Койданаўскі (Дзяржынскі) раён

Фанiпаль

Фаніпаль – места каля ракі Вязенскай, уваходзіць у склад Койданаўскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 16.444 чалавекі. Знаходзіцца за 15 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Койданава і МКАД, за 22 кiлямэтры ад Менску, каля аўтамабільнай дарогі Берасьце – Ворша; чыгуначная станцыя на лініі Менск – Баранавічы.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, у аснове тапоніму Фаніпаль жаночае імя Фаня (Фэонія або Яўхімія) у спалучэньні з фармантам -поль (поле). Таксама існуе легенда, што паселішча атрымала сваю назву ў гонар дачок мясцовага зямяніна – Фані і Полі.

Першы пісьмовы ўпамін пра Фаніпаль як фальварак зямянаў Энэльфэльта і Багдашэўскага датуецца 1856 годам. У 1871 годзе тут адкрыўся чыгуначны прыпынак Чэчын, які пазьней ператварылі ў станцыю Токараўскую (Токараўку), названую ў гонар менскага губэрнатара Токарава – заснавальніка Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі. 9 жніўня 1876 году чыгуначная станцыя пачала называцца Фаніпаль.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Фаніпаль абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР.

У 1965 годзе ў Фаніпале пабудавалі першы завод – гэта адзіны ў Беларусі завод жалезабэтонных маставых канструкцыяў. 29 красавіка 1984 году Фаніпаль атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу, а 22 чэрвеня 1999 году – статус гораду раённага падпаракаваньня. 20 лістапада 2006 году афіцыйна зацьвердзілі герб места.

Спаса-Узьнясенская царква

Для патрэб праваслаўнай парафii ў пачатку 2000-х гадоў была пабудаваная царква Ушэсьця Гасподняга.

Каардынаты: 53.7389422, 27.315723.

Уяздная брама царквы

Касьцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і беззаганнага Сэрца Марыі

Касьцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса па стане на пачатак 2004 года знаходзіўся на стадыі завяршэньня будаўніцтва.

Каардынаты: 53.750566, 27.326769.