Магілёў

Частка 03. Вулiца Першамайская

Вуліца Першамайская (старыя назвы: вуліца Шклоўская, Дняпроўскі праспект, Ульянавай-Крупскай) – цэнтральная вуліца горада. Працягласьць 6350 мэтраў, ад Савецкай плошчы да Шклоўскай шашы. Сваю сёньняшнюю назву вуліца атрымала ў 1918 годзе.

Фарміраваньне вуліцы пачалося ў XVI стагодьдзi на тэрыторыі Шклоўскага прадмесьця.

У ХІХ стагодьдзi Дняпроўскі праспэкт пачынаўся ад галоўнай гарадской плошчы горада – Губэрнатарскай.

Тэатральны пляц

Паўднёва-заходнюю частку Тэатральнага пляца да сярэдзіны XX стагодьдзя займаў касьцёл сьвятога Францішка Ксаверыя, які ўваходзіў у комплекс езуіцкага калегіюма. Справа ад яго знаходзілася драўляная Васкрасенская царква, якая стаяла на месцы цяперашняй філярмоніі, злева быў Богаяўленскі братэрскі манастыр. У пачатку XX стагодьдзя касьцёл быў перабудаваны пад праваслаўную царкву, справа ад яго знаходзіўся гатэль «Францыя». Усё гэта цяпер страчана, на месцы сабораў знаходзіцца несамавітая малакаштоўная забудова, якая, зрэшты, можа быць бязбольна выдаленая з тканіны горада. Была б на тое воля мясцовых уладаў.

Тэатральны пляц. Юзаф Пешка. 1800 год

Тэатральнага пляц. Пачатак XX стагодьдзя

Магілёўскі абласны драматычны тэатар

Мураваны тэатар у Магілёве, збудавалі ў 1886–1888 гадох паводле праекту эпархіяльнага архітэктара П. Камбурава і губэрнскага інжынэра Ў. Мільяноўскага на ўсходiм боку пляцу, якi сёньня завецца Тэатральным. Магілёўскі тэатар – помнiк эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі.

У 1954 годзе ў будынку разьмясьціўся новаўтвораны Магілёўскі абласны драматычны тэатар. У 1992–2001 гадох будынак знаходзіўся на рэканструкцыі. Спэктаклі праходзілі ў будынку былога Дому палітасьветы, не прыстасаванага для работы прафэсійнага тэатру. Цяпер у будынку зноў працуе Драматычны тэатар.

Адрас: вулiца Першамайская, 7

Магілёў, драмтэатр vs Менск, Камароўка. Знайдзіце 101 адрозьненьне…

Вулiца Першамайская, 9

Акрамя уласна тэатра, на цяперашняй Тэатральнай плошчы вылучаюцца дзве сіметрычныя сталінкі, якія з’яўляюцца своеасаблівымі варотамі ў паўночную частку вуліцы.

Вулiца Першамайская, 12/5

Вулiца Першамайская, 12

Касьцёл Сьвятога Станіслава і кляштар кармэлітаў

Каталiцкая парафія ў Магiлёве існуе з 1614 года. 10 верасьня 1633 году кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза выдаў Бялыніцкім кармэлітам дазвол на заснаваньне ў Магілёве кляштару.

Касьцёл быў пабудаваны з цэглы на месцы драўлянага касьцёла кармэлітаў 1636 году. Першапачаткова касьцёл быў узьведзены ў стылі барока. На 1687 год у кляштары было 6 манахаў. Паводле інвэнтару 1692 году, у кляштары захоўваўся абраз Маці Божай, які лічыўся цудоўным.

У 1708 годзе ў час вялікага пажару драўляныя будынкі кляштару згарэлі. У 1738–1752 гадох вялося будаваньне мураваных касьцёла і кляштару. У 1765 годзе біскуп віленскі Ф. Зянковіч асьвяціў новы касьцёл пад тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. Касьцёл у стылi архітэктуры барока i клясыцызму знаходзіцца на Тэатральным пляцы з боку гістарычнай Шляхецкай вуліцы,.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. 25 сьнежня 1772 году маскоўская гаспадыня Кацярына II абвясьціла пра стварэньне ў Расейскай імпэрыі рымска-каталіцкай Беларускай дыяцэзіі з цэнтрам у Магілёве. У 1783 годзе касьцёл стаў катэдрай Магілёўскай архідыяцэзіі, біскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч асьвяціў яго ў гонар Сьвятога Станіслава. У 1788 годзе фасад касьцёла рэканструявалі.

Пасля пажару 1810 году касьцёл перабудаваны ў стылі клясіцызму.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831 гады) расейскія ўлады ў 1831 годзе ліквідавалі кляштар. Па 1860 годзе касьцёл стаў парафіяльным.

У 1937 годзе касьцёл быў зачынены, там размясцiлi гiстарычны архіў, а маёмасць разрабавалі. У 1946 годзе касьцёл ператварылі ў склад, з 1964 па 1986 гады тут iзноў размяшчаўся архiў, інтэр’ер касьцёла быў цалкам зьнішчаны ўладамi. У гэты час помнік страціў частку росьпісаў і арган з рэдкімі керамічнымі трубамі.

