Лагойскі раён

Лагойск

Лагойск – места на рацэ Гайне, адміністрацыйны цэнтар раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год – 13.099 чалавек. Знаходзіцца за 40 км ад Менску, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Смалявічы (лінія Менск – Ворша). Праз Лагойск праходзяць аўтамабільныя дарогі на Менск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладэчна.

Лагойск – места гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней – сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тут разьмяшчалася рэзыдэнцыя роду Тышкевічаў, да нашага часу захаваўся парк і руіны палаца, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодьдзя. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс манастыра базылянаў з царквой Божага Яўленьня, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі, а таксама касьцёл Сьвятога Казімера ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Тапонім Лагойск утварыўся паводле традыцыйнай схемы праз суфікс -ск. У час заснаваньня места такія назвы былі даволі пашыранымі. Праўда, практычна няма выпадкаў, калі б за аснову бралася нейкая асаблівасьць ляндшафту, таму папулярная думка пра ўтварэньне тапоніму ад слова лог выглядае сумнеўна. Часьцей за ўсё імёны местаў паходзілі ад назваў рэкаў. Існуе меркаваньне, што назву Лагожаск магло атрымаць паселішча, якое першапачаткова існавала недзе ля сутокаў Лагазіцы і Гайны (за 8 км ад сучаснага места). Пазьней яго маглі перанесьці на новае, больш зручнае месца, захаваўшы пры гэтым старую назву (такая практыка пераносу местаў была даволі звыклай у той час).

Варыянты напісаньня назвы ў гістарычных крыніцах: Лагожск, Лагожаск.

Асноўныя факты з гісторыі горада

• Першы пісьмовы ўпамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў «Павучаньні» Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У канцы XI стагодзьдзя паселішча далучылася да Полацкага княства.
• У 1127 годзе князь кіеўскі Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе выправы на Полацак разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсьціславічу. У 1180 годзе горад стаў сталіцай удзельнага княства.
• У першай чвэрці XIV стагодзьдзя Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла перадаў яго ў валоданьне свайму брату Скіргайлу, з 1392 году мястэчка – уладаньне вялікага князя Вітаўта. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV стагодьдьдзе) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў. У 1413 годзе ён ўвайшлоў у склад Віленскага ваяводзтва. З часоў княжаньня Казімера Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка.
• У пачатку XVI стагодзьдзя дзякуючы шлюбу Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю. З гэтага часу мястэчка стала цэнтрам графства. У 1532 годзе тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў Лагойск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512–1522, 1534–1537), і ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654 гадох) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.
• У 1609 годзе навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы торг і 2 кірмашы ў год.
• За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) 6 траўня 1708 году швэдзкае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе на месцы зруйнавага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў манастыр базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў узьвядзеньне мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1793 годзе.

Лагойскі замак i манастыр базылянаў. 1850 год. Рисунок М.Янушэвiча


• У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лагойск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. На 1795 год тут было 90 хрысьціянскіх і 26 юдэйскіх двароў, дзейнічалі касьцёл, царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі манастыр; тройчы на год: 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэфэрэндар і канцлер Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч. У 1814–1819 гадох тут збудавалі 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй. Канстантын Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі. У 1842 годзе браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў. На 1844 год у Лагойску было 146 двароў і 5 вуліцаў (Замкавая, Спаская, Мікольская, Плешчаніцкая і Віленская), штогод праводзіліся кірмашы: на 6 жніўня (Перамяненьне) і 6 сьнежня (Сьвяты Мікола). Існаваў аднайменны маёнтак, у складзе якога было 4 фальваркі і 9 вёсак. У маёнтку працавалі 3 млыны, вінакурня, лесапільня і 3 карчмы. На 1861 год у мястэчку працавалі шкіпінарны і медны заводы.
• У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Лагойску народную вучэльню, дзе выкладаньне вялося на расейскай мове. На 1866 год у мястэчку было 172 двары, дзейнічалі касьцёл, капліца, царква і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. У 1886 годзе працавалі валасная ўправа, вінакурня, 5 крамаў, 2 карчмы, вадзяны млын і хлебазапасны магазын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году ў мястэчку было ўжо 302 двары, працавалі народная вучэльня, гарбарны завод, 2 вадзяныя млыны, 9 кузьняў, сукнавальня, 14 крамаў, штогод адбываліся 3 кірмашы.
• За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лагойск занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
• 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лагойск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. 17 ліпеня 1924 году Лагойск стаў цэнтрам раёну. На 1933 год у мястэчку працавалі электрастанцыя, цагельны завод (з 1928 году), хімічная лясная гаспадарка, лясная прамысловая гаспадарка (з 1930 году) і маслазавод (з 1932 году). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.
• 3 чэрвеня 1998 году Лагойск атрымаў статус места.

