Пеляса́ – вёска ў Вярэнаўскім раёне Гарадзенскай вобласьці, уваходзіць у склад Больцішскага сельсавета. Знаходзіцца за 43 кiлямэтры на паўднёвы захад ад Вярэнава, за 4,8 кiлямэтра ад Больцішкаў. Насельнiцтва вёскi па стане на 2014 год складла 167 жыхароў.
Назва паселішча перанятая з назвы ракі Пеляса́ (літ. Pelesа́), даплыву ракі Котры. У аснове гэтага гідроніма корань Pel- (яго варыяцыя Pal- у назве дзвінскай ракі Палата́), ён зьвязаны з літоўскім pelkė, pala «балота», palios «вялікае балота на месцы зарослага возера», paļi «паводка, затапленьне вадой прылеглай да ракі мясцовасьці», palas «забалочаны бераг возера». Корань Pel- пашыраны балцкім гідранімічным пашыральнікам -es-, які аднаўляецца ў назвах рэк Лучоса, Ачоса, Воўчас (< Laukesa, Akesa, Vilkesa). Назву рэчкі Пеляса можна ўмоўна перакласці як «Балачанка».
Вёска вядомая з 15 стагодьдзя. Да 1492 года – зямля ў Васілішкаўскім павеце ВКЛ, на рацэ Пеляса, дзяржаўная ўласнасьць. З 1492 года – ўласнасьць Юндзіла Рачкавіча, які пабудаваў тут «дварэц». У XVI стагодьдзi належала Юндзіловічам, Нарбутовічам, Міхневічам і іншым. У 1529 годзе каралеўскі чашнік М. Андрашовіч пабудаваў мост і гаць на рацэ Пеляса і браў мыту за праезд. У 1536 года маёнтак гаспадарскага баярына Ю. Даўгірдавіча. У 1553 годзе згадваецца касьцёл. У 1559 года цэнтар каталіцкай парафіі, касьцёл меў 2 дымы сялян. У 1567 годзе – маёнтак М. Юндзіла, які ставіў у войска каня, частка ў зямянкі Нялюбы (6 коней). У 1585 годзе ўладаньне Грынявіцкага, у 1599 годзе – Нялюбовіча, каралеўскага маршалка Курча. У 1602 годзе ён запісаў маёнтак жонцы С. Сапяжанцы. У 1690 годзе маёнтак у Забалацкай парафіі, шляхецкая ўласнасьць. У 1787 годзе сяло, цэнтр войтаўства Барцянскага староства Лідзкага павета ВКЛ.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Пеляса апынулася ў складзе Расейскай імперыі, у Віленскай, з 1797 года Літоўскай, з 1801 года Гарадзенскай, з 1842 года Віленскай губернях. У сярэдзіне XIX стагодьдзя вёска ў Радунскай воласьцi Лідзкага павета Віленскай губэрнi, дзяржаўная ўласнасьць.
З 1921 года ў складзе Польшчы, 63 двары, 317 жыхароў; у Радунскай гміне Лідзкага павета Наваградзкага ваяводзтва. З 1931 года літоўская школа, з 1932 г. польская.
З лістапада 1939 года ў складзе БССР.
У 1944 годзе ў вёсцы пераважала літоўскае насельніцтва. У Пелясе дагэтуль фіксуецца аўтахтонны астравок літоўскамоўнага насельніцтва. У 1994 годзе была зарэгістраваная мясцовая суполка літоўцаў.
Касьцёл сьвятога Лінуса
Касьцёл Святога Лінуса – каталіцкі храм, помнік архітэктуры эклектыкі з выкарыстаньнем стылізаваных формаў мадэрна i готыкі.
Парафіяльны касцёл ў складзе Лідзкага дэканата заснаваны ў 1553. Магчыма, гэтая святыня знікла падчас «швэдзкага патопу» 1654–1667 гадоў ці была скасаваная, паколькі адзначалася як «найбяднейшая». Па некаторых зьвестках, да адраджэньня самастойнай парафіі тут дзейнічала капліца ад вавёрскай парафіі.
Адраджэньне парафіі адбылося толькі ў 1917 годзе, калі тут быў пабудаваны драўляны касьцёл, асьвечаны пад тытулам Сьвятога папы Лінуса. У 1935 годзе на месцы драўлянага ўзьнёсья ўжо каменны касьцёл, пабудаваны з бутавага каменю і атынкаванай цэглы ў даволі эклектычным стылі з выкарыстаннем стылізаваных форм готыкі. 23 верасьня таго ж года яго пад гістарычным тытулам асьвяціў ксёндз прэлат Беляўскас. Фундатарам сьвятыні стаў ксёндз Будрэцкіс, а будаўніцтвам кіраваў ксёндз Туцінас.
У 1956 годзе савецкія ўлады касьцёл зачынілі і прыстасавалі яго пад збожжасховішча, сьцягнуўшы купал вежы трактарамі.
Толькі ў 1989 годзе будынак сьвятыні вярнулі парафіянам. Пакуль ішла рэстаўрацыя, вернікі зьбіраліся ў капліцы, пабудаванай у «балцкім стылі» каля парафіяльных могілак. 23 верасьня таго ж года арцыбіскуп Юліус Сьцепанавічус аьсвяціў адбудаваны касьцёл.
Каардынаты: 53.950252, 24.983164.





Помнік князю Вялікага Княства Літоўскага Вітаўту
Помнік Вітаўту, князю Вялікага Княства Літоўскага, адчынены 23 верасьня 2010 года. Мерапрыемства было прымеркаванае да 600-годьдзя Грунвальдзкай бітвы. Скульптар – Альгімантас Сакалаускас. Помнік усталяваны паміж будынкамі сярэдняй школы і касьцёла святога Ліна. Вышыня – больш за 6 мэтраў, матэрыял – асаблівая парода дуба ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай нацыянальнай разьбы па дрэве. Князь намаляваны ў выяве сярэднявечнага рыцара з каронай, які ў левай руцэ трымае скіпетр – сымбаль улады, а правай абапіраецца на меч.
Каардынаты: 53.950519, 24.982231.



