Любанскі раён

Любань

Любань – места на рацэ Арэсе адміністрацыйны цэнтар Любанскага раёну Менскай вобласьці, знаходзіцца за 152 км на поўдзень ад Менску, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Ўрэчча (лінія Баранавічы – Асіпавічы); праз места праходщзяць аўтамабільныя дарогі на Глуск, Жыткавічы, Вызну, Салігорск і Слуцак. Насельніцтва па стане на на 2018 год – 10.917 чалавек.

Любань – даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны (частка Наваградчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Любань як мястэчка Ярэміцкай воласьці Наваградзкага ваяводзтва датуецца 1566 годам. Мясьціна ўваходзіла ў склад Слуцкага княства і знаходзілася ў валоданьні Алелькавічаў.

У 1582 годзе сыны князя слуцкага Юрыя Алелькавіча падзялілі паміж сабою ўладаньні, што засталіся ім у спадчыну ад бацькі. Частка земляў і маёмасьці, у тым ліку Любань, трапіла да малодшага Алелькі – Аляксандра. У 1589–1621 гадох Любань знаходзілася ў часовым валоданьні слуцкіх купцоў Тышэвічаў, якія трымалі мястэчка ў закладзе за грошы, пазычаныя ў іх князем. У 1617 годзе мясьціна адыйшла да мужа памерлай Соф’і Алелькаўны Януша Радзівіла.

28 лістапада 1661 году князь Багуслаў Радзівіл выдаў статут, які рэгуляваў павіннасьці любанцаў. Мяшчане мусілі плаціць чынш, выконваць работы з аднаўленьня гацяў і плацінаў, будаваць масты. Жыхары мястэчка вызваляліся ад работаў на карысьць князя. Б. Радзівіл зацьвердзіў самакіраваньне Любані на чале з бургамістрам, даў мяшчанам права апэляцыі да старосты Слуцкага княства. Магнацкая адміністрацыя ня мела права караць мяшчанаў – біць розгамі, кулакамі і інш. У 1791 годзе мястэчка ўвайшло ў склад новаўтворанага Случарэцкага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Любань апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Бабруйскім павеце Менскай губэрні. У гэты час у мястэчку дзейнічала царква, працавалі 2 млыны і карчма. 4 верасьня 1794 году каля мястэчка адбылася бітва паміж 2-тысячным аддзелам паўстаўнцаў пад камандаю Стафана Грабоўскага і расейскімі карнікамі. У 1808 годзе Любань увайшла ў склад Забалацкай воласьці. У 1839 годзе адкрылася царкоўнапрыходзкая школа.

Паводле вынікаў перапісу 1897 году у Любані было 157 двароў, дзейнічалі царква і сынагога, працавалі царкоўнапрыходзкая і 2 юдэйскія малітоўныя школы, заезны двор, 6 крамаў і крупадзёрка. Побач зь мястэчкам існавала аднайменная сяло, дзе было 108 двароў, хлебазапасны магазын, карчма. У 1907 годзе ў Любані адкрылася народная вучэльня.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Любань занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Любань абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У кастрычніку – лістападзе 1920 году каля Любані праходзіла разьмежаваньне паміж бальшавікамі і польскім войскам. 26 траўня 1922 году мястэчка ўвашло ў склад Слуцкага павету БССР. 17 ліпеня 1924 году Любань стала цэнтрам раёну. У гэты час працавалі сельсагаспадарчае і спажывецкае таварыствы, рыбаарцель, шавецкая і кравецкая майстэрні, хлебапякарня. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 28 ліпеня 1941 да 30 чэрвеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

У 1966 годзе на поўнач ад Любані, на рацэ Арэсе збудавалі вялікае вадасховішча. 7 сакавіка 1968 году паселішча атрымала статус места.

У красавіку 2009 году мясцовыя ўлады разбурылі старадаўнюю драўляную сынагогу, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці.

Касьцёл Мацi Божай Фацiмскай

Касьцёл Маці Божай Фацімскай пачалі будаваць у Любані ў 1990 годзе на сродкі каталіцкай парафіі. З-за недахопу сродкаў касьцёл будавалі вельмі доўга. Да 2006 года ён яшчэ ня быў завершаны. Нягледзячы на тое, што касьцёл не быў дабудаваны, ён адчыніўся для парафіянаў ужо ў 1993 годзе.

