Ваўкавыскі раён

Рось

Рось – мястэчка на рацэ Росі, цэнтар сельсавету Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 4.677 чалавек. Знаходзіцца за 15 кiлямэтраў на поўнач ад Ваўкавыску, за 65 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Горадні, на аўтамабільнай дарозе Ваўкавыск – Горадня. Чыгуначная станцыя на лініі Масты – Ваўкавыск.

Рось – мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны). Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Патоцкіх у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Рось утварыўся ад назвы ракі. На думку географа Вадзіма Жучкевіча, гідронім Рось мае этнанімічнае паходжаньне ад асновы рос.

Упершыню Рось ўпамінаецца ў ХVІ стагодзьдзі, калі яна ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага павету Наваградзкага ваяводзтва. Першым уладальнікам быў ваявода наваградзкі Аляксандар Хадкевіч, пазьней – ягоны сын Рыгор.

У канцы XVI стагодзьдзя Рось атрымала статус мястэчка. Да 1617 году ёй валодаў Геранім Хадкевіч. Ягоны сын Ян Хадкевіч з жонкай Кацярынай з Сапегаў прадалі ў 1644 годзе мясьціну Яну Ракоўскаму, а нашчадкі апошняга ў 1644 годзе – Юрыю Каралю Глябовічу. Па іх сьмерці Рось паводле спадчыны жаночай лініяй перайшла да Агінскіх (у 1674 годзе), пазьней – уладаньне Крыстыны Сапега, Мікалая Браніцкага, Патоцкіх. На 1690 год тут было 25 двароў, працавалі 2 карчмы.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Рось апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскай, пазьней Літоўскай губэрнях. З 1801 году мястэчка як цэнтар воласьці Ваўкавыскага павету ўвайшло ў склад Гарадзенскай губэрні. На 1836 год тут было 43 двары, дзеялі касьцёл і царква. З пабудовай у 1886 годзе Баранавіцка-Беластоцкай чыгункі ў Росі адкрылася чыгуначная станцыя. У канцы XIX стагодзьдзя тут працавалі школа, 4 крамы, 2 шавецкія майстэрні, шкіпінарны завод, вадзяны млын, ваўначоска.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Рось занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Рось абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 год Рось апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Ваўкавыскага павету.

У 1939 годзе Рось увайшла ў БССР, у Ваўкавыскі раён Беластоцкай вобласьці. 15 студзеня 1940 году статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 14 ліпеня 1944 году Рось знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

Першы драўляны касьцёл ў Росі збудавалі ў канцы XVI стагодьдзя. У 1682 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку Марцыяна Аляксандра Агінскага збудавалі новы драўляны касьцёл. У 1740 годзе ў Росі зьявілася місія Шчучынскага піярскага калегіюму. Пры парафіі дзеялі школа і шпіталь. У 1770 годзе з фундацыі новага ўладальніка мястэчка графа Яўхіма Патоцкага пачалося будаваньне мураванага касьцёла, якое, аднак, зацягнулася (на 1796 год будынак вымуравалі толькі да вокнаў).

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Рось апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1802 годзе аднавілася будаваньне касьцёла. 12 ліпеня 1808 году новы касьцёл асьвяціў ксёндз Францішак Цыбульскі. Таго ж году збудавалі мураваную плябанію. У 1838 годзе побач з касьцёлам паставілі драўляную званіцу. У 1872 годзе касьцельны пляц абнесьлі новай драўлянай агароджай.

У 1901–1903 гадох праводзіўся грунтоўны рамонт касьцёла. У 1914 годзе збудавалі мураваную касьцельную званіцу, дзе зьмясьцілі 3 званы. У 1924 годзе дах касьцёла пакрылі новай гонтай. У 1928 годзе сабралі сродкі на мураваную агароджу. У міжваенны час пры касьцёле дзеяў манаскі дом Сясьцёр Місіянэрак Сьвятой Сям’і. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся. У 1958 годзе праводзіўся рамонт даху з заменай крокваў, у 1985 годзе дах пакрылі бляхай.

У 1990-я гады парафіі цалкам вярнулі плябанію, у 1999–2002 гадох праводзілася рэканструкцыя касьцёла.

Каардынаты: 53.284186, 24.407415.

Званiца касьцёла

Царква Найсьвяцейшае Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы – помнік гісторыі пачатку XX стагодзьдзя (мураўёўка) у Росі. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, каля гістарычнага Рынку. Дзее. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Росі збудавалі ў 1908 годзе на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду.

Каардынаты: 53.283287, 24.405011.

Сядзібна-паркавы комплекс Патоцкіх

У XVII стагодьдзі ў Росьсi быў пабудаваны драўляны аднапавярховы палац. Новы будынак узвялі ў XVIII стагоддзі. Быў сфармірованы пэйзажны парк з сажалкай і воднымі каналамі. Да нашага часу ад сядзібы захаваўся парк і некалькі гаспадарчых пабудоваў. У тым ліку чатырохпавярховы вадзяны млын, які пабудаваны з цэглы і бутавага камяня.

Сядзiба Патоцкiх. Малюнак Напалеона Орды. 7.06.1877

Сядзiба Патоцкiх. Фотадымак 1914 года

Сядзiба Патоцкiх. Дом садоўніка

Забудова вулiцы Энгельса