Сьвіслацкі раён

Сьвiслач

Сьвіслач – места ў каля вытокаў ракі Сьвіслачы, адміністрацыйны цэнтар Сьвіслацкага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год складала 6.426 чалавек. Знаходзіцца за 90 кiлямэтраў на поўдзень ад Горадні, за 3 кiлямэтры ад аднайменнай чыгуначнай станцыі (лінія Ваўкавыск – Сьвіслач).

Сьвіслач – даўняе мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Захаваўся будынак гімназіі ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся комплекс францішканскага кляштару з Траецкім касьцёлам, мескія брамы на Берасьцейскай, Варшаўскай і Рудаўскай вуліцах, а таксама пастаўлены на Рынку ў гонар Сьвіслацкага кірмашу абэліск, помнікі гісторыі і архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў, зьнішчаныя супольнымі намаганьнямі расейскіх і савецкіх уладаў.

Тапонім Сьвіслач, відаць, утварыўся ад назвы ракі. У сваю чаргу адпаведны гідронім мае яцьвяскае паходжаньне, і азначае «балота, вільгаць». Назву места зьвязваюць з ракой Віслай, адкуль рухаліся славянскія плямёны, або з ракой Сьвіслаччу, левым прытокам Нёмана.

Першы пісьмовы ўпамін пра Сьвіслач зьмяшчаецца ў Іпацьеўскім летапісе і датуецца 1256 годам: «Поиде Данило на Ятвязе с братом и сыном Львомъ и с Шварном младоу соушоу емоу и посла по Романа в Новъгородонъ и со Изяславом со Вислочьскимъ и со всего сторонеи приде Самовить со Мазовшаны и помочь о Болеслава со Соудимирцы и Краковляны»

У ХIII стагодзьдзі Сьвіслач стала сталіцай удзельнага княства, якое неўзабаве далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Пазьней паселішча знаходзілася ў валоданьні вялікіх князёў, а з 1507 году стала цэнтрам Сьвіслацкага староства Ваўкавыскага павету. У 1523 годзе Сьвіслач атрымала статус мястэчка. З 1563 году яна знаходзілася ў валоданьні Яна Хадкевіча, які ў 1572 годзе зьмяняў Сьвіслач на Ляхавічы.

Зь сярэдзіны XVI стагодьдзя Сьвіслач перайшла да Заслаўскіх, у 1581 годзе – зноў да Хадкевічаў. У 1667 годзе ўладаром мястэчка стаў Крышпін-Кіршэнштэйн. У 1668 годзе тут збудавалі Траецкі касьцёл, пры якім дзеяла парафіяльная школа. Таксама існавала царква Анёла-Ахоўніка.

У 1778 годзе Сьвіслач перайшла ў валоданьне Вінцэнта Тышкевіча, сэнатара Вялікага Княства Літоўскага, якія ажаніўся зь пляменьніцай караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Новы гаспадар правёў рэканструкцыю мястэчка, уладкаваў у цэнтры Рынак, заснаваў заапарк, тэатар з капэлай, парк. У 1793 годзе Сьвіслач увайшла ў Гарадзенскае ваяводзтва. У канцы XVIII стагодзьдзя тут праводзіліся вялікія кірмашы.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сьвіслач апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскай, потым Літоўскай губэрні. З 1801 году мястэчка стала цэнтрам воласьці Ваўкавыскага павету Гарадзенскай губэрні. У 1804 годзе Вiнцэнт Тышкевіч заснаваў тут гімназію, якую ў 1851 годзе пераўтварылі ў дваранскую вучэльню. Сярод яе навучэнцаў – Кастусь Каліноўскі, Восіп Кавалеўскі, Станіслаў Горскі, Юзэф Крашэўскі, Напалеон Орда, Рамуальд Траўгут. На 1833 год у мястэчку было 1 мураваны і 146 драўляных будынкаў.

 

Сьвiслач. У цэнтры мястэчка. Напалеон Орда, 1875

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ваколіцы Сьвіслачы сталі месцам актыўных ваенных дзеяньняў паміж паўстанцкімі аддзеламі і расейскімі карнымі войскамі, а само мястэчка на пэўны час вызвалілі з-пад расейскага панаваньня. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, тут было 526 будынкаў (24 мураваныя і 502 драўляныя), 6 гарбарных, піваварнае і медаварнае прадпрыемствы, сельская лячэбніца.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Сьвіслач занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сьвіслач абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны. За польскім часам тут дзеялі некалькі беларускіх нацыянальна-вызвольных арганізацыяў.

У верасьні 1939 году Сьвіслач увайшла ў БССР, дзе ў студзені 1940 году атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і стала цэнтрам раёну Беластоцкай вобласьці. У Другую сусьветную вайну з 26 чэрвеня 1941 да 17 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У лістападзе 1942 году нацысты расстралялі 1536 вязьняў жыдоўскага гета.

