Барысаўскі раён

Зэмбiн

Зэмбін – вёска на рацэ Зэмбінцы, знаходзіцца за 30 кiлямэтраў на паўночны захад ад Барысава, за 33 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Барысаў; на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Барысаў – Плешчаніцы і Лагойск – Бягомель. Насельніцтва вёскi на 2010 год складала 723 чалавекі.

Зэмбін – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся корпус кляштару дамініканаў, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны расейскімі ўладамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Зэмбін спазнаў значныя зьмяненьні. Пачатковай формай, імаверна, быў Жабін — ад прозьвішча Жаба. На мапе XVI стагодьдзя паселішча значыцца як Жэмбін. Пазьней «ж» перайшло ў «з» падобна на тое, як гэта адбылося ў Жыгмант – Зыгмант, жалеза – залеза (дыялектнае), Ждановіч – Здановіч і г. д. Ужо пад 1592 годам мястэчка ўпамінаецца як Зэбін. Такім чынам, трансфармацыя назвы мела наступны выгляд: Жабін – Жэбін – Зэбін – Зэмбін.

Паводле дасьледнікаў XIX стагодьдзя, сярод навакольных паселішчаў Зэмбін зьяўляецца найстарэйшым. Аднак дакладная дата яго заснаваньня застаецца невядомай. Першы пісьмовы ўпамін датуецца толькі 1526 годам. У гэты час тут існаваў вялікі маёнтак, якім валодалі Радзівілы. Пра значнасьць маёнтку сьведчыць тое, што для кіраваньня ім прызначаўся дзяржаўца. Як вядома, дзяржаўцы ў Вялікім Княстве Літоўскім прызначаліся толькі ў вялікакняскія або ў буйныя маёнткі. У ліпені 1592 году дзяржаўцам зэмбінскім быў Януш Длускі. У канцы XVI – пачатку XVII стагодзьдзяў маёнтак належаў прадстаўніку іншага вядомага літоўскага роду – Станіславу Кішку.

У XVІ – першай палове XVІІ стагодзьдзя адбыўся росквіт Зэмбіна. У гэты час ён меў статус мястэчка. Зь сярэдзіны XVІІ стагодьдзя. праз вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай і яе наступствы Зэмбін, як і ўся краіна, перажыў моцны заняпад. Пачатак XVIII стагодьдзя не прынёс палёгкі. Вайсковыя дзеяньні за часамі Вялікай Паўночнай вайны абмінулі мястэчка, аднак працяглае разьмяшчэньне тут хаўруснага маскоўскага войска на чале зь Меншыкавым давяло край да поўнага жабрацтва. З гэтай прычыны Зэмбін згубіў статус мястэчка. На 1777 год тут было 38 двароў, карчма, бровар і 2 вадзяныя млыны.

Пераломным у лёсе Зэмбіна быў 1783 год. Тагачасны ягоны гаспадар Храптовіч дамогся вяртаньня паселішчу статусу мястэчка і запрасіў сяліцца ў ім усіх вольных людзей (як хрысьціянаў, так і нехрысьціянаў) і стварыў ім умовы вядзеньня гандлю. З гэтага часу ў Зэмбіне пасяліліся жыды, а сам ён пачаў хутка расьці. Этнічная зьмена складу насельніцтва прывяла да зьмены вонкавага выгляду. Калі раней на Рынку стаяла царква, то неўзабаве па вяртаньні статусу мястэчка на яе месцы ўзьвялі сынагогу (апошняя бажніца на гэтым месцы існавала яшчэ да Другое сусьветнае вайны), а новую царкву збудавалі паміж 1783 і 1800 гадамі ў баку ад цэнтру – там, дзе і цяпер знаходзіцца больш позьняя царква-мураўёўка.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Зэмбін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Новыя ўлады адабралі мястэчка ў Яўхіма Храптовіча, але ўжо ў 1807 годзе вярнулі ягонаму сыну Ірынею. У 1795 годзе ў Зэмбіне адкрылася пошта, у якой было 4 паштальёны і 8 коней. На 1800 год у мястэчку было 52 двары, дзейнічалі касьцёл і царква, штогод праводзіліся 2 кірмашы, працаваў вадзяны млын. У 1811 годзе царкву адбудавалі намаганьнямі Францішка Сержпутоўскага.

