Барысаўскі раён

Брылi

Брылі – вёска за 18 кiлямэтраў на паўночны захад ад Барысава, на захад ад ракі Бярэзіна.

Час заснаваньня вёскі Брылі і паходжаньне яе назвы невядомыя. Але да нашых дзён дайшло наступнае паданьне. Першыя пасяленцы ў гэтай мясцовасьці сяліліся ўздоўж Бярэзіны. Яны мелі звычай насіць шапкі з шырокімі казыркамі – брылямі. Адсюль і пайшла назва вёскі – Брылі.

Узбярэжжа Бярэзіны ў навакольлях Брылёў было заселена яшчэ ў глыбокай старажытнасьці. У 1931 годзе комплексная экспэдыцыя, якая працавала тут і дасьледавала помнікі старых часоў, выявіла на поўдзень ад вёскі на правым беразе Бярэзіны шматлікія крамянёвыя адшчэпы і іншыя сьведчаньні прысутнасьці тут чалавека ў каменным веку.

Вёска Брылі вядома ў пачатку XIX стагодзьдзя. У 1812 годзе 26–28 лістапада адбывалася пераправа войск Напалеона празь Бярэзіну. Яе наступствы для вёскі былі вельмі цяжкімі. Праз чатыры гады пасьля яе ў Брылях было ўсяго тры мужчыны. У канцы ХІХ стагодзьдзя ў Брылях была ўжо 21 сялянская гаспадарка, якія адносіліся да Стахаўскага сельскага таварыства Бытчанскай воласьці.

На мяжы ХІХ–ХХ стагодзьдзяў Брылі хутка растуць. У 1908 годзе тут ужо было 40 сялянскіх двароў і 301 жыхар, а ў 1917 годзе – 57 двароў і 377 жыхароў. У Брылях на могілках на пачатку ХХ стагодзьдзя была невялічкая драўляная каплічка. У вёсцы паводзіўся кірмаш. Ён ладзіўся на Прачыстую. У гэты дзень у Брылях зьбіралася шмат людзей, каб памянуць сваіх продкаў.

Зь сярэдзіны другога дзесяцігодзьдзя ХХ стагодзьдзя спакойнае жыцьцё ў Брылях спыняецца. Адна за адной Брылі закранаюць войны. Спачатку зь немцамі, потым з палякамі. Затым была калектывізацыя, рэпрэсіі. Тым ня менш вёска ў гэты час працягвае жыць і разьвівацца. У 1926 годзе тут было 74 двары і 376 жыхароў.

У 30-х гадах ХХ стагодзьдзя, калі ішла кампанія па зьліквідаваньні хутароў, Брылі пашыраліся за кошт перасяленьня ў яе жыхароў невялічкай вёскі Ісьцьмужніц (яна знаходзілася справа перад лесам, калі ехаць па Брылёўскім полі з Касьцюкоў у бок Вялікага Стахава). Свае хаты перасяленцы будавалі па вуліцы ў бок Касьцюкоў.

У час Другой сусьветнай вайны вёска цалкам згарэла.

У 1960 годзе ў Брылях было 408 жыхароў. Працягваўся рост вёскі яшчэ пэўны час і ў далейшым. Цяпер у вёсцы меней за сто двароў і прыблізна столькі ж пастаянных жыхароў.

Брылёўскае поле. Помнік-абэліск у гонар жаўнераў вайны 1812 года

Яшчэ ў 1912 годзе І. Каладзеевым да 100-годзьдзя падзеяў на пераправе празь Бярэзіну на Брылёўскім полі быў усталяваны першы помнік, які ўшаноўваў памяць расейскіх войскаў. Аднак прастаяў ён нядоўга. У 1920 годзе падчас вайсковых дзеяньняў ён быў разбураны. У 1962 годзе да 150-годзьдзя падзеяў на Брылёўскім полі быў усталяваны яшчэ адзін помнік. Тады ж быў закладзены і мэмарыяльны гай.

У 1992 годзе помнік І. Каладзеева быў адноўлены ў першапачатковым выглядзе, а ў 1995 годзе на Брылёўскім полі быў пастаўлены помнік салдатам, якія змагаліся на францускім баку і загінулі падчас пераправы праз Бярэзіну ў 1812 годзе. Ужо амаль пятнаццаць гадоў штогод на Брылёўскім полі ладзяцца рэканструкцыі падзеяў 1812 году. Найбольш маштабныя зь іх праводзіліся ў 2002 годзе.

Каардынаты: 54.312213, 28.353856.