Лагойскі раён

Плешчанiцы

Плешчаніцы – мястэчка на беразе Плешчаніцкага вадасховішча, цэнтар сельсавету Лагойскага раёну Менскай вобласьці. Знаходзяцца за 27 кiлямэтраў на поўнач ад Лагойску, на скрыжаваньні аўтамабільных шляхоў Барысаў – Вялейка і Менск – Полацак
Насельніцтва па стане на 2018 год – 5834 чалавекі.

Плешчаніцы – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

Упершыню Плешчаніцы ўпамінаюцца ў XVI стагодзьдзі як вёска Менскага павету. Мiж тым доктар гістарычных навук Альгерд Пятровіч Арцюшэўскі сьцвярджаў, што ў архівах Вільні ў 1970-х гадах быў знойдзены іншы дакумент, датаваны 1212 годам, дзе ўпершыню згадваліся Плешчаніцы. Нажаль, гэтаму даследніку не атрымалася апублікаваць копію гэтага дакумента або даць спасылку на яго, а яго хатні архіў пасля яго сьмерці, мабыць, быў згублены. Але мясцовыя краязнаўцы, напрыклад, яго вучаніца, вядомы плешчаніцкі краязнаўца Галіна Іванаўна Полсычава, якая, будучы школьніцай, вучылася гісторыі ў Альгерда Пятровіча, сьцвярджае, што летазлічэньне гісторыі гарадзкога пасёлка Плешчаніцы трэба весьці якраз з гэтай даты.

Інфармацыя А.П. Арцюшэўскага вельмі праўдападобная і вось чаму. Справа ў тым, што ў многіх працах мясцовых краязнаўцаў сапраўды сьцвярджаецца, што Плешчаніцы ўзніклі ў XI–XII стагоддзях як невялікі апорны пункт, што зьвязваў Русь з Балтыяй на скрыжаваньні гандлёвых дарог Барысаў–Вільня і Менск–Полацак. Словазлучэньне «апорны пункт» наводзіць на думку, што ўжо ў тыя далёкія часы гэта была ня вёска, а ўмацаваны горад. Па дадзеных даследчыка А.М. Кулагіна (кніга «Памяць Лагойскага раёна», Т1, с. 378) у адным архіўным дакуменце 1517 года згадваецца аб існаваньні замка ў Плешчаніцах. Акрамя таго, сам А.П. Арцюшэўскі па ўспамінах яго вучняў сцвярджаў, што згадка пра Плешчаніцы 1212 года была знойдзена ў адным з дакументаў у архівах Вільні, што сапраўды магло мець месца, хаця ў 1970-х гадах было забаронена гаварыць пра Вільню, як колiшнюю сталіцу Беларусі. Гэта значыць прыдумаць такое было нельга, значыць факт сапраўды мог мець месца.

Спачатку мястэчка належала Чартарыйскім, бо на той час менавіта яны былі ўладальнікамі тэрыторыi сучаснага Лагойскага раёна, куды і ўваходзілі Плешчаніцы. Але пасьля 1492 года пажыцьцёвае валоданьне шэрагам вёсак, сярод якіх знаходзіліся і Плешчаніцы, было зацьверджана прывілеем вялікага князя ВКЛ Аляксандра за Аўдоцьцяй Чартарыйскай, удавой князя Андрэя Мажайскага, што памёр каля 1481 года.

Каля 1530 года, пасьля сьмерці А. Мажайскай маёнтак Плешчаніцы атрымаў яе пляменьнік В. І. Саламярэцкі, а за ім яго нашчадкі. З 1565–1566 гадоў Плешчаніцы знаходзіліся ў складзе Менскага ваяводзтва і былі размешчаныя на гасьцінцы з Барысава на Даўгінаў. Побач з маёнткам пачынаўся таксама гасьцінец на Докшыцы і Глыбокае.

У 1609 годзе М. Л. Саламярэцкі прадаў Плешчаніцы Энаху Кавячынскаму, падкаморыю менскаму.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) пад Плешчаніцамі дзейнічаў партызанскі аддзел Дзяніса Мурашкі. Мурашкаўцы нападалі на двары той шляхты, якая перайшла на бок маскоўскіх захопнікаў, ставілі залогі на дарогах, перашкаджалі зьбіраць і вывозіць збожжа, а мясцовае насельніцтва не пускалі ехаць у акупаваны Менск.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Плешчаніцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці. У гэты час паселішча ўжо мела статус мястэчка. У вайну 1812 году пры адступленьні францускага войска тут адбылася бітва, у выніку якой аддзел расейскай арміі генэрала Чапліца разьбіў авангард 9-га францускага корпусу маршала Віктора.

У 1817 годзе ўладальнікі Плешчаніцаў Тышкевічы збудавалі ў мястэчку царкву, у 1825 годзе – заснавалі тэатар, якi дзейнічаў да 1835 году. У ХІХ стагодзьдзі дзейнічалі царква і сынагога; працавалі школа, бровар, 5 крамаў, 2 піцейныя двары, штогод праводзіліся кірмашы. У 1882 годзе ў мястэчку заснавалі фабрыку шавецкіх капылоў, пазьней – фабрыку шавецкіх гваздоў. У 2-й палове ХІХ стагодзьдзя – 50 двароў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, працавалі народная вучэльня і паштова-тэлеграфная кантора.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Плешчаніцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Плешчаніцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, дзе 17 ліпеня 1924 году сталі цэнтрам раёну БССР.

Царква сьвятых апосталаў Пятра й Паўла

У 1996–1998 гадох у Плешчаніцах збудавалі новую дряўляную царкву Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.

Каардынаты: 54.424722, 27.830491.