Магілёў

Частка 01. Плошча Славы. Вулiца Архiрэйскi Вал Канiскага. Замкавы сквэр

Плошча Славы – адзін з галоўных пляцаў Магілёва, ягоны гістарычны грамадзка-адміністрацыйны цэнтар. Уяўляе сабой горадабудаўнічы ансамбль XVIII – канца XIX стагодзьдзяў.

Пляц разьмешчаны на высокім правым беразе Дняпра. Ад пляцу адыходзіць вуліца Першамайская (былая вулiца Шклоўская, Дняпроўскі праспэкт), якая зьвязвае цэнтар гораду з Прывакзальным пляцам.

Гістарычная назва плошчы Славы – Гандлёвы пляц. У XIX стагодзьдзі стала называцца Губэрнатарскай плошчай, у савецкі час – Савецкай плошчай.

Пляц гэты сфармаваўся да 1526 году на высокім узгорку каля зліцця рэк Дубравенкі і Дняпра, паміж замкам і гандлёва-рамесным Нагорскім пасадам як Гандлёвы пляц. З другой паловы XVII стагодьдзя, калі ў цэнтры яго была пабудавана мураваная ратуша, стаў асноўным адміністрацыйным і грамадзкім цэнтрам гораду.

У 1604 годзе Гандлёвы пляц займаў тэрыторыю больш за 2 гектара. На ім разьмяшчаліся 26 радоў крамаў. Ад пляцу радыяльна ішлі дзьве галоўныя вуліцы – Шклоўская (цяпер Першамайская вуліца) і Ветраная (цяпер Ленінская вуліца), якія разам зь іншымі вуліцамі і дарогамі на Вільню, Быхаў і Амсьціслаў фармавалі радыяльную сыстэму пляніроўкі гораду.

У 1578 годзе, праз год пасьля атрыманьня горадам магдэбурскага права, у Магілёве пачалося ўзьвядзеньне гарадзкой ратушы.

Пасьля далучэньня ў 1772 годзе Магілёва да Расеі Гандлёвы пляц атрымаў назву Губэрнатарскай плошчы. Новае яе аблічча распрацоўвалі вядомыя расейскія архітэктары М. А. Львоў і В. П. Стасаў. На плошчы сфармаваўся новы мураваны ансамбль грамадзкіх будынкаў: ва ўсходняй частцы быў узьведзены дом губэрнатару і будынак губэрнскага праўленьня, аб’яднаныя манумэнтальнай брамай, у заходняй – дом віцэ-губэрнатару і двух саветнікаў, будынак ніжняга суду, лекарскай управы і архіву (з 1883 года будынак акруговага суду). У паўднёвай частцы на месцы старажытнага замку быў разьбіты гарадзкі сквэр (сфармаваўся ў канцы XIX стагодьдзя).

Губэрнатарская плошча. Малюнок М. Львова, 1800 год

У 2-й палове XIX стагодьдзя на прылеглых вуліцах, Дняпроўскім прасьпекце і вулiцы Ветранай, пабудаваны два мураваныя трохпавярховыя жылыя дамы, якія тарцовымі фасадамі выходзілі на плошчу.

Частка пляцу, якая непасрэдна прымыкала да замку, заставалася незабудаванай (у 1928 – 1932 гадох на месцы замку створаны гарадзкі парк). У другой палове XIX стагодзьдзя побач з ратушай быў пабудаваны будынак гарадзкой управы.

Другі губэрнскі зьезд саветаў, які праходзіў у будынку гарадзкой управы, 15 сьнежня 1917 году абвясьціў савецкую ўладу ў Магілёўскай губэрні. У 1919 годзе пляц ў гонар гэтай падзеі атрымаў назву Савецкай плошчы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ансамбль пляцу быў разбураны. Паводле першага пасьляваеннага праекту рэканструкцыі пляцу 1956 году (інстытут «Белдзяржпраект») ён ўключаны ў зону адпачынку, на пляцы спынены транспартны рух. У 1952–1955 гадох у паўночна-ўсходняй частцы пабудаваныя пяціпавярховыя мураваныя жылыя дамы. У ліпені 1957 была ўзарвана ратуша. У 1982 годзе у цэнтры пляцу ўзьведзены мэмарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу» (вядомы ў народзе як «Бягучая ад Лаўсану».

У 2007 годзе ў Магілёўскім гарадзкім савеце абмяркоўвалася пытаньне аб пераназваньні Савецкай плошчы ў плошчу Свабоды, аднак гэтая прапанова не знайшла падтрымкі дэпутатаў.

3 ліпеня 2014 году, падчас сьвяткаваньня 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкіх захопнікаў, пераназвана ў Плошчу Славы.

З поўдня і захаду да пляцу прылягае Замкавы сквэр (былы Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага). З паўночнага ўсходу на пляцы разьмешчаны 5-павярховыя жылыя дамы.

Захаваліся помнікі архітэктуры XVIII – 2-й паловы XIX стагодзьдзя – будынак былога акруговага суду, дзе цяпер знаходзіцца Магілёўскі абласны краязнаўчы музэй і будынак былой гарадзкой управы.

На паўночным баку пляцу ўзвышаецца адноўленая ў 2008 годзе гарадзкая ратуша.

Меская ратуша

28 студзеня 1577 году кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Магілёву поўнае Магдэбурскае права. Першую, драўляную ратушу збудавалі тут у 1578 годзе на Ветранай вуліцы, але ў красавіку 1664 году яна згарэла.