У вайну 1812 году 30 чэрвеня Зэмбін занялі францускі войскі, у лістападзе таго ж году ў мястэчку правёў першую ноч па трагічнай пераправе празь Бярэзіну Напалеон. Тут жа ў касьцёле спавядаўся цяжка паранены францускі генэрал. У Зэмбіне ён памёр і спачыў на могілках. У 1834 годзе Ірыней Храптовіч прадаў частку мястэчка Ліхадзіеўскаму. Апошні здаваў яго ў арэнду.

Зэмбін здаўна быў цэнтрам культуры і адукацыі. Мясцовая бібліятэка, якая, хутчэй за ўсё, утварылася з заснаваньнем у першай палове XVІІ стагодзьдзя кляштару дамініканаў, была ў свой час найбагацейшай у краі. Існавала яна да 1812 году, калі згарэла ў часе вайсковых дзеяньняў. Былі ў Зэмбіне з даўніх часоў і навучальныя ўстановы. Так, разам з пабудовай у пачатку XIX стагодьдзя новага будынка касьцёла, пры ім утварылася школа.

Вайна паміж Расейскай імпэрыяй і Францыяй і вызвольныя паўстаньні 1830–1831 і 1863–1864 гадоў, у якіх актыўна ўдзельнічалі зэмбінцы, спынілі рост мястэчка. Калі на 1800 год яно мела 52 двары, то на 1864 – толькі 50. Пазьней Зэмбін зноў хутка рос. У 1880 годзе ў ім ужо было 139 двароў (101 зь іх валодалі жыды). Мястэчка стала цэнтрам воласьці. На 1890 год у яе склад уваходзілі 124 населеныя пункты з агульнай колькасьцю насельніцтва 9202 чалавекі. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Зэмбіне было 164 двары, дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі школа, млын, 4 кузьні, 23 крамы, 3 карчмы і 5 заезных дамоў. У 1900 годзе згарэла драўляная царква, на месцы якой у 1903–1904 гадох збудавалі мураваную. У 1912 годзе ў мястэчку пачала працаваць паштова-тэлеграфная кантора.

За часамі Першае сусьветнае вайны ў лютым 1918 году Зэмбін занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Зэмбін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 годзе стаў цэнтрам раёну (з 1927 году ў Барысаўскім раёне).

У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году Зэмбін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.

Зэмбiнскае гета.

Для выкананьня праграмы зьнішчэньня габрэяў у Зэмбіне ў ліпені 1941 года нацысты арганізавалі гета – побач з габрэйскімі могілкамі, на Рабоча-сялянскай вуліцы (сёньня гэта вуліца Ізі Харыка, габрэйскага савецкага паэта, публіцыста, грамадзкага дзеяча). Гета ў Зембіне праіснавала адзін месяц.

У сярэдзіне жніўня 1941 года 18 габрэям загадалі выкапаць на паўночнай ускраіне Зэмбіна вялізную яму даўжынёй 46 мэтраў і шырынёй 3 мэтры са прыступкамі ўніз па краях. Каб не выклікаць падазрэньняў, немцы заявілі, што яма патрэбная для пахаваньня непрыдатнай ваеннай тэхнікі, якая замінае працы на палях. Раніцай 18 жніўня (17 ліпеня) 1941 года, у панядзелак, паліцаі Гнот і Голуб загадалі вязьням гета сабрацца каля кiрмашу нібыта для праверкі дакумэнтаў і, калі ўсе прыйшлі, іх прымусілі стаць на калені.

Паліцаі адабралі 20 самых фізічна моцных мужчынаў, завялі іх у лес да ямы і застрэлілі. Затым пакінутых габрэяў адводзілі туды ж і забівалі групамі па 15-20 чалавек. Масавае забойства 927 габрэяў, у большасьці старых, жанчын і дзяцей, было скончанае да трох гадзінаў дня 18 жніўня 1941 года і яма з іх целамі была засыпаная.