Касьцёл прысвечаны Фацімскаму цуду Божай Маці – аднаму з самых загадкавых і значных цудаў сучаснасьці. 15 траўня 1917 года трое дзяцей Люсія, Францішка і Жасінта пасьвілі авечак на лузе ля невялікага партугальскага горада Фаціма. Дзеці ўбачылі ўспышку, падобную на маланку і ззяючую Жанчыну ў белай вопратцы. Жанчына зьвярнулася да іх на іх роднай мове. Дзеці ў трапяценьні ўпалі на калені. Спачатку маленькія пастушкі вырашылі ні пра што не казаць дарослым, баючыся, што ім не павераць, але Жасінта не ўтрымалася і пра ўсё расказала бацькам. Мноства людзей пачалі збірацца на лузе, дзе адбылася цудоўная з’ява.

Шэсць разоў з’яўлялася дзецям Божая Маці і размаўляла зь імі. Вялікая колькасьць людзей, якія сабраліся на лузе, бачылі зьзянне і шапаткі гук, але не маглі разабраць слоў, таму што словы былі адрасаваныя толькі дзецям. Маці Божая прадказвала захоп улады камуністамі ў Расеі, дзве сусьветныя войны і мноства турботаў. Яна прасіла людзей пакланяцца яе Беззаганнаму Сэрцу, каб прадухіліць прадказаныя беды. Яна прасіла таксама памаліцца за Расею і прысьвяціць ёй гэтую краіну, каб выратаваць яе ад бязбожнасьці.

Цуд Фацімскай Божай Маці – адна з галоўных сьвятыняў для каталікоў, у той жа час, Праваслаўная царква гэты цуд абвяргае. Касьцёл Фацімскай Божай Маці стала магчымым пабудаваць у Беларусі толькі пасля развалу СССР, калі камуністычны рэжым быў скінуты і вернікі змаглі пабудаваць храм, прысьвечаны Беззаганнаму Сэрцу Панны Марыі.

У храме захоўваецца абраз Фацімскай Божай Маці. Тут арганізаваная нядзельная дзіцячая школа і дзіцячы царкоўны хор.

Адрас: вулiца Першамайская, 64. Каардынаты: 52.794516, 27.980882.

Царква Праабражэньня Гасподняга

Упамінанне пра першую праваслаўную царкву ў Любані датуецца 1707 годам. У 1863 годзе ў Любані стаяла драўляная царква на тым месцы, дзе зараз знаходзіцца выканкам. Пры царкве была створаная царкоўна-прыходзкая школа. Гэтая царква згарэла ў 1941 годзе.

Новая Спаса-Праабражэнская царква ў Любані была пабудаваная ў 1994 годзе. Як толькі стала вядома аб тым, што ганенняў на вернікаў хрысціян не будзе, у Любані стыхійна ўзнікла праваслаўная абшчына, якая сама абрала старасту і актывістаў. Людзі хадзілі па дамах, збіралі ахвяраваньні на храм, закуплялі будаўнічыя матэрыялы, самі будавалі царкву. Участак, на якім будавалі храм, быў ахвяраваны мясцовым калгасам – там знаходзіўся калгасны сад.

Новая царква спачатку была таксама драўлянай, пазьней яна была абкладзеная цэглай, на ёй быў усталяваны купал. 19 студзеня 2000 года гэтая царква згарэла падчас пажару. На яе месцы пабудавалі цагляную царкву ў псэўдарасейскім стылі.

Адрас: вулiца Першамайская, 73а. Каардынаты: 52.793082, 27.984987.

Раённы цэнтар культуры

Адрас: вулiца Першамайская, 30. Каардынаты: 52.792039, 27.999483.

Райвыканкам

Адрас: вулiца Першамайская, 24. Каардынаты: 52.791798 28.002119.

Райвыканкам. Помнiк Ленiну

Помнiк Кузьме Шаплыку

Насупраць выканкаму ўсталяваны бюст Кузьме Янавічу Шаплыку, старшыні калгасу «Чырвоная зьмена», Герою Сацыялістычнай Працы.

Каардынаты: 52.791231, 28.000349.