раёну і з 12 кастрычніка 1940 году — сельсавету. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 15 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

30 красавіка 1958 году Поразаў атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.

1 сьнежня 2019 году Рэспубліканская навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры Беларусі ўхваліла ўлучэньне ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі традыцыі прыгатаваньня пірага «Поразаўская банкуха» ў Поразаве і суседніх Карэвiчах.

Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла

Касьцёл сьвятога Міхала Арханёла – помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя, знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычнай Слонімскай вуліцы, дзее. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму.

Першы драўляны касьцёл ў Поразаве заснавалі ў 1460 годзе ўладальнікі маёнтку Забярэзінскія. У 1511 годзе фундуш пацьвердзіў вялікі князь Жыгімонт Стары.

У 1767 годзе будынак касьцёла згарэў. Да 1769 годзе яго адбудавалі.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Поразаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. Аднак у 1797 годзе будынак згарэў ад маланкі. Набажэнствы адпраўляліся ў часовай капліцы.

У 1825 годзе пачалося будаваньне мураванага касьцёла. 28 верасьня 1828 годзе адбылося асьвячэньне новага касьцёла. У 1830 годзе пры касьцёле пачала дзеяць парафіяльная школа. Паміж 1830 і 1840 гадам перад касьцёлам збудавалі браму-званіцу.

27 траўня 1992 году пры касьцёле пачаў дзеяць кляштар францішканаў, які разьмяшчаецца ў новай плябаніі, збудаванай у 1988–1989 гадох.

Каардынаты: 52.936899, 24.367706.

Касьцёл. Старая плябанiя

Царква Сьвятой Жываначальнай Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодзьдзя (мураўёўка), знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на рагу гістарычных Ваўкавыскай і Слонімская вуліцаў, дзее. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Поразаве збудавалі ў 1872 годзе на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду, якая згарэла ў 1868 годзе. За савецкім часам царква не зачынялася.

Каардынаты: 52.937191, 24.364647.

Палацава-паркавы комплекс Бутаўт-Андрайковічаў

Палацава-паркавы комплекс Бутаўт-Андрайковічаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. у Поразаве. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне мястэчка, на беразе ракі Росі, у мясцовасьці Багудзенках. Твор архітэктуры клясыцызму з рысамі барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з палаца і парку.

Сядзіба ў Багудзенках сфармавалася ў сярэдзіне XIX стагодьдзя, тады ж збудавалі драўляны палац.

За савецкім часам у палацы разьмясьцілася лякарня.

Каардынаты: 52.946663, 24.378646.

Выканкам

Поразаў. Замалёўка