Маладэчанскі раён

Радашкавiчы

Ра́дашкавічы – мястэчка на сутоках Вязынкі і Гуйкі з ракой Рыбчанкай. Насельніцтва на 2018 год – 5862 чалавекі. Знаходзяцца за 32 кiлямэтры ад Маладэчна, за 41 кiлямэтар ад Менску, за 10 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Радашкавічы (лінія Менск – Маладэчна); на аўтамабільнай дарозе Менск – Маладэчна.

Радашкавічы – даўняе магдэбурскае места гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тут жылі такія вядомыя постаці, як Янка Купала, Ядвігін Ш., Язэп Драздовіч, Браніслаў Тарашкевіч, Максім Танк.

Традыцыйная гістарычная назва мястэчка – Радашкавічы. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня тапоніму. На думку адных дасьледнікаў, ён утварыўся ад словаў радзіцца-раіцца, другіх – ад радавацца. Таксама існуе меркаваньне, што назва паселішча пайшла ад прозьвішчаў Радашковіч, Радашкевіч. У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы. Традыцыйную мясцовую форму назвы Ра́дашкавічы за савецкім часам замянілі на цяперашнюю афіцыйную Радашковічы.

Гарадзішча Швэдзкая гара V–VIII стагодзьдзяў, што знаходзіцца на ўскраіне Радашкавічаў, сьведчыць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці. Тым часам першы пісьмовы ўпамін пра Радашкавічы датуецца 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётар Гедыгольдавіч заснаваў тут касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Вярэйскага, Гаштольдаў, каралевы Боны, Глябовічаў, Агінскіх, Радзівілаў. З 1539 году да сярэдзіны XIX стагоддзя тут штогод праводзіліся кірмашы. У 1549 годзе Радашкавічы атрымалі статус места.

Радашкавіцкі замак – помнік гісторыі і абарончай архітэктуры. Знаходзіўся пры сутоцы рэк Гуйкі і Вязынцы. Існаваў у XVI ст. Упершыню ўпамінаецца ў мескім інвэнтары за 1549 год, калі вялікі князь Жыгімонт Аўгуст правёў «спісаньне і выведаньне замкаў, двароў і воласьцей», у тым ліку «замку Радашкаўскага». Займаў пляцоўку паміж двума ставамі, на зробленым на рацэ Гуйка і Вязынка сыпаным капцы і меў форму няправільнага чатырохкутніка. Вежа-брама. Вада атачала замак з усіх бакоў і праход да замкавай вежы-брамы рэгуляваўся мостам. Вежа мела памеры 8,52×21,3 м і была рубленая зь вялікага бруса вышынёй у 4 паверхі: першы яе паверх складалі вароты, другі – сьвятліца з паліванай печчу і двума сталамі, на трэцім разьмяшчалася гармата – «дельцо железное семи пядей, куля якобы гусиное яйцо, в ложы чорной на козлох деревяных». Дах вежы быў абіты белым жалезам. Другая вежа. Налева ад вежы-брамы, на адлегласьці 20 сажняў, стаяла другая, 3-павярховая вежа. Першы яе паверх займаў сьвіран, другі – капліца, трэці – «дело железное полдевяти пяди, куля большая, нижни кулак, в ложы чорном железом окованом, на кожле деревяном». Гэтая вежа мела форму квадрата, мела памеры 10,65×10,65 м і злучалася зь вежай-брамай сьцяной з дванаццаці гародняў (даўжыня адной гародні – 3,5 м). Трэцяя вежа. На адлегласьці 40 сажняў ад 2-й вежы ў куце замка стаяла рубленая зь бярвён 3-я вежа, зьвязаная 19 гароднямі з 2-й вежай і 11 гароднямі з 4-й круглай вежай. Чацьвертая вежа. Апошняя вежа замка злучалася 28-сажнёвай сьцяной (13 гародняў) з уваходнай вежай-брамай. Сярод іншых пабудоваў замку была яшчэ адна вежа, ня злучаная з замкавымі сьценамі, якая разьмяшчалася асобна на падворку і мела чатыры паверхі, тры зь якіх выкарыстоўваліся для гаспадарчых, а 4-ы – для абарончых патрэбаў.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700–1721) у 1708 годзе ў Радашкавічах адбыліся перамовы паміж каралём Швэцыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе места складалася з Новых і Старых Радашкавічаў, налічвала 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны. 23 лютага 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў Радашкавічам Магдэбурскае права і надаў ім мескі герб: «у срэбным полі паясная выява сьвятога Стэфана, пабітага камянямі». У адпаведным прывілеі падкрэсьлівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводзкія, старосьцінскія, замкавыя, духоўныя і сьвецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашкавіцкага паддаць». Далей у гэтым дакумэнце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месьце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Радашкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі заштатным местам Вялейскага павету. За часамі вызвольнага паўстаньня (1830–1831) места на пэўны час вызвалілі з-пад расейскай улады. У 1835 годзе тут збудавалі мураваную капліцу, у 1848 годзе – Ільлінскую, у 1851 годзе – Пакроўскую цэрквы Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1842 годзе Радашкавічы сталі цэнтрам воласьці Віленскай губэрні. На 1859 год тут было 222, на 1866 год – 225 будынкаў, дзейнічалі касьцёл, царква, сынагога і 3 юдэйскія малітоўныя школы, працавалі бровар, 2 заезныя двары і 2 гатэлі. У 1863 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Радашкавічах народную вучэльню.

