Вярэнаўскі (Воранаўскi) раён

Радунь

Ра́дунь – мястэчка на рацэ Радуньцы, цэнтар сельсавету Вярэнаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 2229 чалавек. Знаходзіцца за 30 кiлямэтраў ад Вярэнава, 93 кiлямэтры ад Горадні, 24 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Бастуны (лінія Вільня – Ліда). Вузел аўтамабільных дарог на Вільню, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну.

Радунь – даўняе магдэбурскае места гістарычнай Лідчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Ра́дунь, найбольш імаверна, утварыўся ад назвы ракі Радунькі.

Паводле археалягічных зьвестак, старажытнае славянскае паселішча зьявілася тут каля ХІ стагодьдзя. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Радунь зьмяшчаецца ў хроніцы «Манумэнта Германіка» ў аповедзе пра крыжовы паход нямецкіх рыцараў супраць балтыйскіх плямёнаў і датуецца 1217 годам. У 1259 годзе паселішча далучылася да дзяржавы Міндоўга, у Дайноўскім княстве. У XIV стагодьдзя. Радунь атрымала статус мястэчка, на 1328 год тут было 5 вуліцаў і Рынак, працавалі 4 крамы і 12 заможных гандляроў.

У 1387 годзе Радунь ўпамінаецца ў грамаце вялікага князя Ягайлы князю Скіргайлу Альгердавічу, якому перадалі «град Радыня и вся тая волость со всякою службою, все люди и села…». У ХIV–ХVII стагодзьдзях у ваколіцах Радуні (за 2 кiлямэтры ад мястэчка, цяпер вёска Гарадзішча) існаваў замак. У 1440 годзе Радунь упамінаецца як гаспадарскі двор, уладаньне вялікага князя Казімера.

У ХV–ХVI стагодзьдзях Радунь была цэнтрам староства ў складзе каралеўскай эканоміі. У актах вялікіх князёў Аляксандра і Жыгімонта Старога адміністратары ў Радунскім старостве называюцца намесьнікамі і дзяржаўцамі. У 1522 годзе за пазыку грошай (1000 коп) Жыгімонт Стары перадаў гаспадарскі двор Радунь намесьніку і дзяржаўцу староства, ваяводзе падляскаму і маршалку гаспадарскаму Я. Касьцевічу (1498–1527). У 1528 годзе ўпамінаецца Радунскі павет у Троцкім павеце, які меў сваю ўзброеную харугву. На 1538 год у мястэчку было, апрача Рынку, 7 вуліцаў і 210 хрысьціянскіх дамоў.

Радунскі замак

Радунскі замак (таксама вядомы як Замак каралевы Боны, Швэдзкі вал) – колішні замак, рэшткі якога размешчаны на ўзвышшы сярод забалочанай мясцовасці на беразе ракі Радунька на паўднёвы ўсход ад вёскi Гарадзішча.

У XIV–XVII стагодьдзя замак быў вялікакняскай маёмасьцю. Паводле народнага паданьня, перад тым як з’ехаць у Белавескую пушчу, у Радуньскім замку нейкі час жыла каралева Бона. Як было напісана вышэй, на поўначы Лідзкага павета было некалькі «замкаў каралевы Боны». У 20 кастрычніка 1536 года у прысутнасьці вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога была падпісаная дамова пра шлюб Барбары Радзівіл і Станіслава Гаштольда.

Гiсторык Вандалін Шукевіч лічыў, што так званы замак Боны ў Радуні гэта былы двор старасты, які застаўся з часоў, калі існавала Радуньскае староства.

Умацаваны гаспадарскі двор радуньскага старасты (замак), сярэдзiна XVI стагодьдзя. Рэканструкцыя П. Татарнікава

У сярэдзіне ХVI стагодьдзя утварыўся Радунскі дэканат у складзе 11 парафіяў (7.522 вернікі). У 1556 годзе ў мястэчку збудавалі драўляны касьцёл. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Радунь як цэнтар староства ўвайшла ў склад Лідзкага павету Віленскага ваяводзтва. Радунскае староства падзялялася на 4 войтаўствы. У мястэчку быў 141 двор, дзеяў касьцёл (заснаваны каралевай Бонай, 1541 год).

У 1649 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі чырвоны рак».