14 сьнежня 2000 году Сьвіслач атрымала статус места.

Будынак колiшняй гiмназii

18 верасьня 1804 году маскоўскі гаспадар Аляксандар I афіцыйна зацьвердзіў адкрыцьцё гімназіі з прапановы дырэктара вучэльняў Гарадзенскай губэрні Ю. Касакоўскага і з згоды гаспадара мястэчка графа Вінцэнта Тышкевіча, які ахвяраваў установе будынак і тысячу злотых на яго перабудову, а таксама завяшчаў 30 тысячаў рублёў серабром.

Гімназія мела статус губэрнскай і прымала навучэнцаў зь Берасьцейскага, Пружанскага, Кобрынскага, Ваўкавыскага, Слонімскага і Гарадзенскага паветаў.

У 1815 годзе па сьмерці Тышкевіча атрыманыя ў спадчыну грошы дазволілі кіраўніцтву гімназіі перавесьці яе на новы ўзровень, пашырыўшы колькасьць прадметаў і выкладчыкаў. У 1817 годзе тут існавалі падрыхтоўчая і 6 асноўных клясаў, 10 выкладчыкаў і каля 300 вучняў. Выкладаліся: польская, лацінская, грэцкая, нямецкая і француская мовы, арытмэтыка, альгебра, геамэтрыя, трыганамэтрыя, каморніцтва, прыродазнаўства, архітэктура, хімія, фізыка, права, палітэканомія, каліграфія, гісторыя, міталёгія, касмаграфія, садоўніцтва, батаніка, сельская гаспадарка, мінэралёгія, мараль, лёгіка, рыторыка, паэзія, эстэтыка, маляваньне, музыка, гімнастыка.

У 1819 годзе ў гімназіі ўзьніклі навуковыя гурткі «Навуковае» і «Маральнае», з афіцыйнай мэтай «удасканаліць айчынную мову». А з 1822 году пачало дзейнічаць таемнае студэнцкае таварыства «Заране», якое было раскрытае імпэрскімі ўладамі 11 кастрычніка 1823 году, пры гэтым 46 чалавек былі арыштаваны ці трапілі пад нагляд паліцыі. Частка настаўнікаў была пераведзена ў іншыя навучальныя ўстановы. Аднак усе гэтыя меры мала зьмянілі сытуацыю ўнутры гімназіі і ўжо ў 1825 годзе вайсковаму патрулю загадвалася бесьперапынна сачыць за гімназіяй, што не перашкодзіла тайнаму гуртку «Ваенныя сябры» заснаваць у гэтым годзе тут сваю філію.

Паводле гісторыка Андрэя Самусіка, у 1825 годзе ў Сьвіслацкай гімназіі гісторыю і геаграфію выкладаў Ян Чачот, аднак дасьледнікі біяграфіі паэта і фальклярыста сьцьвярджаюць, што з канца 1824 па травень 1825 году Ян Чачот адбываў шасьцімесячнае пакараньне ў крэпасьці Кізіл паводле справы віленскіх згуртаваньняў моладзі. Памылковая вэрсія ўзьнікла праз тое, што выкладчыкам ў гімназіі працаваў іншы Ян Чачот.

У час вызвольнага паўстаньня 1830–1831 гадоў рабілася спроба падрыхтаваць у Сьвіслачы выступленьне з удзелам гімназістаў, але плян ня быў зьдзейсьнены.

У 1834 годзе гімназія страціла статус губэрнскай, ёй стала гімназія ў Горадні. У Сьвіслачы захавалася павятовая гімназія, якую меркавалася перавесьці ў Слонім, а ў Сьвіслачы пакінуць толькі 5-клясную павятовую вучэльню для дваран. У 1845 годзе гімназія была пераведзена ў Шаўлі Ковенскай губэрні (у Сьвіслачы засталася павятовая вучэльня).

Апошняй спробай аднавіць у мястэчку гімназічную адукацыю было стварэньне ў 1860 годзе на базе вучэльнi першай у Расейскай імпэрыі 4-кляснай прагімназіі. Навучальны курс у якой адпавядаў першым 4 клясам поўнай гімназіі, куды потым выпускнікоў прагімназіі прымалі без экзаменаў у 5-ю клясу. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў расейскія ўлады сьпярша часова зачынілі прагімназію, а ў 1865 годзе – канчаткова яе ліквідавалі.

У гімназіі, а таксама ў вучэльні і прагімназіі, у каторыя яна пазьней была расфармавана, навучаліся Напалеон Орда, Рамуальд Траўгут, Кастусь Каліноўскі, Юзэф Ігнацы Крашэўскі.

Будынак колiшняй гiмназii. 1879

Каардынаты: 53.033910, 24.091649.

