Бабруйскі раён

Бабруйск

Бабруйск – места на рацэ Бярэзіне пры ўтоку ў яе ракі Бабруйкі. Адміністрацыйны цэнтар Бабруйскага раёну Магілёўскай вобласьці, знаходзіцца за 110 кiлямэтраў ад Магілёва. Вузел чыгунак на Асіпавічы, Жлобін, Рудабелку і аўтамабільных дарог на Менск, Гомель, Магілёў, Каленкавічы, Слуцак, Рагачоў. Порт на рацэ Бярэзіне.

Бабруйск – магдэбурскае места гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя), адзін з цэнтраў рэгіёну, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся збудаваны ў стылі барока касьцёл езуітаў, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, часткова зруйнаваны расейскімі ўладамі дзеля будаваньня фартэцыі. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаліся езуіцкі калегіюм і Фарны касьцёл, помнікі архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, зруйнаваныя расейскімі ўладамі, а таксама збудаваная ў стылі клясыцызму саборная царква ў фартэцыі, помнік архітэктуры XIX стагодьдьзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Паводле папулярнага меркаваньня, тапонім Бабруйск утварыўся ад назвы ракі Бабруйкі. Тым часам гідронім паходзіць ад слова бабёр. Варыянты напісаньня назвы места ў гістарычных крыніцах: Бобровск, Бобруеск, Бобрусек; на іншых мовах: лет. Babruiskas, ід. Bobroisk, באברויסק‎, польск. Bobrujsk, рас. Бобруйск.

Асноўныя факты з гісторыі горада

• Першы пісьмовы ўпамін пра Бабруйск зьмяшчаецца ў прывілеі вялікага князя Ягайлы і датуецца 27 красавіка 1387 году. Гэты дакумэнт пацьвярджаў правы Скіргайлы на валоданьне сярод іншых земляў і Бабруйскай воласьцю, якая складалася зь «Виленской и Троцкой половицы». З 1392 году места падпарадкоўвалася вялікаму князю Вітаўту. Тут знаходзілася рэзыдэнцыя вялікакняскага намесьніка, які падначальваўся ваяводу віленскаму. Да гэтага ж часу адносяцца першыя зьвесткі пра замак і гарадзкія ўмацаваньні.
• У канцы XV – пачатку XVI стагодзьдзяў Бабруйск неаднаразова быў захоплены й спалены татарамі. Таксама места моцна пацярпела ад войскаў Маскоўскай дзяржавы ў часе войнаў 1507–1508 і 1534–1537 гадоў. У пачатку 1508 году яго захапіў Міхал Глінскі. З XVI стагодзьдзя Бабруйск перадаваўся ў часовае кіраваньне найбольш магутных шляхецкіх родаў. Паводле рэвізіі 1560 году, былі ўнармаваныя павіннасьці месьцічаў, перамераныя ворныя землі места. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Бабруйск увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. У 2-й палове XVI стагодзьдзя ў месьце дзейнічала Мікольская царква, пры якой існавала праваслаўнае брацтва. У 1618 годзе ў Бабруйску зьявіліся нясьвіскія езуіты, якія заснавалі тут сваю рэзыдэнцыю.
• Паводле інвэнтару 1626 году, у Бабруйску было 409 двароў, 15 вуліцаў, 2 завулкі, 75 крамаў, цэрквы сьвятога Міколы і Ільлі, касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла. Места атачаў земляны вал з драўлянымі сьценамі, ўмацаванымі двухпавярховымі вежамі (агулам каля 10). Існавала 5 брамаў: Кісялёўская, Падольная, Прудовая, Сьвіслацкая й Слуцкая. У 1639 годзе кароль і вялікі князь Уладзіслаў дазволіў месьцічам штогод праводзіць 2 кірмашы па 2 тыдні кожны, а таксама пацьвердзіў ўсе ранейшыя прывілеі пачынаючы ад 1561 года.

