Магілёў

Частка 02. Вулiца Ленiнская

Вулiца Ленiнская

Вуліца Ленінская (былыя назвы Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынэрная) бярэ свой пачатак ад Савецкай плошчы да вулiцы Курака. Працягласьць вуліцы 1490 мэтраў.

Вуліца зьяўляецца адной з найстарэйшых у горадзе. Вядомая з XVI стагодзьдзя, калі сфармавалася Гандлёвая плошча, ад якой разыходзіліся ў паўночным кірунку дзьве галоўныя вуліцы-дарогі – Шклоўская (сёньня вулiца Першамайская) і Ветраная. Сваю назву вуліца атрымала ў гонар Ветранай брамы абарончага валу.

Сучаснае аблічча вуліцы стала складвацца ў 1930-я гады. Аднак плянамэрная забудова пачалася пасьля Другое Сусьветнае вайны, калі паводле генэральнага пляну Магілёва 1947–1950 гадоў, праводзілася рэканструкцыя і аднаўленьне цэнтральнай частцы гораду. Вялікую ролю ў фармаваньні вуліцы граюць помнікі гісторыі, жылой і грамадзянскай архітэктуры XVIII – пачатку XX стагодзьдзяў як, напрыклад, будынак былой гарадзкой управы – дом №1. Адзіны комплекс з домам №1 складаюць дамы XIX стагодьдзя: №3, 5/1, 5/2.

Дом №7 пабудаваны ў 1790 годзе, пра што гавораць лічбы на франтоне – архітэктурны помнік клясіцызму, адзін з найстарэйшых будынкаў у горадзе.

Потым ідзе тэрыторыя былога архірэйскага двара – цэнтра Праваслаўя на Беларусі ў XVII–XVIII стагодьдзях. Месцы, звязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю арцыбіскупа Магілёўскага і Беларускага сьвяціцеля Георгія Каніскага.

Дом №25 – палац каталіцкага арцыбіскупа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.

На Ленінскай, 35 стаіць пабудаваны ў 1898 годзе будынак педінстытута (раней – настаўніцкага, педагагічнага інстытута, сёньня – Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.Куляшова).

Захаваўся будынак Магілёўскай мужчынскай гімназіі, у якой вучыліся будучыя выдаўцы шматтомнага энцыкляпэдычнага слоўніка браты Аляксандр і Ігнат Гранат, першы прэзыдэнт сэнату Гавайскіх выспаў Мікалай Судзілоўскі, галоўнакамандуючы сэрбскай арміяй, Туркестанскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Чарняеў, матэматык, географ, геафізык, астраном, дасьледнік Поўначы Ота Шміт.

Побач у двары дом №37 – філія Нацыянальнага музэя жывапісу, музэй імя вядомага беларускага мастака-пейзажыста, ураджэнца Магілёўшчыны В. К. Бялыніцкага-Бірулі. Помнік архітэктуры барока. У траўнi 1780 года гэты дом, як самы лепшы з існаваўшых тады ў горадзе 2-павярховых каменных дамоў, быў прадстаўлены для пражываньня аўстрыйскаму імпэратару Іосіфу II для правядзеньня сустрэчы з Кацярынай II. З 1815 па 1917 гады ў гэтым доме размяшчаўся Магілёўскі дваранскі дэпутацкі збор.

У 2004 годзе вуліца Ленінская, якая захавала найбольшую колькасьць дамоў XIX стагодьдзя, стала пешаходнай вуліцай – зонай адпачынку месьцічаў.

На вуліцы разьмешчаны некаторыя вучэбныя карпусы і інтэрнаты Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова і Беларуска-Расейскага ўнівэрсытэту, Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава, мастацкі музэй Бялыніцкага-Бірулі, музэй гісторыі гораду, кінатэатар «Радзіма».

Да вуліцы прымыкаюць сквэры: Тэатральны, Лютэранскі, Камсамольскі, Міронава, 40-годзьдзя Перамогі.

Вулiца Ленiнская, 6… 10

Вулiца Ленiнская, 6… 8

Вулiца Ленiнская, 8… 12

Вулiца Ленiнская, 23. Каледж мастацтваў (колiшнi гатэль «Брыстоль»)

У канцы XIX стагодьдзя ў Магілёве мелася 30 гасьціных дамоў, прычым самыя элітныя знаходзіліся ў цэнтры места, сярод іх асаблівым чынам вылучаўся двухпавярховы кутні гатэль з раскошнай назвай «Брыстоль» у асяродьдзі тэатральнага сквэру. Уладальнікам будынка быў гараджанін Сімховіч, а гатэльная гаспадарка ўмяшчала 43 пакоі з усімі выгодамі. Нумары былі абсталяваныя электрычнасьцю, ваннай, была першаклясная рэстарацыя і чытальня. Да абслугі гасьцей прад’яўляліся немалыя патрабаваньні: «лёкай павінен быць чысты, ветлівы, пакораны, цьвярозы і пісьменны», акрамя гэтага, ён павінен быў ведаць назвы вінаў і страў.

У перыяд размяшчэньня ў Магілёве Стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага, кім з’яўляўся апошні імпэратар Мікалай Другі, гатэль служыў часовым прыстанкам для палацавых чыноў і гастцей імпэратара. Тут жа імпэратар працаваў, а ў зале рэстарана сьнедаў і абедаў. Таксама падчас знаходжаньня ў Магілёве Стаўкі ў гатэлi жылі прадстаўнікі саюзных дзяржаваў, а афіцэры пражывалі непадалёк, у гатэлі «Мэтраполь» – доме Грубіна (сёньня гэта кут вуліцаў Першамайскай і Лібкнехта). У ім акрамя гатэля размяшчалася аптэка Б. Маўшовіча.

