Маладэчанскі раён

Лебедзева

Лебедзева – вёска на рацэ Нявежы, цэнтар сельсавету Маладэчанскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва па стане на 2010 год складала 1047 чалавек. Знаходзіцца за 12 кiлямэтраў на захад ад Маладэчна, за 6 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Пруды; на шашы Менск – Вільня і на аўтамабільнай дарозе, якая злучае вёску з Крэвам.

Лебедзева – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).

Першы пісьмовы ўпамін пра Лебедзева зьмяшчаецца ў даравальнай грамаце Ягайлы, якую ён падпісаў на Троцкае, Мінскае і Полацкае княжаньні брату князю Скіргайлу «пад нашею печатью завесистою», і датуецца 25 красавіка 1387 году. Пры гэтым прысутнічалі «чесные люди» пан Храшчэнька Зяглоўскі і доктар Сьвятаслаў. Сярод розных пералічаных месцаў названа «так жь село Лебедево, што и к Лебедеву тягло и тягнет, и то Лебедевская волостка, люди все и села, тая околица». Гэта значыць, што Лебедзева у XIV стагодзьдзі было валасным цэнтрам, і знаходзілася ў валоданьні адной асобы. Хутчэй за ўсё яно ў той час цягнулася да княскага цэнтру — Крэва.

Згодна з археалягічнымі дасьледаваньнямі ў Лебедзеве існавала гарадзішча, якое датуецца 1 тысячагодзьдзем да н. э. Мясцовая назва – Царковішча. Знаходзілася за 1,5 кiлямэтра на захад ад вёскі, за 0,5 кiлямэтра налева ад дарогі ў вёску Маркава. Разбуранае ў часе будаваньня дарогі. Дасьледнікі канца XIX стагодзьдзя ў сваіх працах, што цяпер захоўваюцца ў Вільні, зазначалі: «М. Лебедзева, Лебедзеўскай воласьці, Вялейскага павету. За 1,5 вярсты на захад ад мястэчка знаходзіцца сярод поля ўзвышэньне ў форме капнападобнай горкі, няшмат большай за 20 саж. у акружыне, паверхня роўная. Перавозячы адтуль каменьне для будаваньня царквы ў 1866 годзе, сяляне знайшлі камень з выдаўбленым углыбленьнем усярэдзіне. Такія камяні звычайна ставілі на ўваходзе ў касьцёл для вады. Месца гэта завуць Царковішча, ці старое месца. Паводле легендаў, тут была царква, што зьнікла пад зямлю».

У XV стагодьдзi Лебедзева знаходзілася ў валоданьні князёў Гальшанскіх. У 1476 годзе яны збудавалі тут касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. У 1519–1557 гадох паселішча – уладаньне вялікіх князёў, шляхецкае мястэчка. Паводле інвэнтару ад 7 чэрвеня 1535 году, у Лебедзеве існавалі млын, возера, дзе гадавалі рыбу. Возера было аб’ектам судовых спрэчак. Адзначаецца, што паселішча мела «Ловы зьвярыныя, пташныя і рыбныя, гоны бабровыя і ўсякімі грунтамі зямельнымі, на якіх жыла шляхта з людзьмі путнымі, валаснымі з парабкамі, з чэлядзьдзю нявольнай…»

У 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст з мэтаю падрыхтоўкі да падпісаньня уніі склікаў ў Лебедзеве 30 тысячаў літоўскай шляхты. Магнаты Вялікага Княства Літоўскага прапаноўвалі гэтак званы «мяккі» варыянт Рэчы Паспалітай, які адкідаў далучэньне да Каралеўства Польскага і прадугледжваў захаваньне асобнага Сойму. На вусным шляхецкім рэфэрэндуме тут далі згоду на скліканьне агульнага з палякамі Сойму, дзе мусіла разьвязвацца пытаньне уніі.

Лебедзева – колішняе ўладаньне князёў Радзівілаў. Яны збудавалі тут мураваны кальвінскі збор, апякункай якога была П. К. Радзівіл, маркграфіня брандэнбурская. З 1704 году збор ня меў свайго настаяцеля, таму сюды прыяжджаў пастар з Жупранаў для адпраўленьня службы. У 1754 годзе тутэйшы збор быў прыпісаны да жупранскага. Падтрыманы матэрыяльна Радзівіламі, ён праіснаваў да канца XVIII стагодьдзя, адзін з нямногіх у ВКЛ перажыў контррэфармацыю. Нават калі не было пастара, мясцовая супольнасьць сама сабою працягвала дзейнічаць.

