Станькаў (афіцыйная назва – Станькава) – вёска на рацэ Рапусе, даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Сёньня гэта цэнтар сельсавету. Насельніцтва на 2010 год складала 1692 чалавекі. Знаходзіцца за 10 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Койданава, за 8 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Койданава (лінія Менск – Баранавічы). Праз Станькаў праходзяць аўтамабільныя дарогі на Менск, Койданаў, Узду.
На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Станькаў утварыўся ад памяншальнай формы імя Станіслаў. Традыцыйная гістарычная назва паселішча – Станькаў. Форма Станькава (рас. Станьково) пачала шырока ўжывацца ў выніку перайначваньня тапоніму на расейскі манер.
Першы пісьмовы ўпамін пра Станькаў як сяло ў валоданьні Дарагастайскіх датуецца 1407 годам. Пазьней паселішчам валодалі Радзівілы, з 1772 году Чапскія.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Станькаў увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. На 1588 год у мястэчку было 30 двароў, касьцёл, царква, рынак.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Станькаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету Менскай губэрні. У пачатку XIX стагодьдзя мястэчка стала цэнтрам ключу. З 1815 году тут працаваў сьпіртзавод, у 1858 годзе збудавалі царкву Сьвятога Мікалая Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы), у 1863 годзе адкрылася сельская прыходзкая школа (51 вучань: 39 хлопчыкаў, 12 дзяўчынак), у 1868 годзе – нядзельная школа, шпіталь. Уладальнік маёнтку Эмэрык Чапскі стварыў музэй з уласных збораў. У 1876 годзе мастак Напалеон Орда зрабіў замалёўкі Станькава. На 1886 год у мястэчку было 42 двары, валасная ўправа, царкоўна-прыходзкая школа, лякарня.
У Першую сусьветную вайну тут некаторы час разьмяшчаўся штаб расейскай 4-й арміі Заходняга фронту. У лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Станькаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.
Палацава-паркавы комплекс Гутэн-Чапскіх
Сядзiба графа Эмэрыка Захарыя Мікалая Севярына фон Гутэн-Чапскага
Палацава-паркавы комплекс Чапскіх – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодьдзя. Знаходзіцца на раўнінным рэльефе з схілам у бок ставу, які абмяжоўвае яго з поўдня. З захаду мяжа праходзіць галоўнай вуліцай колішняга мястэчка. Твор рамантычнай архітэктуры.
Комплекс складаўся з палаца, флігеля, павільёну (скарбчыка), двух жылых дамоў, гаспадарчых пабудоваў, альтанкі, брамы і парку. Падземнымі пераходамі-калідорамі палац злучаўся з флігелем (кухня), з паўночнага боку – з скарбчыкам.
Сядзіба ў Станькаве знаходзілася ў валоданьні Чапскіх і сфармавалася ў XIX ст. У 1870-я гады Эмэрык Чапскі заклаў парк пры сядзібе, у 1880 годзе збудаваў мураваны палац з флігелем і скарбчыкам – адмысловым павільёнам, прызначаным да захоўваньня калекцыяў уладальніка сядзібы. У 1880–1890-я гады пры ўезьдзе з усходу збудавалі браму з вартоўняй. Каля 1900 году пры сядзібе збудавалі жылы дом для абслугі. Па 1918 годзе ў палацы сьпярша разьмясьцілі школу, потым дзіцячую калёнію. За часамі Другой сусьветнай вайны палац зруйнавалі, на яго месцы збудавалі школу-інтэрнат.
Паўночная ўяздная брама i дом вартаўніка (рэшткi)
Каардынаты: 53.636648, 27.224727.


