Магілёў

Частка 05. Сьвята-Мікольскі манастыр

Магілёўскі Мікольскі манастыр – помнік архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў. Знаходзіцца на Падмікольлі, у абалоне Дняпра. Пры пабудове быў у юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер – у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Мiкольскi манастыр – твор архітэктуры магілёўскага барока, мастацкае аблічча якога пацярпела ад рэканструкцыі.

У 1636 годзе кіеўскі мітрапаліт Пётар (Магіла) атрымаў прывілей ад караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы на будаваньне ў Магілёве царквы Сьвятога Мікалая. За кіраваньнем Магілёўскай япархіяй Сільвестрам (Косавам) у 1637 годзе збудавалі часовую драўляную Мікольскую царкву. Будаваньне неацепленнай мураваная царквы пачалося ў 1669 годзе, а ў 1672 годзе яе асьвяціў япіскап Феадосі I (Васілевіч).

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) манастыр пацярпеў ад нападу швэдаў, а пазьней, па захопе Магілёва расейскімі войскамі – ад татарскіх і калмыцкіх палкоў маскоўскага гаспадара Пятра I: комплекс падпалілі і ён атрымаў пашкоджаньні ў час пажару. У 1719 годзе апошнія манашкі перасяліліся ў Баркулабаўскі манастыр. У гэты час пачаў дзейнічаць мужчынскі манастыр, які праіснаваў да 1754 году.

Па першым падзеле Рэчы Паспалітай (1772 год), калі Магілёў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, комплекс канчаткова перайшоў у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У Першую сусьветную вайну з жніўня 1915 да лістапада 1917 году ў Магілёве знаходзілася стаўка вярхоўнага галоўнакамандуючага Расейскай імпэрыі і маскоўскі гаспадар Мікалай II з сваёй вялікай сям’ёй у час знаходжаньня ў стаўцы наведваў Мікольскую царкву.

За савецкім часам царкоўная рэчы манастыра канфіскавалі, а іканастас зьнішчылі. У 1934 годзе па сьмерці сьвятара Міхаіла Пляшчынскага Мікольскую царкву зачынілі. У 1937 годзе ў Мікольскай царкве разьмясьцілася перасыльная турма, якая працавала тут да 1941 году. З 1946 году ў Мікольскай царкве разьмяшчалася кніжная база. У 1956–1990 гадох у манастырскім комплексе праводзіліся рэстаўрацыйныя работы.

У 1991 годзе будынкі манастыра перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, першай настаяцелькай манастыра па яго аднаўленьні стала ігуменьня Яўгенія (Валашчук). Таго ж году ў час рэканструкцыі манастыра адшукалі шматлікія чалавечыя парэшткі. Відаць, гэта былі ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, бо ў канцы 1930-х гадоў на тэрыторыі Мікольскай царквы знаходзілася турма. 28 сакавіка 1991 году асьвяцілі зімовую Ануфрыеўскую царкву. У 1995 годзе да Мікольскай царквы падвялі ацяпленьне. У 1996 годзе пры манастыры заснавалі сястрыцтва ў імя сьвятыхпакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Соф’і. Таго ж году збудавалі 2-павярховы корпус для сёстраў. Улетку 2000 году, у час кананізацыі Мікалая II Расейскай праваслаўнай царквой у Магілёве адшукалі партрэт маскоўскага гаспадара, які цяпер асьвечаны як абраз і разьмяшчаецца ў левай прыбудоўцы Мікольскай царквы, названай у гонар «Святых царственных мучеников». Да абраза прымайстравалі 5-рублёвую манэту, якую Мікалай II падараваў хлопчыку Сямёну Халімаву ў час наведваньня царквы. 4 сьнежня 2010 году настаяцелькай манастыра прызначылі ігуменьню Эўфрасіньню.

У 2018 годзе ў выніку рэканструкцыі над дахам брамы паставілі вялікі купал-цыбуліну.

Каардынаты: 53.893941, 30.345694.

Агульны вiдары манастыра с боку Вялiкай Грамадзянскай вулiцы

Вiд на манастыр с боку заходняй сьцяны

Уязная брама

Iнтэр’еры Мiкольская царквы

Храм Ануфрыя Вялікага

У 1793 годзе за архіяпіскапам Георгіем (Каніскім) пры манастыры пачалося будаваньне зімовай ацепленай царквы, якую ў 1798 годзе асьвяціў архіяпіскап Анастасі (Раманенка-Братаноўскі) пад тытулам Сьвятога Ануфрыя.

Пасьля аднаўленьня дзейнасьцi ў найноўшы час 5 жніўня 1993 году ў Ануфрыеўскай царкве прайшло паседжаньне Сыноду Беларускай праваслаўнай царквы, на якім да ліку мясцовашанаваных сьвятых прылічылі Георгія (Каніскага).

⟵ Папярэдняя частка. Частка 4
Пляц Ленiна

Наступная частка. Частка 6. ⟶
На захад i на ўсход ад цэнтра