У пачатку 1990-х гадоў будынак касьцёла вярнулі каталікам. Да 1994 году ішла рэстаўрацыя помніка. Касьцёл атрымаў статус конкатэдры ва ўтворанай у 1991 годзе Менску-Магілёўскай архідыяцэзіі. З 1993 году тут штогод праводзіцца фэст духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Адрас: вулiца Камcамольская, 4.

Выгляд з дому непадалёк.

Iнтэр’еры касьцёла

Вулiца Першамайская, 13

Колiшнi Саборны пляц

Саборная плошча – колішніі ахiтэктурны асамбаль ў Магілёве, які існаваў на месцы сучаснага пляцу перад гасьцініцай «Дняпро» у канцы XVIII – пачатку XIX стагодзьдзяў. Плошча створаная па праекце М. Львова і В. Стасава i мае форму эліпсу. У цэнтры пляцу знаходзіўся Сабор Сьвятога Ёсіфа, паабапал якога – аднапавярховыя флігелі зь вежамі-ратондамі, злучаныя з саборам цагляным мурам з мэталічнай ажурнай рашоткай. У 1780 годзе насупраць сабору была пабудаваная трыюмфальная арка ў гонар сустрэчы ў Магілёве расейскай імпэратрыцы Кацярыны II з аўстрыйскім імпэратарам Ёсiфам II.

У 1820-я–1830-я гады па праекце Стасава быў узьведзены будынак манежу, за ім разьбіты сквэр. Пляц быў галоўным кампазыцыйным ядром гораду.

Колiшнi сабор Сьвятога Язэпа (Ёсіфа)

Мураваная царква Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) ў Магілёве будавалася ў 1780–1798 гадох за кошт дзяржаўнага скарбу на загад маскоўскай гаспадыні Кацярыны II у гонар сустрэчы з аўстрыйскім манархам Ёзiфам II. 29 траўня 1780 году манархі ў памяць пра сустрэчу паклалі камяні ў падмурак будучай царквы. Распрацаваны архітэктарам Мікалаем Львовам праект царквы адзначылі першай прэміяй на конкурсе ў Пецярбургу. У 1802 годзе загадам Урадавага сыноду царква атрымаў статус катэдральнага сабору.

Савецкія ўлады зачынілі сабор. У 1932–1937 гадох у будынку сабору дзейнічаў музэй гісторыі рэлігіі і атэізму. У 1937 годзе ўрад Беларускай ССР пастанавіў пачаць рэканструкцыю Магілёва дзеля пераносу сюды сталіцы зь Менску. Таго ж году сабор зруйнавалі, на яго месцы пачалося будаваньне гатэлю «Дняпро», якое скончылася ў 1939 годзе.

Магілёўскі Ёсіфаўскі сабор быў ня толькі адным з выдатных твораў Львова, але і адным з першых культавых пабудоваў стылю клясіцызму на Беларусі.

Трыюмфальная арка

На сёньняшнi дзень ад саборнага пляцу перад царквой захавалася толькі трыюмфальная арка, якая пасьля Вялікай Айчыннай вайны была перароблена пад арку ў гонар ваенных частак, якія вызвалялі Магілёў у 1944 годзе.

У 1950 году праход скрозь арку замуравалі. Тады ж над нішай былі ўсталяваныя барэльефы Леніна, Сталіна і герба СССР. Пазней барэльеф Сталіна замянілі на Серп і молат.

Адрас: улiца Першамайская, 16

Вулiца Першамайская, 17

Вулiца Першамайская, 21

Магілёўскі абласны мастацкі музэй імя Паўла Масьленікава (колiшнi пазямельна-сялянскi банк)

Мураваны будынак Пазямельна-сялянскага банку ў Магілёве збудавалі ў 1903–1914 гадох паводле праекту архітэктара Аляксандра Друкера.

У лістападзе 1917 году, па захопе бальшавікамі Стаўкі маскоўскага гаспадара ў Магілёве, у будынку пачала выдавацца бальшавіцкая газэта «Рэвалюцыйная стаўка». У траўні 1919 году ўвесь будынак перадалі аддзелу народнай адукацыі дзеля адкрыцьця ў ім музэю пралетарскай культуры. З гэтага часу і на працягу 13 гадоў, да траўня 1932 году, тут знаходзіўся Магілёўскі дзяржаўны гістарычны музэй. З 1932 году ў будынку разьмяшчаўся Магілёўскі абкам ВКП(б), аднак спэцыяльнае сховішча працягвала дзейнічаць да пачатку Нямецка-савецкай вайны: у браняваным пакоі-сэйфе захоўваліся музэйныя рэліквіі, сярод якіх быў Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Па вайне ў будынку разьмяшчаўся абкам і гаркам КПСС, пазьней – рэдакцыя газэты «Магілёўская праўда».

19 лістапада 1990 году тут разьмясьціўся Магілёўскі абласны мастацкі музэй.

Адрас: вулiца Мiронава, 33.

Выява мастацкага музея імя Масленьікава ў Магілёве прысутнічала на самай буйной беларускай банкноце 2000 года. Ён жа намаляваны на двухсотрублёўцы 2009 года.

Магiлёў. Мастацкi музэй. 200.000 BYR (2000)

Магiлёў. Мастацкi музэй. 200 BYN (2009)

⟵ Папярэдняя частка. Частка 2
Вулiца Ленiнская

Наступная частка. Частка 4. ⟶
Пляц Ленiна