Маладэчанскі раён

Гарадок

Гарадок – вёска на рацэ Бярэзіне, цэнтар сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 395 чалавек. Знаходзіцца за 19 кiлямэтраў на поўдзень ад Маладэчна, за 14 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Алёхнавічы. Гарадок – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тапонім Гарадок сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду).

Першы пісьмовы ўпамін пра Гарадок датуецца 1646 годам. Ён уваходзіў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва і знаходзіўся ў валоданьні Галімскіх.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Віленскай губэрні. У XIX стагодьдзя мястэчкам валодалі Тышкевічы. У пачатку XX стагодьдзя у Гарадку існавалі валасная ўправа, 2 царквы, 2 сынагогі, бровар, 22 крамы, 3 карчмы, заезны двор, народная вучэльня, млын.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі. 25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Гарадоцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Гарадок апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва.

У 1939 годзе Гарадок увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Царква Сьвятой Жываначальнай Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодзьдзя (мураўёўка), прыклад сынадальнага кірунку эклектычнай царкоўнай архітэктуры Расейскай імпэрыі. Знаходзіцца ў паўднёвай частцы гістарычнага мястэчка, на Маладэчанскай вуліцы. Дзейнічае. Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Гарадку збудавалі ў 1884 годзе на месцы драўлянай царквы Сьвятога Пасаду.

За савецкім часам царкву зачынілі. У 1990-я гады будынак аднавілі.

Каардынаты: 54.151513, 26.921463.

Вадзяны млын

Вадзяны млын у Гарадку быў пабудаваны ў другой палове XIX стагодьдзя.

Каардынаты: 54.162915, 26.920072.

Каталiцкая каплiца сьвятога Яна Хрысьцiцеля

Каталіцкая капліца ў Гарадку з’явілася ў выніку перабудовы звычайнага жылога дома. Над фасадам была ўзьведзеная востраканцовая вежа, што дазволіла надаць пабудове рысы нэагатычнага стылю.

Каардынаты: 54.150774, 26.922083.