Жыхар Зэмбіна Шэндэраў, які з-за старэчага веку ня мог ужо сам перасоўвацца, і родных якога прымусілі прынесьці яго, памёр сам, яшчэ да расстрэлу, на руках блізкіх. З усіх асуджаных каты пакінулі ў жывых толькі малалетніх дачку і сына Хасі Хадасевіч, бацька якіх не быў габрэем. Яе дачка, Рэма Асіноўская-Хадасевіч, распавяла пра свайго рускага бацьку, што пацьвердзіў начальнік паліцыі Зэмбіна Давід Эгоф (паволскі немец, які працаваў да вайны ў зэмбінскай школе настаўнікам нямецкай мовы). Рэму і яе чатырохгадовага брата адпусьцілі, а маці і ўсіх родных расстралялі.

У 1967 годзе сваякі загінулых габрэяў на свае сродкі абгарадзілі месца растрэлу бетонным плотам і ўсталявалі памятную дошку (у 1992 годзе замененую на мэталёвую для большай захаванасьці ад неаднаразовых актаў вандалізму).

У жніўні 2001 года замежныя сваякі зэмбінскіх габрэяў, забітых у часы Халакосту, сабралі грошы і ўсталявалі помнік на месцы расстрэлу.

У 2000-я гады паселішча атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар дамініканаў – помнік архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў у Зэмбіне, твор архітэктуры барока і клясыцызму. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс Зэмбінскага дамініканскага кляштару складаўся з касьцёла і кляштарнага комплексу. У другой палове XIX стагодьдзя улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі кляштар, у першай палове XX стагодьдзя савецкія ўлады зачынілі касьцёл, які да нашага часу прыйшоў у заняпад.

У 1609 годзе (паводле іншых зьвестак, у 1640 годзе) падкаморы ашмянскі Адам Мацей Саковіч і ягоная жонка Мар’яна (з Тышкевічаў) фундавалі ў Зэмбіне кляштар дамініканаў. Неўзабаве ў мястэчку збудавалі драўляныя касьцёл і кляштар. Пры кляштары дзейнічаў шпіталь і школа, існавала бібліятэка.

У 1766 годзе ўладальнік Зэмбіна Адам Храптовіч выдзяліў сродкі на будаваньне мураванага кляштару. У 1790 годзе стары драўляны будынак згарэў. У 1790–1809 гадох будаваўся новы мураваны касьцёл, асьвечаны 15 жніўня 1809 году.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Зэмбін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1833 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, па чым касьцёл дзейнічаў як парафільны.

У другой палове XIX стагодьдзя расейскія ўлады зруйнавалі будынак кляштару (імаверна, захаваліся падмуркі). У пачатку XX стагодьдзя вернікі на ўласныя сродкі адрамантавалі касьцёл.

За савецкім часам касьцёл дзейнічаў да 1933 году, калі яго гвалтоўна зачынілі савецкія ўлады, і пэўны час у Другую сусьветную вайну.

У красавіку 2022 году абрынулася частка бакавой сьцяны і франтона будынка касьцёла. У бягучы час касьцёл патрабуе неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі.

Каардынаты: 54.361789, 28.219358.

Царква Сьвятога Міхала Арханёла

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Зэмбіне збудавалі ў 1903–1904 гадох на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду. 19 кастрычніка 1908 году настаяцель Васкрасенскага сабора Барысава протаярэй Мікалай Фалевіч зьдзейсьціў чын асьвячэньня царквы.

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. За часамі Другое сусьветнае вайны будынак царквы атрымаў нязначныя пашкоджаньні. Па вайне савецкія ўлады перарабілі яго пад склад сельскагаспадарчай прадукцыі і малатарню. У 1965 годзе, каб зьняць адзін з ваенных эпізодаў фільму «Пераклічка», алтарную сьцяну царквы падарвалі дынамітам.

У 2010–2014 гадох касьцёл адбудавалі. Пры аднаўленчых працах у 2014 годзе настаяцель ярэй Андрэй Капульцэвіч выявіў падмуркавы камень з надпісам: «Сьвяты храм збудаваны за сьвятаром Канстантынам Шафаловічам 1904 год».

Каардынаты: 54.357364, 28.221038.