Аблога Бабруйскага замку. А. Вэстэрвэльд, 1649 год

• У кастрычніку 1648 году Бабруйск захапіў казацкі загон атамана Паддубскага. Пры дапамозе часткі жыхароў захопнікі перабілі шляхту і патапілі старосту ў Бярэзіне. У лютым 1649 году места вызваліла войска гетмана Януша Радзівіла, які жорстка расправіўся з казакамі. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у лютым 1655 году казакі наказнога гетмана Івана Залатарэнкі захапілі і спалілі Бабруйск, а жыхароў – забілі. Паводле Гадзяцкае дамовы 1658 году, Бабруйск пераходзіў у пажыцьцёвае валоданьне казацкаму палкоўніку Івану Нячаю. У 1665 году казакі зноў спалілі места.
• З 2-е паловы XVII стагодзьдзя Бабруйск называлі мястэчкам, у 1671 годзе тут было 170 дамоў. Паселішча моцна пацярпела ў Вялікую Паўночную вайну (1700–1721), калі ў 1708 годзе празь яго праходзілі швэдзкія й расейскія войскі. У пачатку 1790-х гадоў тут было 1884 жыхары, 314 дамоў. Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год) сюды з Рэчыцы перанесьлі паседжаньні павятовых судоў і соймікаў, а таксама перавялі архіў Рэчыцкага павету.
• У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Бабруйск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі. У часе паўстаньня Тадэвуша Касьцюшкі 1794 году яго на некаторы час вызваліла з-пад расейскай улады войска палкоўніка Стэфана Грабоўскага.
• У 1795 годзе Бабруйск стаў цэнтрам павету Менскае губэрні. 22 студзеня 1796 году ён атрымаў уласны герб: на срэбным полі гербавай тарчы намаляваныя карабельная шчогла і «да яе крыжападобна прыстаўленыя два вырабленыя для шчоглаў дрэвы». У 1800 году зьявіўся першы праектны плян Бабруйску. Паводле гэтага пляну места забудоўвалася да 1810 году.
• Новы пэрыяд гісторыі Бабруйску мае зьвязак з будаваньнем фартэцыі. Яе ўзьвядзеньне пачалося ўлетку на загад Аляксандра I ад 10 жніўня 1810 году. 4 чэрвеня 1811 году над фартэцыяй узьнялі расейскі сьцяг. Яна лічылася наймацнейшай і непрыступнай і прылічалася да першаклясных вайсковых умацаваньняў на тэрыторыі Расейскае імпэрыі. Узьвядзеньне фартэцыі вялося ў два этапы. Першы этап ажыцьцяўляўся ўва ўмовах набліжэньня вайны з Францыяй. Фартэцыя будавалася паводле праекту інспэктара Інжынэрнага корпусу расейскага войска Карла Опэрмана. Да пачатку вайны 1812 году пасьпелі збудаваць пяць асноўных бастыёнаў, частку ўнутраных будынкаў, насыпаць валы і выкапаць равы. У пэрыяд вайны 1812 году камандуючы 2-е расейскае арміі князь Пётр Багратыён па баях з францускімі войскамі пад абаронай умацаваньняў Бабруйскае фартэцыі здолеў даць адпачынак сваім жаўнерам, перафармаваць за кошт гарнізону фартэцыі найбольш парадзелыя аддзелы, пакінуць хворых і параненых, папоўніць запасы і пасьпяхова злучыцца з 1-м войскам пад камандаю Барклая-дэ-Толі. Чатыры месяцы фартэцыя была ў аблозе. Другі этап будаваньня прыйшоўся на 1812–1836 гады. За гэты час тэрыторыя фартэцыі павялічылася, зьявіліся дадатковыя бастыёны й вежы, у тым ліку ў 1822 годзе – знакаміты форт «Фрыдрых Вільгельм».