Скарбчык (павiльён)
Скарбчык – 2-павярховы квадратны ў пляне павільён з чатырма кутнімі вежамі, скарбчык нагадвае мініятурны сярэднявечны замак. Вежы маюць шатровыя завяршэньні і аздабляюцца аркатурнымі пасамі. Сьцены бакавых і тыльнага фасадаў маюць завяршэньні ў выглядзе шчытоў. Вокны прастакутныя на першым паверсе і стральчатыя на другім, аформленыя прафілявымі сандрыкамі.
У Скарбпчыку цi Скарбнiцы Эмерык Гутэн-Чапскі размясьціў найбагацейшую (нават па эўрапейскіх мерках) калекцыю манет, медалёў, мінэралаў, а таксама гравюры на гістарычныя тэмы, мастацкія палотны Ваньковіча, Айвазоўскага, Аксентовіча. У гэтым будынку знаходзілася і шырокая бібліятэка, якая налічвала каля 20 тысячаў тамоў, у тым ліку рэдкія рукапісы і кнігі з аўтографамі А. Міцкевіча, Я. Тышкевіча, А. Ельскага. Музейная калекцыя «Скарбніцы» ўключала ў сябе старажытную зброю, абразы, фамільнае срэбра, фаянс, гданьскую мэблю, слуцкія паясы, археалягічныя знаходкі і геалягічныя рэдкасьці. Усе калекцыі былі апрацаваныя, сістэматызаваныя і выдадзеныя ў выглядзе кніг або каталёгаў.
У 1894 годзе Эмерык пераязджае ў Кракаў, пакідаючы Станькава свайму сыну Каралю. Пры пераезьдзе ў Кракаў гэтыя каштоўнасці граф павёз з сабой. Пасля сьмерці графа ўсе гэтыя скарбы сталі асновай музея Чапскіх у Кракаве. А гаспадарыць у маёнтку застаўся ягоны сын – Караль Ян Чапскі. Той самы, які з 1890-га па 1901-ы гады займаў пасаду гарадзкога галавы Менска і зрабіў шмат карыснага для нашай сталіцы, ператварыўшы яе сваімі рэформамі ў сучасны эўрапейскі горад. Пры ім у Мінску з’явіліся электрастанцыя, тэлефонная сувязь, тэатар, трамвай-конка і многія іншыя весьнікі цывілізацыi.
Каардынаты: 53.635341, 27.218866.


Жылы дом (дом прыслугі)
Жылы дом – помнік архітэктуры нэаготыкі. Гэта 2-павярховы Г-падобны ў пляне, з кароткім 2-павярховым і падоўжаным 1-павярховым крыламі. Тарцовыя часткі 2-павярховага аб’ёму завяршаюцца ступеньчатымі шчытамі. Паверхі аддзяляюцца карнізным пасам, вуглы руставаныя, вокны першага паверху стральчатыя, другога – прастакутныя. Вылучаецца паўднёвы фасад аднапавярховага аб’ёму, у дэкоры якога выкарыстоўваюцца пілястры, прафіляваныя ліштвы, прастакутныя аконныя праёмы, сандрыкі.
Каардынаты: 53.635467, 27.222733.


Водацяжная вежа (рэшткi)
Каардынаты: 53.635434, 27.220253.

Кароўнiк
Каардынаты: 53.636131, 27.222808.

Станькаўскiя замалёўкi



Парк
Парк у Станькаве – пэйзажнага тыпу з элемэнтамі рамантызму. Плошча каля 15 гэктараў. З трох бакоў атачаецца мурам, на поўдні – вялікі стаў. Кампазыцыя будуецца на трох шырокіх пэрспэктывах, якія з узвышанай часткі раскрываюцца ў бок ставу. У заходняй частцы парку стаяў палац. На паўднёвым усходзе ад палаца пачынаўся шырокі луг, перарэзаны пратокай зь дзьвюма выспамі. Праз масіў дрэваў праходзіць шырокая алея, якая па схіле вядзе да выспаў. На заходняй высьпе стаіць альтанка – 8-калённая ратонда. Замыкае пэрспэктыву Мікалаеўская царква.
На партэры перад палацам быў невялікі круглы фантан (захавалася яго чаша).
Парк. Возера
Возера у Станькаве – вадаём на рацэ Рапуса.

Парк. Альтанка
Альтанка была пабудаваная у канцы XIX стагодьдзя. Менавiта гэтую альтанку магчыма ўбачыць у кадрах спатканьня Машы і Ўладзіміра ў стужцы 1936 гада «Дуброўскі».
Каардынаты: 53.632312, 27.221574.