Палац Тышкевiчаў (рэшткi)

Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў у Лагойску – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодзьдзя. Знаходзіцца ў цэнтры места, на правым беразе ракі Гайны. Твор архітэктуры клясыцызму, помнік архітэктуры позьняга клясыцызму (ампіру) з выкарыстаньнем элемэнтаў дарычнага ордэра. Комплекс утвараў разьвітую архітэктурную кампазыцыю, якая разьмяшчалася на ўзвышшы і скіроўвалася да ракі. Асноўная алея пэйзажнага парку пачыналася ад палаца і вяла да галоўнай вуліцы места. На сядзібным двары знаходзіліся «кухарня», лядоўня, стайня, вазоўня і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Большую частку палаца, а таксама гаспадарчыя збудаваньні і капліцу зьнішчылі ў канцы Другой сусьветнай вайны. Захаваліся руіны сьцяны бакавога крыла палаца і парк.

Яшчэ ў старажытнасьці над ракой Гайнай, пры тракце, які вёў зь Менску ў Дынабург, знаходзілася гарадзішча. Пазьней на ім узьнік фэўдальны замак, сьценам якога неаднойчы даводзілася трымаць аблогу.

У канцы XV стагодьдзя Лагойск атрымаў статус мястэчка, у цэнтры паселішча збудавалі ратушу з гадзіньнікам на фасадзе. У пачатку XVI стагодьдзя Тышкевічы мелі два палацы ў прадмесьцях Лагойску – Луцаўшчыне і Заазер’і, на беразе Заазерскага возера за 1,5 кiлямэтры на паўднёвы ўсход.

У 1814–1819 гадох на месцы старажытнага замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх, зьнішчанаго крымскімі татарамі ў 1505 годзе, потым мураванага замка Тышкевічаў, разбуранага швэдамі ў 1708 годзе, узьвялі новы мураваны палац.

Каардынаты: 54.205445, 27.844682.

Палац Тышкевiчаў. Напалеон Орда. 1864–1876 годы

У 1920-я гады Лагойск атрымаў статус адміністрацыйнага цэнтру аднаго з пагранічных раёнаў Менскай акругі БССР. Савецкія ўлады нацыяналізавалі маёнтак, а палац і іншыя пабудовы прыстасавалі пад розныя адміністрацыйна-гаспадарчыя патрэбы, таксама выкарыстоўвалі іх як жылыя памяшканьні. Скляпеньні палаца, паводле словаў мясцовых жыхароў, у 1920–1940-я гады выкарыстоўваліся ў якасьці вязьніцы – спачатку НКВД, а пазьней немцамі. У канцы Другой сусьветнай вайны палац падарвалі, захаваўся толькі невялікі фрагмэнт сьцяны паўднёвага крыла будынка.

Парк пачынаючы з 1920-х гадоў паступова прыходзіў у заняпад. Пазьней, у 1950–1980-я гады, неаднаразова падпадаў пад пераплянаваньне, у тым ліку стыхійнае.

Палац Тышкевiчаў. М. Янушэвіч, каля 1850 году

На жаль, на сёньняшні дзень ад Палаца Тышкевічаў засталіся толькі руіны. У парку можна ўбачыць невялікія фрагмэнты сьценаў і падмурка.

Касьцёл Сьвятога Казімера

Колiшнi касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Казімера – помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя. Знаходзіўся на пагорку ў цэнтры места пры Плешчаніцкай вуліцы, на левым беразе ракі Гайны. Твор архітэктуры клясыцызму.

