Зэльвенскі раён

Зэльва

Зэльва – мястэчка на рацэ Зальвянцы, знаходзіцца за 132 кiлямэтра на паўднёвы ўсход ад Горадні. Зэльва – даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Ваўкавышчыны (частка Наваградчыны).

Тапонім Зэльва ўтварыўся ад назвы рэчкі Зальвянкі, раней Зальвеі. Тым часам гідронім мае балцкае (імаверна, яцьвяскае) паходжаньне, дакладныя адпаведнасьці ў сучасных мовах адсутнічаюць.

Афіцыйна пачатак гісторыі Зэльвы вядзецца ад 1258 году, калі ў Іпацьеўскім летапісу ўпамінаецца населены пункт, што існаваў на яе месцы. Імаверна, старажытнае паселішча знаходзілася ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага мястэчка, дзе існуе гара, якая ўзвышаецца над навакольлем на 20—25 мэтраў.

Паводле сучасных энцыкляпэдычных даведнікаў, першы пісьмовы ўпамін пра Зэльву (Вялікую Зэльву) як сяло датуецца 1470 годам, калі Міхал Нацавіч заснаваў тут касьцёл. У 1477 годзе касьцёл зьявіўся ў суседнім маёнтку Малой Зэльве, уладаньні Івана Гінейтавіча. У XVI стагодзьдзі паселішчам валодалі Вішнеўскія, Ільлінічы, Забярэзінскія, Зяновічы, Камароўскія і інш. У першай палове XVII стагодзьдзя мястэчка перайшло ў валоданьне Сапегаў.

У 1643 годзе князь Казімер Леў Сапега прымаў у Зэльве караля і вялікага князя Ўладзіслава IV Вазу. У 1720 годзе Сапегі атрымалі права праводзіць у мястэчку штогадовы кірмаш, які на працягу 130 гадоў заставаўся найбольшым у Вялікім Княстве Літоўскім. Сюды прыязджалі купцы з Украіны, Польшчы, Швэцыі, Даніі, Італіі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі і Расеі. Пасярод Рынку існаваў гасьціны двор з 200 крамамі. Апроч кірмашоў, разьвіцьцю Зэльвы спрыяла і зручнае геаграфічнае становішча на гандлёвым шляху Менск – Слонім – Ваўкавыск – Горадня – Беласток. На рацэ Зальвянка, якая была ў той час суднаходным прытокам Нёмана, існаваў рачны порт. Сапегі ганарыліся мястэчкам, называлі яе «Зэльвенскім графствам». У XVIII стагодзьдзі тут зьявіўся тэатар, у якім гралі беларускія, польскія і францускія акторы. У 1739 годзе пачала дзейнічаць рэзыдэнцыя ордэну піяраў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Зэльва апынулася ў склад Расейскай імпэрыі. Жыхары мястэчка бралі актыўны ўдзел у паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі, вызвольным паўстаньні 1830–1831 гадоў, нацыянальна-вызвольным паўстаньні Кастуся Каліноўскага. За ўдзел у паўстаньні расейскія ўлады канфіскавалі Зэльву ў Сапегаў.

Касьцёл Найсьвяцейшае Тройцы

Стары драўляны касьцёл у Зэльве існаваў з даўніх часоў, яго называлі «касьцёл на горцы». Пасьля задушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў 1865 годзе расейскія ўлады касьцёл зачынiлі. Пачаўся перыяд рэпрэсіяў.

У 1905 годзе на Зэльвеншчыну прыехаў ксёндз Людвік Клюк. Першапачаткова ён праводзіў набажэнствы ў звычайным доме. Праз час вернікі выкупілі зямлю і пачалі ўзвядзеньне новага храма. Ксёндз паднёс парафіянам каштоўны падарунак – крыж з надпісам «На памяць касьцёлу ў Зэльве. Кс.Людвик Клюк, 1905». Рэліквія па гэты дзень знаходзіцца ў цэнтры храма. Архітэктурным праектам займаўся Юзэф Пиус Дзяконскi. Працы над касьцёлам скончылі ў 1913 годзе.

У архітэктуры Зэльвенскага касьцёла дамінуе нэаготыка, але ёсьць рысы і нэараманскага стылю. Храм пабудаваны з жоўтай цэглы, што можна назваць тыпавым рашэньнем для нэагатычных касьцёлаў XX стагодьдзя. Будынак з дзьвюма масіўнымі вежамі і галерэяй арак каля ўваходу выглядае непрыступным і магутным. Такая кампазіцыя ўнікальная для Беларусі: аналягічнага архітэктурнага рашэньня няма ні ў адным з касьцёлаў гэтага перыяда.

З 1950 году храм быў зачынены амаль на 40 гадоў: спачатку памяшканьне ператварылі ў краму, а потым – у калгаснае збожжасховішча. Толькі ў 1989 годзе было прынятае рашэньне вярнуць касьцёл каталіцкай царкве.

Каардынаты: 53.150202, 24.806591.

Дэталi фасада

Iнтэр’еры касьцёла

Выгляд ад алтара ў напрамку ўваходу ў касьцёл

Вітражы касьцёла

Царква сьвятой Жываначальный Тройцы

Царкву ў Зэльве ў стылi клясыцызму пабудавалі ў 1815 годзе паводле праекту архітэктара Аляксандра Градзецкага на падмурку старажытнай драўлянай царквы, датаванай 1434 годам. Iснуе меркаваньне, што ад пачатку гэта быў будынак тэатру Сапегаў.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Ўніяцкай царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскага патрыярхату).

Доўгі час царкву наведвала беларуская паэтка Ларыса Геніюш. У памяць пра яе на тэрыторыі царквы стаіць помнік.

У 1904–1909 гадох царква была рэканструяваная.

Каардынаты: 53.147690, 24.813479