Негарэлае – пасёлак на рацэ Ператуці у складзе Негарэльскага сельсавету Койданаўскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзіцца за 10 кiлямэтраў на паўднёвы захад ад Койданава, за 48 кiлямэтраў ад Менску. Чыгуначная станцыя на лініі Менск – Баранавічы. Аўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Баранавічы, Узду, Стоўпцы. Насельніцтва на 2009 год складала 982 чалавек.
Упершыню Негарэлае згадваецца ў ХVI стагодзьдзі як перасадкавая і паштовая станцыя на конным гасьцінцы Менск – Наваградак, у Менскім павеце. У 1588 Негарэлае ўвайшло ў склад Койданаўскага графства Радзівілаў. Станам на 1620 у вёсцы быў 41 двор.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Негарэлае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Койданаўскай воласьці. На 1794 у маёнтку было 272 двары, 3 вінакурні, 2 млыны.
Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 расейскія ўлады адабралі Негарэлае ў Радзівілаў. Маёнтак перайшоў да Ю. Абрамовіча,у 1879 – да Э.Чапскага. У лістападзе 1871 празь Негарэлае прайшла Маскоўска-Берасьцейская чыгунка, адкрылася чыгуначная станцыя. З 1908 у вёсцы працавала народная вучэльня.
Цягам 1921–1939 Негарэлае выконвала ролю савецкай пагранічнай станцыя з заставай і мытняй. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.
30 кастрычніка 2009 году статус населенага пункту паніжаны зь мястэчка да пасёлку.
Касьцёл Перамяненьня Пана
Касьцёл у Негарэлам быў пабудаваны пасьля 1990 году ў эклектычным стылі з элемэнтамі, характэрнымі як для готыкі, так і для барока.
Каардынаты: 53.609008, 27.072875.

Iнтэр’ер касьцёла

Вiдарыс на ўнутраны аб’ём з хораў

Вадацяжная вежа
Вадацяжная вежа была пабудаваная ў Негарэлым ў пачатку XX стагодьдзя з чырвонай цэглы, мае васьміканцовую цыліндрычную форму. Вышыня – 50 мэтраў. Вежа забяьспечвала тэхнічнай вадой паравозы, а таксама чыстай – пасажыраў і супрацоўнікаў станцыі.
Каардынаты: 53.608372, 27.068576.

Дом афіцэрскага складу пагранзаставы
Цяперашні жылы двухпавярховы дом – колiшняя казарма пагранічнікаў 16-га Койданаўскага пагранічнага атрада.
Каардынаты: 53.613783, 27.080745. Адрас: вулiца Ленiнская 86.