Асноўны аб’ём новай мураванай ратушы будаваўся ў 1679–1681 гадох. У 1682–1686 гадох майстар з Быхава ўзьвёў вежу (каля 26 мэтраў вышынёй), але неўзабаве яна абвалілася. У 1692 годзе скончылася будаваньне новай вежы (да 38 мэтраў), якая стала вэртыкальнай дамінантай места. У гэты ж час на яе ўсталявалі гадзіньнік.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў верасьні 1708 году ратуша згарэла, неўзабаве яе аднавілі.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у 1773 годзе ратушу капітальна перабудавалі, а дах накрылі бляхай. З скасаваньнем для Магілёва Магдэбурскага права ратуша перастала выконваць свае пачатковыя функцыі. У 1780 годзе зь яе назіральнай пляцоўкі места аглядалі маскоўская гаспадыня Кацярына II і аўстрыйскі імпэратар Ёзэф II.

Будынак пацярпеў у Другую сусьветную вайну. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1926 годзе яго ўзялі пад ахову дзяржавы, а 11 верасьня 1953 году афіцыйна абвясьцілі помнікам архітэктуры, у ліпені 1957 годзе савецкія ўлады ўзарвалі помнік архітэктуры.

У 1979 і 1984 гадох праводзіліся археалягічныя раскопкі падмуркаў. На падставе архіўных і археалягічных матэрыялаў зьявіўся праект адбудовы ратушы. Аднаўленьне будынка завяршылася ў 2008 годзе (адкрыцьцё – у Дзень места). У наш час тут разьмяшчаюцца музэй гісторыі Магілёва і Палац шлюбу.

Каардынаты: 53.894542, 30.331937.

Закаханыя лiхтары

Трохi лявей ратушы нядаўна ўсталявалі цікавую інсталяцыю, на якой любяць фатаграфавацца закаханыя.

Мэмарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу»

У 1982 годзе у цэнтры пляцу ўзьведзены мэмарыяльны комплекс «Змагарам за Савецкую ўладу» (вядомы ў народзе як «Бягучая ад Лаўсану».

Замкавы сквэр

З поўдня і захаду да пляцу прылягае Замкавы сквэр (былы Парк культуры і адпачынку імя М. Горкага).

Храм Сьвятых царскіх пакутнікаў і вызнаўцаў XX стагодзьдзя

Храм Сьвятых царскіх пакутнікаў і вызнаўцаў Рускай праваслаўнай царквы XX стагодзьдзя ўзmведзены ў парку Горкага літаральна ў 50 мэтрах ад месца, дзе знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Тут з 1915 па 1917 годы знаходзіўся імпэратар і Вярхоўны галоўнакамандуючы Мікалай ІІ. Магілёў, сапраўды, у лёсе цара быў горадам, дзе ён як галоўнакамандуючы і імпэратар прымаў найважнейшыя рашэньні па тых пытаньнях, якія змаглі стабілізаваць фронт і адвесьці бяду, якая пагражала імпэрыі. У Магілёве ў будынку акруговага суда (цяпер гэта абласны краязнаўчы музэй) ён развітваўся з краінай.

Будаўніцтва храма было завершана ў 2013 годзе. Тут вядуцца службы, дзейнічае нядзельная школа, ёсьць царкоўная бібліятэка. Храм-помнік будавалі пераважна на ахвяраваньні прыхаджанаў і спонсараў. У сьценах закладзены імянныя цэглiны цнотаў. Абразы таксама збіралі ўсёй вобласьцю. Некаторымі абразамi падзяліўся сьвята-Мікольскі манастыр, іншыя ахвяравалі вернікі.

Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, асьвяціў храм у лютым 2014 года.

Каардынаты: 53.893671, 30.327071.

Вулiца Архiрэйскi Вал Канiскага

Вуліца названая ў гонар Рыгора Каніскага (у мiру Рыгора Асіповіча), украінскага і беларускага царкоўнага дзеяча, асьветніка, прапаведніка, пісьменніка, гады жыцьця: 20.11.1717 – 13.02.1795.

Рыгор Каніскі скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію (1743), у 1745–1755 быў яе выкладчыкам, прафэсарам, рэктарам. Ён быў ініцыятарам адкрыцьця Магілёўскай духоўнай сэмінарыі. З 1783 года Георгій – арцыбіскуп Магілёўскі, член Сьвяцейшага Сінода. Прыхільнік уз’яднаньня уніятаў з Рускай праваслаўнай царквой. Свае ідэі выказваў у публічных выступах і царкоўных пропаведзях; ім складзена каля 80 (апублікавана 78) прамоў і пропаведзяў. Выступаў за распаўсюджваньне асьветы ў Беларусі. Аўтар курсаў піітыкі («Правілы паэтычнага мастацтва») і філязофіі (на лацінскай мове), гістарычных запісак аб Магілёўскай епархіі, інтэрмедыяй, віршаў і інш. У 1993 годзе Рыгор Каніскі кананізаваны праваслаўнай царквой.

Вулiца Архiрэйскi Вал Канiскага, 3. Управа сьледчага камiтэта РБ па Магiлёўскай вобласьцi 

Наступная частка. Частка 2. ⟶
Вулiца Ленiнская. Iнтэр’еры