Вулiца 17 Верасьня. Алея Герояў

Помнiк Рамуальду Траўгуту

Помнік Рамуальду Траўгуту разьмешчаны на алеі па вуліцы 17 Верасня. Прысьвечаны аднаму з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863–1864 гадоў Рамуальду Траўгуту.

Помнік быў пастаўлены ў 1928 годзе, на 10-я ўгодкі аднаўленьня незалежнасці Польшчы. Аўтарамі скульптуры з’яўляліся мясцовы выкладчык Павел Бялак і варшаўскі архітэктар Збароўскі. У 1940 годзе помнік быў зьнішчылі савецкімі ўладамі. Адноўлены ў 1988 годзе па даваенных эскізах гродзенскім скульптарам Аляксандрам Анціпіным.

Каардынаты: 53.034844, 24.092222.

Помнiк Кастусю Калiноўскаму

Каардынаты: 53.035846, 24.094798. Адрас: скрыжаваньне вулiцаў Ленiна i Калiноўскага.

Легенда аб паходжаньнi Сьвiслачы. Памятны камень

Адрас: вулiца Ленiна, 2

Памятная дошка ў гонар Кастуся Калiноўскага

Адрас: вулiца Ленiна, 1 – Калiноўскага, 13.

Замалёўка

Пляц Карла Маркса

Райвыканкам

Каардынаты: 53.036195, 24.093140. Адрас: пляц Карла Маркса, 4.

Пляц Карла Маркса, 2

Вулiца Першамайская

Вулiца Першамайская, 3

Вулiца Першамайская, 5

Вулiца Першамайская, 7

Вулiца Першамайская, 15… 3

Вулiца Камсамольская (колiшняя Адольфа Бiтнэра)

Касьцёл сьвятога Францішка Асіскага

Першы касьцёл у Сьвiслачы быў заснаваны прыватнай фундацыяй яшчэ ў 1550 годзе, але ў часы рэфармацыі ён дзейнічаў як кальвінскі збор. Сьвятыня была вернута каталікам у 1630 годзе.

Новы драўляны касьцёл пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы быў пабудаваны ў 1666 годзе літоўскім падскарбіем Геранімам Крышпінам.

13 ліпеня 1943 года ў лесе каля паселішча фашыстамі быў расстраляны пробашч сьвіслацкага касьцёла ксёндз Юзаф Казлоўскі. У гады вайны касьцёл згарэў. Цяпер на месцы касьцёла знаходзіцца адміністрацыйны будынак (на скрыжаванні вулiцаў Леніна і Дзяржынскага, каля пляца К. Маркса). Захавалася толькі частка касьцёльнай агароджы.

1 мая 1990 года парафія ў Сьвіслачы была перададзена біскупам Тадэвушам Кандрусевічам пад апеку айцоў францiшканаў. Першым пробашчам адноўленай пасля доўгага часу парафіі стаў Францішак Навакоўскі. Новы касьцёл з чырвонай вонкавай цэглы пачалі будаваць у 1991 годзе. У архітэктуры святыні выкарыстаны рысы неагатычнага і неараманскага стыляў. Касьцёл быў асьвечаны 2 кастрычніка 1994 года арцыбіскупам Зянонам Грахалеўскім з Рыма.

Касьцёлу надалі тытул святога Францішка з Асізі. 4 кастрычніка 2004 года сюды быў перанесены з Гораднi старажытны абраз сьвятога Францішка ў сярэбраных шатах.

Каардынаты: 53.040886, 24.086778. Адрас: вулiца Камсамольская, 37.

Мэмарыяльны комплекс «Асiлак»

Асiлак – шырока вядомы беларускі фальклорны вобраз волата, які з’яўляецца абаронцам сваёй зямлі. Ён сымбалізуе звычайнага жыхара, басанога, у простай кашулі, міралюбнага (меч апушчаны ўніз), але гатовага ў любы момант адбіць напад ворага. Багатыр пільна глядзіць удалячынь днём і ноччу, заўсёды стаіць на варце роднай зямлі.

Помнік у Свіслачы быў адкрыты 16 ліпеня 1989 года, у 45-ю гадавіну вызваленьня горада. Аўтар – скульптар Павел Аксанавіч Цомпель, архітэктары – Ю. В. Казакоў і М. С. Карпюк. Скульптура выканана са зварных медных лістоў вышынёй 11,5 мэтраў. Па задумцы аўтара, скульптура беларускага волата – гэта сымбаль і ўвасобленая душа Сьвіслацкай зямлі.

Асноўны манумент – высокая скульптура моцнага мужчыны з мячом. Перад скульптурай створаная мэмарыяльная сьцяна, на якой на чыгунных плітах напісаны імёны 1162 загінуўшых мясцовых ураджэнцаў. Устаноўлена некалькі ўзораў ваеннай тэхнікі.

Каардынаты: 53.031491, 24.075740.

Знак на ўезьдзе ў места

Каардынаты: 53.042560, 24.085801.