Паводле інвэнтару 1579 году, у Лебедзеве існавалі вуліцы Вялікая, Віленская, Хажоўская, Вялікасадзкая. У канцы Віленскай да паселішча далучаліся Старое Сяло (з чатырма шнурамі), і Асанаўшчына. Пры рэчцы Нявежы быў вялікі «двор» з 14 гаспадарчымі пабудовамі (піваварня з 14 бочкамі, саладоўня, стадола, аборы, гумно, хлявы і інш.). У маёнтку налічвалася 29 «дымоў», а ў мястэчку 134 дымоў. Для параўнаньня ў суседняй вёсцы Мароські тады было 52 «дымы». Сярод залежных ад Лебедзеўскага двара адзначаюцца фальваркі і засьценкі – Маліноўшчына, Тарашкова, Хвашчоўка, Кухмістрава, Іваноўшчына, Паташня, Уша, Слабодка, Даманава, Татаршчына, Зубкова, Азярышча, Лабачоўка, Высокаўшчына, Ярашова, Рудоўка, Марозкі (Мароські), Старая і Новая Боркаўшчына.

У 1588 годзе Альбрэхт Радзівіл прадаў Лебедзева Юзэфу Галаўню. У пачатку XVII стагодьдзя тут павялічыўся гандаль. Ухіл рабіўся на продаж алькагольных напояў. У мястэчку тым часам на 149 дамоў прыходзілася 48 корчмаў і заезных двароў. Дакумэнты захавалі імёны і прозьвішчы тагачасных жыхароў Лебедзева: Антон Мацулевіч, Сымон Глод, Рыгор Блін, Сымон Корсак, Лявон Харлап, Казімер Шчасны, Мацей Габрыновіч, Язэп Тамашэвіч, Лявон Жыр, Юрка Сулела. У XVI ст. на палях маёнтку вырошчвалі: ячмень, авёс, грэчку, жыта, каноплі, лён, боб і інш. Апроч розных палявых работ (паншчыны), лебедзеўцы выходзілі на «гвалты»: будавалі масты, пракладалі грэблі і інш. Паводле археалягічных зьвестак, у цэнтры мястэчка была пракладзена каналізацыя.

З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654–1667) у 1655 годзе Лебедзева зьнішчылі маскоўскія захопнікі. 8 траўня 1667 году ў мястэчку адбыўся сялянскі бунт. У Вялікую Паўночную вайну (1700–1721) у 1708 годзе празь Лебедзева праходзілі швэдзкія войскі. Паводле інвэнтару 1762 году, Лебедзева належала кашталяну Тадэвушу Агінскаму. У мястэчку тады было 29 дымоў і 233 чалавекі. Бровар і саладоўня давалі гадавы прыбытак у 600 злотых. Існавала кузьня з майстрамі-кавалямі. Побач – пушча, багатая зьверам і інш. жыўнасьцю. Так было да канца XVIII ст., калі ўладальнік пушчы Якуб Саковіч не прадаў яе генэралу Паўлу Равінскаму, які пачаў прамысловую высечку, што ў выніку прычынілася да зьнікненьня лесу. У 1766 годзе ў Лебедзеве налічвалася 20 крамак і сьвіранкаў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лебедзева апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце. У вайну 1812 году 4 сьнежня празь мястэчка праяжджаў Напалеон на сустрэчу з сваім генэралам Гогендорпам у Беніцу. У 1830–1831 і 1863–1864 гадох тут фармаваліся аддзелы паўстанцаў. У 1831 годзе мястэчка вызваліў аддзел Міхала Ходзька, пры гэтым жыхары мястэчка сабраліся на галоўным пляцы і абвясьцілі пра стварэньне паўстанцкага аддзелу, які будзе вясьці змаганьне за вольнасьць роднай зямлі. Лебедзеўскі паўстанцкі аддзел пратрымаўся дастаткова доўга, не абмяжоўваў сваёй дзейнасьцю толькі Лебедзева, але даходзіў і да Маладэчна, і да Беніцы.