У 1609 року Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, які адначасна стаў пахавальняй лагойскай галіны роду Тышкевічаў. Драўляная сьвятыня згарэла ў 1655 року ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, касьцёл быў спалены, пазьней адбудоўвалася і зноў зьнішчалася. Пры лагойскім касьцёле дзейнічалі парафіяльная школа, шпіталь, брацтва Сэрца Езуса, заснаванае ў 1747 року. Новы мураваны касьцёл збудавалі ў 1787–1793 роках з фундацыі графа Тышкевіча.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 рок), калі Лагойск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. На 1884 рок парафія налічвала каля 6 тысячаў чалавек, існавалі прыпісныя капліцы ў вёсках Тадуліне і Емяльянаве (цяпер Смалявіцкі раён).

У 1907 року касьцельную тэрыторыю атачылі новай мураванай агароджай з брамай у выглядзе цагляных атынкаваных слупоў. Направа ад сьвятыні стаяла 2-пралётная мураваная званіца, убудаваная ў агароджу. Пад касьцёлам была крыпта-пахавальня Тышкевічаў, на алтарнай сьцяне знаходзілася ўкрыжаваньне.

У 1930-я рокі савецкія ўлады зачынілі касьцёл. За часамі Другой сусьветнай вайны сьвятыня аднавіла дзейнасьць. Па вайне савецкія ўлады зноў зачынілі касьцёл і ў 1950-я рокі зруйнавалі помнік.

Каардынаты: 54.203311, 27.852841.

У наш час побач з падмуркамі зьнішчанага савецкімі ўладамі помніка ў 1999 годзе збудавалі новы касьцёл пад тытулам Сьвятога Казімера.

Царква Сьвятога Мікалая

Царква Сьвятога Мікалая – помнік гісторыі другой паловы XIX ст. (мураўёўка). Знаходзіцца ў цэнтры места, на правым беразе ракі Гайны, на гістарычнай Мікольскай вуліцы. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Лагойску збудавалі ў 1866 годзе на месцы зьнішчаных расейскімі ўладамі царквы і манастыра Сьвятога Пасаду. У 1907 годзе сюды перанесьлі старажытны абраз Маці Божай Лагойскай.

У канцы 1920-х гадоў савецкія ўлады зачынілі царкву і разьмясьцілі ў будынку склад збожжа. За часамі Другой сусьветнай вайны царква зноў пачала дзейнічаць. Па вайне савецкія ўлады ня сталі зачыняць царкву ў адрозьненьне ад тутэйшага касьцёла, які неўзабаве зруйнавалі. У 1980-я гады сьцены царквы расьпісалі мастакі з расейскага Сергіева Пасаду.

Каардынаты: 54.2016565, 27.850052.

Iнтэр’еры царквы

Цэнтральны пляц

На цэнтральнай плошчы Лагойска і вуліцы Савецкай, якая праходзіць празь яе, размешчаныя мясцовы райвыканкам, раённы цэнтар культуры, дзіцячая мастацкая школа.

Лагойскi раённы цэнтар культуры

Адрас: вулiца Савецкая, 13. Каардынаты: 54.200536, 27.848707.

Дзіцячая школа мастацтваў

Адрас: вулiца Савецкая, 18. Каардынаты: 54.200924, 27.847265.

Рэстаран «Замкавы»

Адрас: вулiца Савецкая, 28. Каардынаты: 54.200589, 27.844334.

Скульптура Лагойскай Божай Маці «Знаменьне»

Ва ўсходняй частцы горада на ўезьдзе з боку Менску знаходзіцца Скульптура Лагойскай Божай Маці «Знаменьне». Яе правобразам паслужыў цудатворны абраз, які захоўваўся ў адным з мясцовых храмаў і лічыўся заступніцай Лагойска (на жаль, да нашых дзён дайшло толькі яго згадваньне).

Адкрыцьцё скульптуры адбылося 24 верасьня 2016 года. Яго прымеркавалі да 150-годьдзя Мікольскага сабора. Аўтарам кампазіцыі з’яўляецца скульптар Уладзімір Слабодчыкаў. Валун, на якім ўсталявана скульптура, быў спецыяльна прывезены з Вялейскага раёну.

Каардынаты: 54.197258, 27.836430.