• З Бабруйскам маюць зьвязак падзеі дзекабрысцкага руху ў Расеі. У фартэцыі расквартавалі 9-ю пяхотную дывізію, сярод афіцэраў якой былі сябры таемных таварыстваў. Менавіта тут у траўні 1823 году распрацавалі плян узброенага паўстаньня, які прадугледжваў арышт цара Аляксандра ў час агляду войскаў у фартэцыі. Аўтарамі праекту выступалі афіцэры – Сяргей Мураўёў-Апостал, Міхаіл Бястужаў-Румін, Іван Павала-Швяйкоўскі. Аднак кіраўнікі паўстаньня адхілі гэты плян. У фартэцыі служылі, а пазьней адбывалі пакараньне за ўдзел у сьнежаньскім паўстаньні, Васіль Нораў, Васіль Дзіваў, Міхайла Бадзіска, Міхайла Пушчын (камэндант крэпасьці ў 1865–1869 гадох) і іншыя. У другой палове XIX стагодзьдзя Бабруйская фартэцыя згубіла сваё стратэгічнае прызначэньне і ў 1886 годзе стала складам. Праз год фартыфікацыю зьнялі з уліку як стратэгічную адзінку, тут разьмясьціўся дысцыплінарны батальён для ніжніх чыноў.
• У XIX стагодзьдзі хутка разьвіваліся гандаль і прамысловасьць Бабруйску, да чаго прычыніліся ўзьвядзеньне фартэцыі, Маскоўска-Варшаўскае шашы й Лібава-Роменскае чыгункі. Гэта спрыяла эканамічнаму ўздыму, прытоку капіталу й павелічэньню насельніцтва. Запрацавалі шматлікія майстэрні і заводы: лесапільныя, цагляныя, вінакурныя, тытунёвыя, маслабойныя, сьвячныя. У 1889 годзе выпусьціў першую прадукцыю медна-жалезакацельны завод. Галоўным багацьцем і прадметам гандлю быў лес, сьпірт, мёд, шкло, яблыкі. На мяжы XIX–XX стагодзьдзяў у Бабруйску пашыралася сетка навучальных установаў: працавалі прагімназія, прыхадзкая вучэльня і шэраг дзяржаўных і прыватных мужчынскіх і жаночых гімназіяў. Мэдычнае абслугоўваньне месьцічаў ажыцьцяўлялі вайсковы шпіталь і лякарня жыдоўскага таварыства. У пачатку XX ст. налічвалася 3500 будынкаў, два пляцы і 36 вуліцаў. Бабруйск быў вядомы яшчэ й як буйны выдавецкі цэнтар. У месьце працавалі некалькі прыватных друкарняў, якія выдавалі кнігі на расейскай мове й ідышы. Выходзілі такія газэты, як «Бобруйский курьер», «Бобруйский листок», «Бобруйская жизнь» і іншыя. У 1883 годзе ў Бабруйску дзейнічала суполка арганізацыі «Народная воля». У 1898 у тутэйшай бундаўскай друкарні выйшаў Маніфэст I зьезду РСДРП.
• За часамі Першае сусьветнае вайны ў 1914 годзе каля Бабруйску прайшла лінія фронту. У гэты пэрыяд у ім дысьлякавалася каля 30 вайсковых частак. У лютым 1918 году места занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
• 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бабруйск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, а жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[6]. У 1918 годзе Бабруйск заняў польскі корпус Доўбар-Мусьніцкага, пазьней – нямецкія войскі. 28 лістапада 1918 году места занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Бабруйск увайшоў у склад Беларускай ССР. 28 жніўня 1919 места зноў занялі польскія войскі, якія стварылі ў фартэцыі лягер для палонных. 10 ліпеня 1920 году Бабруйск зноў захапілі бальшавікі.

