Барысаўскі раён

Вяляцiчы

Вяляцічы – аграгарадок на рацэ Нача. Размешчаны за 27 кiлямэтраў на ўсход ад Барысава, за 10 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Аздзяцічаў, за 5 кiлямэтраў на поўдзень ад Сморак. На ўсход ад Вяляцічаў знаходзіцца Вяляціцкая лясная дача.

Паводле адной з вэрсіяў, назва «Вяляцічы» паходзіць ад імя старажытнага племя волатаў (вельтаў, вялетаў), якія быццам жылі ў гэтых мясьцінах.

З XIX стагодьдзя даследчыкам вядома пра гарадзішча ў Вяляцічах паблізу ўпадзеньня Начы ў Бобр, датаванае канцом 1-га тысячагодьдзя да нашай эры – 1-й паловай 1-га тысячагодьдзя нашай эры. У 1936 годзе праводзілася даследаваньне гарадзішча, выяўлены рэчы культуры штрыхаванай керамікі і мілаградзкай культуры. Вакол гарадзішча яшчэ ў XIX стагодьдi добра прасочваўся роў выразна абарончага прызначэньня. Да цяперашняга часу гарадзішча і знаходкі з яго не захаваліся.

Курганы (валатоўкі, капцы) з пахаваньнямі Х–ХІ стагодьдзяў знаходзяцца ва ўрочышчы Валаткова поле паблізу Перавозу, яны выяўлены ў 1924 годзе, адзначалася група курганоў. Станам на 1979 год курганоў заставалася 13. Станам на 2000 год курганы засталося толькі 3.

У 1516 годзе праз гэтыя землі дарогай Друцк – Горадня – Барысаў ехаў Сігізмунд Герберштэйн, у канцы 1516 года гэтай жа дарогай ён вяртаўся з Масквы. Аднак Вяляцічы ў яго запісках не згаданы, наогул у запісках Герберштэйна паміж Горадняй і Барысавам названа толькі адна вёска на палове шляху паміж імі, вандроўнік адзначаў бязлюднасьць.

Упершыню Вяляцічы згадваюцца пад 1562 годам. У ХVІ стагодьдзi мясьціны вакол Вяляцічаў ў прыватным ўладаньні, але ў ХVII стагодьдзi землi ўжо належылі дзяржаве. На пачатку XIX стагодьдзя землі ў пажыцьцёвым уладаньні І. Тышкевіча, але з сярэдзіны XIX стагодьдзя зноў сталi дзяржаўнымi. Цэнтрам землеўладаньняў быў Вяляціцкі маёнтак.

Вяляцічы pначна пацярпелі падчас вайны 1812 года. Паводле паданьня, падчас адступленьня французаў у Вяляцічах спынілася іх група войскаў, каля ўпадзеньня Начы ў Бобр французы вырашылі капаць вялікія ямы і сабралі мясцовых мужыкоў, у ямы закопвалі забітых салдат і маёмасьць, а ўсіх працаўнікоў забралі з сабою, каб нічога не расказалі пра закапаныя скарбы.

У маёнтку быў вадзяны млын, ён згадваецца ў 1644, 1722, 1800, 1870 і іншых гадах. Апошні млын быў двухпавярховы, драўляны, пабудаваны да 1917 года і працаваў яшчэ нейкі час пасьля Другое Сусветнае вайны. Рэшткі млына і падваднога канала захаваліся да цяперашняга часу. У Вяляцічах згадваецца карчма (1722), лесапілка (1800), сукнавальня (1800, 1932), піцейная крама, хлебазапасны магазін (1870), смалакурня, кузьня, ваўначоска (1917).

У XIX – пачатку XX стагодьдзяў Вяляцічы – цэнтр воласьці.

15 мая 1869 года Вяляцічы купляе Пётр Занцэвіч, яго нашчадкам маёнтак належаў да 1917 года. Напярэдадні рэвалюцыі 1917 года ў маёнтку было некалькі будынкаў, у тым ліку сядзібны дом і шэраг гаспадарчых пабудоваў, знаходзіліся яны на беразе сажалкі, быў прыгожы і дагледжаны парк, алеі парка асьвятляліся ліхтарамі. Пасля рэвалюцыі маёнтак і яго парк хутка прыйшлі ў заняпад. Да цяперашняга часу нічога ад маёнтка не захавалася, некаторыя рэчы з сядзібы Занцэвічаў разабралі мясцовыя жыхары

З 1924 года Вяляцічы – цэнтар сельсавета.

Царква Праабражэньня Гасподняга

Царква пабудаваная ў 1990-я гады замест колiшняй, зруйнаванай ў 1953 годзе.

Каардынаты: 54.166415, 28.908775.