Царква сьвятога Мiкалая
Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Станькаве збудавалі ў 1852–1858 гадох на падмурках царквы XIV стагодьдзя і пазьнейшых дзьвюх цэркваў XVIII стагодьдзя (драўлянай царквы Літоўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату, збудаванай князем Радзівілам, і Петрапаўлаўскай Сьвятога Пасаду). Увогуле, першы пісьмовы ўпамін пра царкву ў Станькаве датуецца 1387 годам у зьвязку з прыналежнасьцю мястэчка вялікаму князю Вітаўту. Пазьней яе перабудоўвалі яшчэ 4 разы. Калі Станькаў перайшоў у валоданьне князёў Радзівілаў, ад царквы пад возерам насупраць уваходу збудавалі тунэль да паркавай альтанкі.
Праект новай царквы распрацаваў расейскі архітэктар Канстанцін Тон, аўтар храма Хрыста Збаўцы ў Маскве, а яе фундатарам выступіў граф Эмэрык Чапскі. За будаваньне царквы Чапскі атрымаў узнагароду да маскоўскага гаспадара Аляксандра ІІ, бо выдаткаваў на яе ўзьвядзенье некалькі тысячаў рублёў срэбрам. Асьвяціў храм менскі архіяпіскап Міхаіл. Царкву злучылі зь мясцовай сядзібай Чапскіх праз падземны калідор, які захаваўся да нашых дзён. 7 красавіка 1888 году ў царкве Сьвятога Мікалая ў Станькаве хрысьцілі Валянціну Менскую.
У 1920 годзе царква пэўны час ня дзейнічала. Бальшавікі вынесьлі зь яе ўсё найбольш каштоўнае: залатое начыньне, срэбра, рызьніцы, аклады, крыжы. Частку абразоў спалілі, частку – схавалі і зьбераглі вернікі. На пераплаўленьне пусьцілі званы, апроч найлольшага, яго не змаглі зьняць. Узімку 1936 году супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў БССР зачынілі царкву і арыштавалі яе прыхаджанаў, псаломшчыкаў і сьвятара з жонкай і 4-ма дзецьмі. Увесну 1937 году іх расстралялі, а з царквы скінулі 300-кіляграмовы крыж. Пры гэтым, загінула 5 супрацоўнікаў НКУС, двое зь якіх сарваліся з даху разам з крыжом. Іншых траіх прыдушыла пры падзеньні крыжа, бо стаялі ўнізе пад царквой. У будынку зачыненай царквы сталі захоўваць збожжа, а з пачаткам Нямецка-савецкай вайны – зброю. Пад нямецкай акупацыяй набажэнствы ў царкве аднавілі. Тады прыход належаў да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Аднак праз 2 тыдні нямецкія акупанты расстралялі сьвятара за сувязь з партызанамі. Пры адным з баёў боепрыпасы былі падарваныя. Пацярпеў інтэр’ер царквы. Па вайне ў царкве зноў захоўвалі збожжа, але па пажары перасталі. Дах царквы сталі разьбіраць на будаваньне сядзібы Станькаўскага сельсавету.
У сакавіку 1961 году на гаці прадрала старую плаціну. Было затоплена поле й суседняя вёска Каменка. Для ўзьвядзеньня новай плаціны разбурылі некаторыя пабудовы сядзібы і Сьвята-Мікалаеўскую царкву. Падрыўнікі зь Менску тройчы падрывалі царкву дынамітам. Пры гэтым вайскоўцы з аўтаматамі ачапілі пасёлак і сагналі яго жыхароў за возера. У выніку выбухаў па сьценах мэтровай таўшчыні на фасадзе пайшлі расколіны, а скляпеньні і званіца абрынуліся. З вайсковай часткі ў Станькаве прыгналі 2 баты, якія 5-ю сталёвымі тросамі расьцягвалі сьцены. Аднак праз разрыў тросаў і паломку рухавікоў у танкаў сьцены захаваліся. Да вечара расьцягнулі толькі паўднёвую й заходнюю прыбудоўкі. У 1972 годзе вяскоўцы прадухілілі паўторную спробу разбурыць царкву дзеля пабудовы лодачнай станцыі, стаўшы ў ачапленьне.
Каардынаты: 53.630976, 27.224447.
Царква сьвятога Мiкалая па стане на 2006 год

У 1997 годзе станькаўцы ўтварылі праваслаўны прыход дзеля аднаўленьня царквы Сьвятога Мікалая, якая атрымала статус помніка архітэктуры. 6 лютага 2006 году кананізавалі блажэнную Валянціну Менскую, якую хрысьцілі ў царкве Сьвятога Мікалая ў Станькаве. Увесну 2006 году беларускі экзарх Філарэт дабраславіў аднову царквы. Тады ж распрацавалі навукова-праектную дакумэнтацыю, а ўвосень 2006 году Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выдала дазвол на адбудову. Навуковым кіраўніком адновы стаў галоўны архітэктар Менскай япархіі Алег Масьліеў. Да верасьня 2007 году скончылі падрыхтоўку, а з кастрычніка пачалі рэстаўрацыю. У 2008 годзе правялі першае набажэнства. Да сьнежня 2013 году ў адбудову ўклалі звыш 2,5 млн даляраў, зь якіх звыш 2 млн $ склалі ахвяраваньні прыхаджанаў і 450.000 $ – дапамога ўрада Беларусі. За гэтыя сродкі набылі 22 вагоны чырвонай цэглы-сырца, якую выраблі на Обальскім заводзе (Шумілінскі раён). Для ўзьвядзеньня скарысталі вапнава-пяшчаную сумесь. Вокны і дзьверы зрабілі з сыбірскай лістоўніцы. Паводле ранейшага ўзору вырабілі тынкоўку і плітку для падлогі. На кожнай цагліне зьмясьцілі імёны ахвярадаўцаў.

Цэнтар экалягiчнага турызму Станькава
За паўтара кіляметры на поўдзень ад цэнтра Станькава знаходзіцца Цэнтар Цэнтар экалягiчнага турызму Станькава. Цікавае месца для аматараў жывёлаў і асабліва птушак.
Каардынаты: 53.616436, 27.221742.