* * *

Паўнавартасны агляд славутасьцяў горада заплянаваны на найбліжэйшую будучыню. Пакуль – толькі некалькі фотаздымкаў.

* * *

Капліца «Усіх Смуткуючых радасьць»

Каплiца ўзводзілася з 1997 года сіламі гараджанаў. Будаўніцтва не аднойчы спынялася па патрабаваньні гарвыканкама, які прапаноўваў паменшыць вышыню капліцы, таму што яна была вышэй за фігуру вершніка на суседнім мэмарыяле ў гонар воінаў-вызваліцеляў Бабруйска. Каплiца была асьвячоная ў 2001 годзе, адкрытая 11 траўня 2001 года. Прататыпам царквы з’яўляецца храм Георгія Пераможцы на Паклоннай гары ў Маскве.

Побач з каплiцай знаходзiцца помнік Сьвятому Юр’ю Пераможцу.

Каардынаты: 53.158011, 29.214332.

Царква сьвятога Георгія

Царква Сьвятога Георгія, былая Гарнізонная царква (у народнай традыцыі – Белая Царква) – помнік гісторыі пачатку XX стагодзьдзя (мураўёўка), твор архітэктуры Маскоўска-Яраслаўскага кірунку эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі. Знаходзіцца ў Менскім прадмесьці, у пачатку Менскай вуліцы.

Будавалася царква ў 1905–1907 гадох як гарнізонная царква Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) дзеля вайсковых часьцінаў Расейскай імпэрыі, разьмешчаных у Бабруйскай фартэцыі. У пачатку ХХ стагоддзя, у зьвязку з стратай фартыфікацыйнага значэньня Бабруйску дазвалялася забудова эсплянады – прасторы вакол сьценаў фартэцыі, што забаранялася раней дзеля абарончых мэтаў. Адпаведна, новую гарнізонную царкву збудавалі ў беспасярэдняй блізкасьці ад галоўнага ўваходу ў фартэцыю, на Менскам фарштаце. У 1907 годзе япіскап Менскі і Тураўскі Міхаіл (Цемнарусаў) асьвяціў царкву. Відаць, яе наведваў у час свайго візыту ў Бабруйск у 1916 годзе маскоўскі гаспадар Мікалай II.

У 1928 годзе савецкія ўлады скінулі з царквы купалы і зруйнавалі званіцу, а ў будынку разьмясьцілі швацкую майстэрню. У Другую сусьветную вайну ў будынку разьмяшчаліся аўтамабільныя рамонтныя майстэрні Трэцяга Райху, а па яе заканчэньні – сталоўка і бібліятэка імя Леніна. У 1990 годзе будынак вярнулі вернікам.

Плян рэстаўрацыі распрацавалі такім чынам, каб адноўлены будынак паўтараў разбураны ў дробных дэталях. У 1992 годзе пачалося будаваньне званіцы, у верасьні 1992 году набылі званы. 19 сьнежня 1992 году кіраўнік Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату Філарэт (Вахрамееў) правёў службу ў царкве i блаславіў працы ў ёй. У сакавіку 1993 году на званіцу ўзьнялі ўвянчаны пазалочаным крыжом шатровы дах з купалам-цыбулінай. У 1994 годзе паставілі шацёр з купалам-цыбулінай і крыжом над аўтарнай часткай, у атачэньні чатырох малых купалоў-цыбулінаў з крыжамі. У 1995 годзе будынак цалкам атынкавалі, усталявалі дзьверы і вокны. У гэтым жа годзе ў царкву паставілі разьбяны іканастас з абразамі працы майстроў маскоўскай іканапіснай школы.

У траўні 1996 – 1 лістапада 1998 году побач з царквой збудавалі 2-павярховы Духоўна-асьветніцкі цэнтар з памяшканьнем для правядзеньня таемства вадохрышча. Цяпер цэнтар аб’ядноўвае ня толькі адукацыйную, але і выдавецкую, дабрачынную, місіянэрскую, навучальна-мэтадычную дзейнасьць. Пры цэнтры працуюць нядзельная школа, моладзевы цэнтар сьвятога Яна Багаслова, сятрыцтва Сьвятой Юліяніі Лазараўскай, мэтадычны кабінэт, царкоўная бібліятэка. Цэнтар каардынуе супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады, адукацыі і аховы здароўя, дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі, выпраўленчымі ўстановамі, воінскімі часткамі, праводзіць сэмінары і канфэрэнцыі.

У час стварэньня ў 2004 годзе Бабруйскай праваслаўнай япархіі, царкву абвясьцілі катэдральным саборам, але разам з аднаўленьнем царквы Сьвятога Мікалая катэдру перанесьлі туды.

Каардынаты: 53.144582, 29.236226.