Маладэчанскі раён

Краснае

Краснае – вёска на рацэ Вушы, цэнтар сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва па стане на 2010 год складала 2.868 чалавек. Знаходзіцца за 16 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Маладэчна, на аўтамабільнай дарозе Менск – Маладэчна. Чыгуначная станцыя Вуша на лініі Менск – Маладэчна.

Краснае – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.

Тапонім Краснае ўтварыўся ад адпаведнага прыметніка, сынонімам якога ёсьць слова прыгожы.

Упершыню Краснае (пад назвай Краснае Сяло) упамінаецца ў 2-й палове XV стагодзьдзя як уладаньне вялікіх князёў. У 1486 годзе паселішча атрымала статус мястэчка. Да 1500 году вялікі князь Аляксандар заснаваў тут касьцёл.

У канцы XV – 1-й палове XVI стагодзьдзяў Краснае стала цэнтрам павету. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў мястэчка як цэнтар староства ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. На 1765 год тут было 58 двароў, касьцёл, карчма.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Краснае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце. На 1866 год у мястэчку было 60 двароў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Красным было 152 двары, дзейнічала царква, працавалі 2 школы, народная вучэльня, пошта, фэльчарскі пункт, 22 крамы і 8 корчмаў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Краснае занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Краснае абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Паводле Рыскай мірнай дамовы 1921 году Краснае апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Маладэчанскага павету Віленскага ваяводзтва. Мястэчка было сядзібай гарнізону батальёну КАП «Краснае».

У 1939 годзе Краснае ўвайшло ў БССР, дзе ў 1940 годзе атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 да 4 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1954 годзе статус Краснага панізілі да вёскі. На 1972 год тут было 611 двары, на 1997 год – 1216, на 1998 год – 1216.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Упершыню драўляны касьцёл у Красным упамінаецца ў 1500 годзе як заснаваны вялікім князем Аляксандрам. За часамі вайнs Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў касьцёл зруйнавалі. У 1695 годзе ў мястэчку збудавалі новы драўляны касьцёл.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Краснае апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1800 годзе на месцы драўлянага пачалося будаваньне новага мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1858 годзе. Аднак пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі гэты касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1905 годзе парафіяне пачалі зьбіраць сродкі на будаваньне новага касьцёла. У 1908 годзе збудавалі дряўляную капліцу і заклалі новы мураваны касьцёл у стылi нэаготыкi, якi быў скончаны ў 1912 годзе. Гэты год зьмясьцілі на фасадзе будынка.

У 1988–1990 гадох будынак касьцёла адрэстаўравалі.

Каардынаты: 54.254133, 27.076027.

Царква Покрыва Багародзiцы

Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Красным збудавалі ў 1889 годзе. Царква Покрыва Багародзіцы (мураўёўка) – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодьдзя у Красным. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычнай Маладэчанскай вуліцы. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі.

Каардынаты: 54.248944, 27.079088.