Барысаўскі раён

Барань

Бара́нь – вёска ў 30 кiлямэтрах на поўнач ад Барысава, у 9 кiлямэтрах на поўдзень ад вёскi Маісееўшчына.

Існуе паданьне што Барань калісьці зьяўляўся вялікім горадам, які насіў назву Баран (або Залаты-Баран), у якім было 12 цэркваў. Быў вельмі разьвіты гандаль. Яшчэ нядаўна хто-ніхто са старажылаў нават мог указаць межы гэтага гораду. Згодна паданьня, ён быў дашчэнту зьнішчаны ў час вайны са швэдамі. Аналіз старых дакумэнтаў і археалягічных помнікаў у навакольлях Барані пацьвярджае магчымасьць сапраўднасьці такіх фактаў.

Найбольш старыя пісьмовыя сьведчаньні аб Барані адносяцца да ХVІ стагодзьдзя, але і яны сьведчаць аб яго велічы. На той момант гэта быў буйнейшы цэнтар землеўладаньня. Тутэйшы маёнтак належыў такой вядомай асобе ў дзяржаве, як князь Канстантын Астроскі. У больш раньнія часы тут уладарылі князі вядомага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Гальшанскіх. Зьвесткі, якія б непасрэдна характарызавалі Барань на той час, адсутнічаюць.

У ХVІІІ стагодзьдзі, у прыватнасьці, па стане на 1732 год, Барань мела статус мястэчка. Дарэчы, на той момант дакладна вядома, што там ужо існавала Пакроўская царква, якая на той час хутчэй за ўсё была ўніяцкай. У ХVІІІ стагодзьдзі яна знаходзілася на тым самым месцы, што і на пачатку ХХ стагодзьдзя аднайменная праваслаўная царква. Старыя жыхары Барані яго называюць Сьвінтар (былы цьвінтар). Відавочна, што царква мусіла стаяць на галоўнай плошчы мястэчка, якая і знаходзілася на роўнай пляцоўцы перад ёй (ля сёньняшняга аўтобуснага прыпынку). Храм і яго прыход былі прымусова пераведзены ў маскоўскае праваслаўе ў 1839 годзе пасьля касаваньня ўніяцтва на Беларусі.

У ХІХ стагодзьдзі Барань уяўляе сабой звычайнае невялікае сяло, якіх было шмат у гэтым краі.

На пачатку ХХ стагодзьдзя ў Баранi было дзьве царквы: прыхадзкая Пакроўская, якая была пабудавана яшчэ ў ХVІІІ стагодзьдзі, і Ільлінская, што была прыпісана да яе. Абедзьве царквы былі драўлянымі і былі ў свой час ўзьведзены намаганьнямі прыхаджан. Апошнім сьвятаром баранскага прыходу напярэдадні падзеяў 1917 году быў Цімафей Мацкевіч. Пасьля рэвалюцыі царква была закрыта, і ў ёй быў зроблены клюб, а пазьней, падчас апошняй вайны, будынак былой царквы спалілі партызаны.

Нягледзячы на закрыцьцё храма пасьля рэвалюцыі, яшчэ на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў на Пакроў вернікі зьбіраліся на Сьвінтары, на месцы былой царквы, каб падтрымліваць спрадвечныя традыцыі. У 1948 годзе на могілках была зроблена драўляная капліца. Разабрана яна была гады два таму ў сувязі з пабудовай новай капліцы.

У Барані, як і ў іншых месцах Барысаўшчыны, у былыя часы штогод ладзіліся кірмашы. Праводзіліся яны на Троіцу і на Пакроў. Пачыналася ўсё у Пакроўскай царкве, а потым ішлі да сваякоў. Было шмат музыкі, шмат частаваньняў. Гуляла ўся вёска.

Апошнія гады зьяўляецца спадзяваньне на адраджэньне Барані. Падстава для гэтага – заснаваньне і фармаваньне тут духоўнага цэнтру. Пасьля знаёмства з багатай гісторыяй Барані ўжо не здаецца дзіўным тое, што новы манастыр заснаваны менавіта тут. З 1998 году ў Барані прымаліся захады для ўтварэньня сястрынства, а з 2002 году тут утвораны праваслаўны жаночы манастыр.

Жаночы манастыр у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай

Працы па будаўніцтве пачаліся ў 1990-х гадах. У жніўні 2002 года пастановай Сінода Беларускай праваслаўнай царквы быў заснаваны жаночы манастыр у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.

У далёкім мінулым у Барані і яе навакольлях існавала 12 храмаў. У лесе старажылы паказваюць на так званыя «царковішчы» – месцы, дзе некалі стаялі храмы. На месцы манастырскага падвор’я раней дзейнічала царква Покрыва Прасьвятой Божай Мацi, разбураная ў 30-я гады ХХ стагоддзя.

У 1990-х гадах пачаліся працы па будаўніцтве галоўнага храма манастыра – у гонар Сьвятой Блажэннай Ксеніі Пецярбурскай. Ён мае два прыбудоўкі: верхні – у гонар нябеснай заступніцы манастыра сьвятой Блажэннай Ксеніі Пецярбурскай, асьвечаны ў 2003 годзе і ніжні – у гонар прападобнага Серафіма Сароўскага, які быў асьвечаны ў 2002 годзе.

Каардынаты: 54.494631, 28.682336.

Уяздная брама

Фрагмэнты агароджы

Вiдырыс манастыра ад уваходнай брамы

Царква ў імя сьвятой блажэннай Ксеніі Пецярбурскай

Сьвята-Георгіеўская царква

Побач са Сьвята-Ксенеўскім храмам на месцы ранейшай драўлянай капліцы ў імя прарока Божага Ільлі была пабудаваная мураваная царква ў гонар сьвятога велікамучаніка Георгія Пераможцы. Яна была асвечаная ў 2003 годзе.

Манастырскi жытловы корпус

Крынiца сьвятой Ксеніі Пецярбурскай

Мiж вёскай Барань ды манастыром знаходзiцца невялiчкi яблыневы сад i  крынiчка, якую назвалi таксама ў iмя Ксенii Пецярбурскай.

Сьвята-Пакроўская царква

У самой вёсцы будуецца, а мо, ужо й пабудаваная новая Сьвята-Пакроўская царква.

Каардынаты: 54.491344, 28.670201.