Зьдзецельскі (Дзятлаўскi) раён

Раготна

Раготна – вёска каля ракі Лядзінкі. Уваходзіць у склад Дварэцкага сельсавету Зьдзецельскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 408 чалавек. Знаходзіцца за 16 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Зьдзецелу; за 16 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Наваельня, на аўтамабільнай дарозе Наваельня – Казлоўшчына.

Раготна – даўняе мястэчка гістарычнай Слонімшчыны (частка Наваградчыны). Упершыню Раготна ўпамінаецца ў XVІІІ стагодзьдзі. У гэты час яно ўваходзіла ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Раготна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Слонімскім павеце Гарадзенскай губэрні. У 1840 годзе тут збудавалі мураваны касьцёл. Паводле інвэнтару 1843 году, мястэчка знаходзілася ў валоданьні Шукевічаў, пазьней перайшло да Валовічаў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Раготна занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Раготна абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшла ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Раготна апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У гэты час будынак касьцёла вярнулі каталікам.

У 1939 годзе Раготна ўвайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. 28 жніўня 2013 году ў зьвязку зь ліквідацыяй Раготнаўскага сельсавету вёску перадалі ў склад Дварэцкага сельсавету.

Панарама мястэчка, 1915. (E. Walter, 20.11.1915)

Касьцёл Сьвятых Анёлаў-Ахоўнікаў

Касьцёл Сьвятых Анёлаў-Ахоўнікаў – помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, каля гістарычнага Рынку. Дзее. Твор архітэктуры позьняга клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Парафія ў Раготне існуе з 1400 году. Першы касьцёл збудавалі з дрэва.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Раготна апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзеяць. У 1840 годзе замест драўлянага ў мястэчку збудавалі мураваны касьцёл. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна зачынілі касьцёл і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1920-я гады ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі вярнулі будынак касьцёла каталікам. У 1947 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога перарабілі пад краму.

У 1988 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам, пачаліся рэстаўрацыйныя працы.

Каардынаты: 53.348159, 25.487366.