Пасьля лютаўскай рэвалюцыі гасцініца «Брыстоль» стала апорай белага руху. У будынку быў створаны Саюз афіцэраў арміі і флота. У гады Другое сусьветнае вайны ў будынку гатэля размяшчаўся шпіталь.

Цяпер у будынку месьцiцца Дзяржаўны каледж мастацтваў.

Вулiца Ленiнская, 27

Вулiца Ленiнская, 35. Вучэбны корпус №2 Унiвэрсiтэта (колiшняя жаночая гімназія)

Вулiца Ленiнская, 39

Вулiца Ленiнская, 40

Вулiца Ленiнская, 41

Магiлёў. Вулiца Лепяшынскага, 16

Пляц Зорак. Скульптурная кампазiцыя «Астроляг»

Каля кінатэатра «Радзіма», на Плошчы Зорак усталяваная бронзавая скульптура астроляга. Скульптурная кампазiця створаная ў сучасным выглядзе ў 2003 годзе як культурны цэнтр горада.

Уладзімір Іванавіч Жбанаў – адзінь з яркіх беларускіх скульптараў сучаснасьці. Яго працы і інсталяцыі радуюць крэатывам і пазітыўнай жыцьцёвай энергіяй многіх беларусаў і жыхароў суседніх краінаў. На жаль, Уладзімір Жбанаў памёр ад вострага панкрэатыту 16 студзеня 2012 года у самым росквіце сіл. Але пасьпеў пакінуць шмат добрага любiмай краіне і яе жыхарам. Да яго найлепшых работ адносяцца «Бабры» ў Бабруйску, цэлая група пэрсанажаў на чале з фатографам і дамай з сабачкам, а таксама «Незнаёмка», «Прыпальваючы» і іншыя ў Менску, а таксама скульптуры ў іншых гарадах краіны. Свой след скульптар пакінуў і ў Магілёве.

Адна з самых вядомых скульптурных кампазіцый Уладзіміра Жбанава – «Астроляг», якая з’явіўлася ў Магілёве ў пачатку 1990-х гадоў. Тады ж і плошчу сталі называць “Зорнай”.

Цэнтральнае месца на Плошчы Зорак адведзена бронзавым скульптурам Уладзіміра Жбанава – 7-мэтровы чараўнік глядзіць у 4-метровы тэлескоп, вакол скульптуры размешчаныя дванаццаць крэслаў, якія сымбалізуюць дванаццаць знакаў задыяку. Гэты скульптурны комплекс выконвае функцыю сонечнага гномана цi гадзіньніка: чараўнік з тэлескопам з’яўляецца стрэлкай, а знакі задыяку фармуюць цыферблат.

У Магілёве ўжо распаўсюджваюцца легенды аб Астроляге. Адна зь іх распавядае, што Жбанаў нібыта кансультаваўся з нейкімі дасведчанымі астрёлагамі з нагоды размяшчэньня скульптуры на плошчы, і ў Астрёлаге заключаны нейкі сакрэт зорак, які дазваляе ажыцьцявіць адно, але самае таемнае і запаветнае жаданьне чалавеку, які сеў у крэсла свайго знака задыяку. Іншая легенда кажа, што дзякуючы свайму размяшчэньню Астрёлаг кандэнсуе энергію космасу. Калі дакрануцца да яго пальца, то гэта прынясе посьпех ва ўсіх пачынаньнях і справах.

«Зорную» тэму Плошчы працягваюць умантаваныя ў тратуарную плітку 2-мэтровыя каменныя пліты з малюнкам пяціканцовай зоркі, упісанай у круг, і імем чалавека, якому зорка прысвечаная. Так увекавечваюць найболей выдатных і вядомых магілёўцаў: ганаровых гараджанаў горада, спарцмэнаў, культурных дзеячаў. На сёньняшні дзень ужо ўсталявана 13 зорак. Кожны год на Плошчы Зорак у Магілёве «запальваюць» 1-2 новыя зоркі.

Вулiца Ленiнская, 47. Кiнатэатар «Радзiма»

У 1938 годзе пачалося будаўніцтва кінатэатра «Радзіма», яго адкрыцьцё адбылося 6 лістапада 1939 года. Падчас Другое сусьветнае вайны кінатэатар быў разбураны, а ў 1944 адноўлены.

Вулiца Ленiнская, 49

Вулiца Ленiнская, 50

Двухпавярховы цагляны дом №50 быў пабудаваны ў 1904–1906 гадох па праекце архітэктара П. Г. Камбурава. У ім размяшчаўся дзяржаўны банк. За савецкім часам там размяшчаліся абласныя ўпраўленьні Дзяржбанка СССР, Жылсацбанка СССР, Аграпрамбанка СССР. Цяпер тут размяшчаецца Галоўная ўправа Нацыянальнага банка РБ па Магілёўскай вобласьці.

⟵ Папярэдняя частка. Частка 1
Плошча Славы. Вулiца Архiрэйскi Вал Канiскага. Замкавы сквэр

Наступная частка. Частка 3. ⟶
Вулiца Першамайская