У першай палове XIX стагодьдзя у Лебедзеве існаваў шпіталь пры касьцёле. У мястэчку працавалі вольнапрактыкуючыя лекары: Рамуальд Шмідт, Бэнціян Задзінскі, Лейба Блумбэрг, Дзьмітры Саковіч (у маёнтку Агароднікі), зубны лекар – Ісак Цукерман. Існавала аптэка Іцкі Цукермана. З 1860 году ў Лебедзеве працавала народная пачатковая вучэльня. Апроч таго, дзейнічаў тэатар.

Узгорыстая мясцовасьць паселiшча не дазваляла мець доўгіх вуліцаў, апроч Віленскай. У 1861 годзе ў Лебедзеве было 182 хаты. 3 29 чэрвеня да 9 ліпеня штогод зьбіраўся кірмаш. Наяжджала да 2 тысячаў купцоў зь Вільні, Смаргоні, Крэва, Менску, Маладэчна, Гарадку. Прадавалі сукно, керамічныя вырабы, кажухі, дзіцячыя цацкі, ласункі. Тут складаліся гандлёвыя дамовы. Апроч кірмашоў, кожны панядзелак у мястэчку праводзіліся так званыя «таргі».

Зь Лебедзевам зьвязаны стары шляхецкі род Цівінскіх. Іван Цівінскі арганізаваў таварыства філянтропіі. Зянон Цівінскі ў XIX ст. быў вядомым акулістам. У розныя часы маёнткам валодалі Гарбоўскія, Давідовічы, Капытоўскія, Міцкевічы, Радзішэўскія. У канцы XIX стагодьдзя у Лебедзева было каля 160 дамоў, 2 царквы, школа, бровар, 2 заезныя дамы, 7 кірмашоў штогод. У гэты час мястэчкам валодалі Сьвентажэцкія.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Лебедзева занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лебедзева абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[4]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Лебедзева ўвайшло ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Маладэчанскім павеце Віленскага ваяводзтва. За польскім часам у 1937 годзе ўтварылася Лебедзеўская харавая капэла.

У 1939 годзе Лебедзева ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з 17 верасьня 1941 да 5 ліпеня 1944 году Лебедзева знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху. У гэты час у вёсцы існавала гета, дзе нацысты зьнішчылі больш за 600 жыдоў. 24 чэрвеня 1942 году апошніх сагналі пад выглядам вываду на працу у хлеў, які знаходзіўся за 1 кiлямэтар ад Лебедзева ў бок вёскі Маркава і належаў А. Субачу. Тамака іх расстралялі і спалілі разам з хлявом. На месцы трагедыі паставілі памятны знак – помнік з савецкай сымболікай.

Каталіцкая капліца-пахавальня

Капліца-пахавальня знаходзіцца на старых каталіцкіх могілках на выездзе з Лебедзева ў бок Беніцы. Яна была пабудаваная ў 1910-я гады ў стылі неаготыкі. Капліца характэрная тым, што ў яе архітэктуры старанна выкананыя ўсе традыцыі і нормы нэаготыкі, а таксама тым, што гэты невялікі храм проста цудоўна захаваўся. Капліца ніколі сур’ёзна не рэстаўравалася і не рамантавалася, такім чынам, да нашых дзён дайшла цалкам арыгінальная пабудова пачатку XX стагодьдзя.

Каардынаты: 54.311052, 26.691310.

Царква Сьвятой Тройцы

Царква Сьвятой Тройцы у Лебедзеве – помнік гісторыі другой паловы XIX стагодьдзя (мураўёўка). Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка. Дзейнічае. Твор архітэктуры расейскай эклектыкі. Мураваную царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы) у Лебедзеве збудавалі ў 1869 годзе.

У 1962 годзе царква была зачыненая савецкімі ўладамі. Пасьля гэтага плянавалася прыстасаваць будынак храма пад клюб, тым не менш, у выніку тут было арганізаванае збожжасховішча, а потым склад ядахімікатаў. Пазьней, у 1980 годзе пад выглядам рэстаўрацыі і зусім быў разабраны дах царквы. Усё гэта нанесла вялікую шкоду будынку храма, у прыватнасьці моцна пацярпелі старадаўнія размалёўкі збораў і сьценаў.

Адраджэньне царквы ў Лебедзеве пачалося ў другой палове 1980-ых гадоў. Пасьля дбайнага аднаўленьня царква была нанова асьвечаная ў 1992 годзе.

Адрас: вуліца Крынічная, 2А. Каардынаты: 54.312631, 26.707406.