За часамі Першай сусьветнай вайны 20 лютага 1918 году Радашкавічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Радашкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У месьце ўтварылася Беларуская рада, жыхары Радашкавіцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР і накіроўвалі ў Народны Сакратарыят скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 14 сьнежня 1919 году Радашкавічы занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі места ўвайшло ў склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну. Зь ліпеня 1919 да ліпеня 1920 году і з кастрычніка 1920 году Радашкавічы займалі польскія войскі. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году места апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны ў Вялейскім (з 1927 году Маладэчанскім) павеце Віленскага ваяводзтва. У гэты час у Радашкавічах быў 391 двор, працавалі паштовая агенцыя, гімназія, мастацкая студыя Язэпа Драздовіча. У 1922–1928 гадох тут працавала Радашкавіцкая беларуская гімназія імя Францішка Скарыны. У 1928 годзе адкрылася прыватная беларуская школа. Існавала электрастанцыя.

У 1939 годзе Радашкавічы ўвайшлі ў БССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадзкога пасёлку, які стаў цэнтрам раёну (у 1960 годзе Радашкавіцкі раён ліквідавалі). У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1941 году да 3 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы

Першы драўляны касьцёл у Радакашвічах у 1447 годзе фундавалі намесьнік смаленскі і кашталян віленскі Пётар Гедыгольдавіч з жонкай Багумілай.

У 1734–1736 гадох замест старога збудавалі новы драўляны касьцёл, кансэкраваны ў 1740 годзе пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы і Стэфана Мучаніка. Пры касьцёле дзейнічалі школа і шпіталь, існавалі тры брацтвы: Сьвятой Ганны з 1703 году, Найсьвяцейшай Тройцы з 1738 году і Імя Найсьвяцейшай Марыі Панны з 1750 году. Радашкаўскую парафію, у якой на канец XVІІІ стагодьдзя налічвалася больш за 2300 чалавек, абслугоўвалі таксама дзьве капліцы – у Новым Двары і Сычавічах.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Радашкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У сярэдзіне XIX стагодьдзя драўляны касьцёл згарэў у пажары. У 1855 годзе на сродкі парафіянаў, ахвяраваньні зямянаў Валадковічаў і руплівасьцю пробашча і дэкана ксяндза Пятра Жылінскага пачалося будаваньне мураванага касьцёла, скончанае ў 1859 годзе. 3 верасьня 1860 году касьцёл кансэкравалі пад гістарычным тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. 12 ліпеня 1882 году ў касьцёле ахрысьцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).

У канцы XIX стагодьдзя, апроч могілкавай капліцы Сьвятога Яна Непамука Радашкаўскую парафію абслугоўвалі філія ў Будзьках і капліца ў Крамянцы. Да 1864 году прыпісваўся таксама філіяльны касьцёл у Батурыне з капліцамі ў Лукаўцы і Карпавічах. Колькасьць парафіянаў перавышала 2600 чалавек.

Па Другой сусьветнай вайне ў 1946 годзе савецкія ўлады зачынілі касьцёл, будынак якога прыстасавалі пад цэх заводу «Беларуская кераміка». Неўзабаве будынак касьцёла давялі да аварыйнага стану.

У 1990 годзе будынак касьцёла вярнулі каталікам, якія яго адрэстаўравалі.

Каардынаты: 54.154932, 27.240943.