У 2-й палове ХVIІI стагодзьдзя Радунь перайшла ў валоданьне Тышкевічаў. У 1777 годзе ў Радунскім дэканаце працавалі 11 школ, у 1781 годзе – 6 шпіталяў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Радунь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Лідзкім павеце з 1797 году Літоўскай, з 1801 году Гарадзенскай, з 1842 году Віленскай губэрняў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Радунь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Радунь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921 год) Радунь апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Лідзкага павету.

У 1939 годзе Радунь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам раёну. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. Да пачатку 1950-х гадоў у ваколіцах Радуні НКВД-КГБ вяло змаганьне з антысавецкім падпольлем. 30 красавіка 1958 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. 25 сьнежня 1962 году Радунскі раён расфармавалі, мястэчка ўвайшло ў склад Вярэнаўскага раёну.

Касьцёл Маці Божай Ружанцовай

Касьцёл Маці Божай Ружанцовай – помнік архітэктуры першай паловы XX стагодзьдзя, знаходзіцца ў паўднёвай частцы мястэчка, на гістарычнай Касьцёльнай вуліцы. Дзее. Твор архітэктуры мадэрну з рысамі нэаготыкі.

Першы драўляны касьцёл у Радуні ў 1556 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1538 годзе) фундавала вялікая княгіня Бона Сфорца. У 1660 годзе яго аднавілі. Два чарговыя драўляныя касьцёлы збудавалі ў 1662 і ў 1752 гадох.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Радунь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1801 годзе збудавалі новы драўляны касьцёл. Апошні драўляны касьцёл паставілі ў 1838 годзе. Пры касьцёле дзеяла парафіяльная школа.

У 1929–1933 гадох побач з старым драўляным збудавалі новы мураваны касьцёл паводле праекту архітэктара Яна Бароўскага. За савецкім часам касьцёл не зачыняўся (стары касьцёл згарэў). У 1954 годзе будынак касьцёла пафарбавалі ўсярэдзіне, у 1986 годзе – звонку.

Каардынаты: 54.042227, 24.990567.

Ешыбот

Радуньскі ешыбот пабудавалі ў 1882 годзе. Заснаваў школу знакаміты рабін Хафец Хаім. Пра рабіна і яго школу захавалася нямала ўспамінаў. Напрыклад, будучы савецкі лекар, доктар медыцынскіх навук Мануіл Салавей быў асабіста знаёмы з рабінам і часта бываў у яго ў гасьцях у Радуні.

У зборніку «Бяседы М. Г. Салаўя з Ільлём Дворкіным» Мануіл Салавей узгадвае, што да 1917 года ўрокі ў ешыбоце праводзіліся штодня. У рабіна навучалася каля 300 чалавек – заняткі праходзілі ў вялікай зале, дзе пазьней паказвалі кіно. Па словах Салаўя, пад стольлю павінен быў захавацца надпіс на іўрыце: «Ешыва Хафец Хаіма».

Памёр Хафец-Хаім у 1933 годзе ў Радуні. Вучні і жыхары вёскі сабралі грошы, каб паставіць памятны камень. Пазьней, па ўспамінах Салаўя, мясцовыя ўлады загадалі зьнішчыць магілу Хаіма і яшчэ некалькіх настаўнікаў ешыбота. «Усё разбурылі. Шум быў на ўвесь свет, вядома. Але ім напляваць на ўсё гэта», – успамінае Салавей. Канкрэтныя гады, калі гэта адбылося, ён не назваў. У 1953 годзе савецкія ўлады ператварылі будынак ешыбота ў Дом культуры.

У незалежнай Беларусі Радунь стала папулярным месцам сярод яўрэйскіх пілігрымаў, якія хацелі ўшанаваць памяць Хафец Хаіма. Магілу рабіна аднавілі, а потым вакол яе пабудавалі невялікі драўляны будынак з дзвярыма, якія зачыняюцца на кодавы замок.

У 2024 годзе ешыбот прадалi на аўкцыёне за 322 тысячы рублёў. Новы ўладальнік аб’екту можа выкарыстоўваць будынак як захоча – адкрыць краму, офіс, кавярню ці нешта іншае. Аб’ект, на жаль, не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, таму няма патрабаваньняў захоўваць яго ў арыгінальным выглядзе.

Адрас: вулiца Савецкая, 29. Каардынаты: 54.053561, 25.001814.