Лагойскі раён

Крайск

Крайск – вёска на рацэ Крайшчанцы, цэнтар сельсавету Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва па стану на 2010 год – 354 чалавекі. Знаходзіцца за 55 кiлямэтраў на паўночны захад ад Лагойску, за 40 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Вялейка; на аўтамабільнай дарозе Даўгінаў – Малыя Нястанічы.

Крайск – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Першы пісьмовы ўпамін пра Крайск як уладаньне дзяцей Юрыя Зяновіча датуецца 1523 годам. У 1523 годзе ягоныя сыны Мікалай, Міхал і Юры мелі спрэчку за бацькоўскія Гараўцы і Крайск, а ў 1526 годзе яны ж запісалі дзесяціну з апошняга на карысьць касьцёла ў родавым маёнтку Смаргонь.

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565 – 1566 гадоў Крайск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Пад 1567 годам ён упамінаецца ў попісе войска Вялікага Княства Літоўскага. На 1590 год тут было 22 дымы, царква, млын. Мястэчка і маёнтак знаходзіліся ў валоданьні ваяводы віцебскага Юрыя Насілоўскага і ягонай жонцы Ядвігі. У 1590 годзе Ядвіга Насілоўская пакінула Крайск свайму сыну Яну Осьціку. Вытрымка з інвэнтару, складзенага ў той час: «Двор з будованьем дворным, с пашней дворной, с гумном, з фольварком и быдлом, з ставы, млыны, с бояры и мещане в местечку Крайску, с поддаными людьми тяглыми и с их службами, и з огородниками и челядью дворною».

У інвэнтары таксама пайменна пералічваюцца ўсе падданыя, у тыс ліку 12 баярскіх радзінаў і 22 дымы (двары) мяшчанаў у мястэчку. Пазьней Крайскам валодалі Пташынскія, Каменскія, Тышкевічы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крайск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. У 1864 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў мястэчку народную вучэльню (у 1885 годзе навучаліся 54 хлопчыкі і 12 дзяўчынак). У 1872 годзе на месцы спаленай збудавалі новую царкву-мураўёўку. На 1886 год у Крайску было 6 двароў, дзейнічала царква, працавалі валасная ўправа і 3 крамы. На 1894 год дзейнічала царкоўнапрыходзкая школа, існаваў вадзяны млын. У пачатку XX стагодьдзя у Крайску збудавалі драўляны касьцёл. У 1905 годзе існавалі валасная ўправа, лекарскі участак, кватэра станавога прыстава, народная вучэльня, скарбовая вінная крама, мяшчанскае ўправа. У 1912 годзе працавала пошта.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Крайск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крайск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Крайскай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР, накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стала цэнтрам сельсавету Плешчаніцкага раёну (з 25 сьнежня 1962 году ў Лагойскім раёне). Статус Крайску панізілі да вёскі. На 1926 год тут быў 131 двор, на 1941 год – 85.

У Другую сусьветную вайну з 1941 да 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Царква сьвятога Мікалая Цудатворцы

З пачатку XVIII ст. у мястэчку дзейнічаў манастыр, пад 1745 годам упамінаецца драўляная царква Сьвятога Мікалая. Iснуючы сёньня храм быў пабудаваны ў другой палове XIX стагодьдзя.

Каардынаты: 54.521028, 27.501173.

Брама