Маладэчанскі раён

Вязынка

Вязынка – вёска на рацэ Вязынка, прытоку Ільлі. Вёска знаходзіцца за 38 кiлямэтраў ад Менску, 40 кiлямэтраў ад Маладэчна і 7 кiлямэтраў ад шашы Менск – Маладэчна.

Сваю назву вёска атрымала ў гонар 90-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы ад назвы былога фальварку, у якім нарадзіўся вялікі беларускі паэт. Адно з найбольш распаўсюджаных тлумачэньняў назвы ракі і мясьціны заснавана на слове «вязаць». Магчыма, мелася на ўвазе месца, дзе ў старыя часы вязалі плыты (для сплаву па рэчцы) ці плоты. Іншая вэрсія бачыць крыніцу сучаснай назвы вёскі ў вязах, што ў вялікай колькасьці расьлі ў навакольлі.

На левым беразе ракі Вязынка за 100–200 мэтраў на ўсход ад вёскі захаваўся курган-гарадзішча культуры штрыхаванай керамікі II – V стагодзьдзяў (мясцовая назва «Замэчак»). Яшчэ адно гарадзішча знойдзена за 500 мэтраў на паўночны ўсход ад вёскі на левым беразе Вялейска-Менскай воднай сыстэмы.

Першая пісьмовая згадка пра Вязынку датаваная 1528 годам. Фальварак Вязынка Менскага павету да 1815 году належаў сям’і Пшазьдзецкіх, а потым – Замбржыцкім. Станіслаў Замбржыцкі – беларускі краязнавец, фальклярыст, зь сям’і беларускіх шляхціцаў. Паколькі быў інвалідам, здаваў свой фальварак у арэнду. Замбржыцкі захапляўся вывучэньнем мясцовых курганаў і першым апісаў гарадзішча ў Вязынцы. У 1909 годзе ў фальварку было чатыры двары і 26 жыхароў.

У 1920–1930-я гады тут жыла беларускі этнограф і фальклярыст А.І. Сьвіневіч, якая зьбірала народныя песьні ў навакольлі, арганізоўвала ў Маладэчне, Радашкавічах, Вільні выставы беларускіх тканінаў і нацыянальнага адзеньня, дасьледавала творчасьць Адама Міцкевіча.

З 1920 году фальварак увайшоў у склад Сярэдняй Літвы, а ў 1922 годзе – у склад Польшчы. З пачаткам Другой сусьветнай вайны фальварак адышоў да БССР. З 1940 па 1960 год знаходзіўся ў складзе Радашкавіцкага раёну, а ад студзеня 1960 году – у складзе Маладэчанскага раёну.

У 1972 годзе ў гонар 90-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы былы фальварак, такcама як i вёскі Верамейкі, Гурнавічы і Сяледчыкі былі аб’яднаныя ў адну вёску Вязынка.

Насельніцтва па стане на 2010 год складала 341 чалавек.

* * *

Вязынка – малая радзіма Янкі Купалы. Пасьля пераезду ў 1881 годзе з Паморшчыны бацька будучага паэта Дамінік Луцэвіч разам са сваім братам Міхалам арандаваў зямлю ў Вязынцы ў Станіслава Замбржыцкага. У Вязынцы тады жылі родзічы Янкі Купалы па бацьку: дзядзькі Антон, Юльян, Міхал і Адам, бабуля Валерыя, цёткі Марыя, Эмілія і Садалія Луцэвічы. У Вязынцы 7 ліпеня (25 чэрвеня паводле старога стылю) 1882 году ў сям’і Дамініка Луцэвіча і Бянігны Валасевіч нарадзіўся сын Янка, будучы паэт Янка Купала. Прабыла ў Вязынцы пасьля нараджэньня Янкі сям’я Луцэвічаў няпоўны год – пасьля заканчэньня арэнды Луцэвічы пераехалі ў 1883 годзе ў маёнтак Юзафова.

Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік і філія Літаратурнага музэю Янкі Купалы

Філія Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы ў Вязынцы зьяўляецца першай і найболей вядомай з усіх філіяў музэю. Утвораная ў жніўні 1945 году. Ініцыятарам увекавечаньня месца, дзе нарадзіўся вялікі беларускі паэт, была яго жонка і першы дырэктар музэю Янкі Купалы Уладзіслава Луцэвіч. Мэмарыяльная дошка была ўсталявана на доме паэта 30 чэрвеня 1946 году. Філія музэю адкрылася для наведвальнікаў 20 чэрвеня 1948 году.

Агульная плошча будынкаў філіі музэю (хата, сьвіран, хатка дваровых) – больш за 230 м². Плошча экспазыцыі — 185 м². Экспазыцыя складаецца з мэмарыяльнай і гісторыка-літаратурнай часткаў.

У красавіку 1972 году адначасова з утварэньнем вёскі Вязынка створаны Купалаўскі мэмарыяльны запаведнік з плошчай 21 гэктараў. Аўтарамі праекту запаведніка былі архітэктары С. Мусінскі і А. Канаваленка.

У мэмарыяльным запаведніку захаваны натуральны ляндшафт і пляніроўка былой сядзібы, а таксама найбольш старыя дрэвы. Акрамя хаты, ў якой нарадзіўся Янка Купала, захаваныя хатка дваровых, сажалка, крыніца, частка фруктовага саду, ліпавая алея, якая вяла да сядзібнага дома Замбржыцкіх. На тэрыторыі запаведніку можна ўбачыць мэмарыяльныя валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў паэта, дуброву, пасаджаную беларускімі пісьменьнікамі да стагодзьдзя з дня нараджэньня песьняра, жывую альтанку зь ліпаў, канцэртную эстраду, вялікую пляцоўку для правядзеньня паэтычных сьвятаў, выставаў народных майстроў і масавых гуляньняў.

Музэй Купалы. Помнiк Янке Купале

У 1972 годзе ў цэнтры запаведніку усталяваны бронзавы бюст Янкі Купалы скульптара Заiра Азгура.

Музэй Купалы. Будынак музэю

У мэмарыяльнай частцы філіі музэю ўзноўлены інтэр’ер сялянскае хаты канца XIX стагодзьдзя (печ, мэбля, калыска, хадунок, посуд), экспануюцца асабістыя рэчы бацькоў Янкі Купалы. З дапамогай навуковых архіўных апісаньняў, успамінаў сучасьнікаў, фатаздымкаў, чарцяжоў і плянаў тут усё ўзноўлена ў такім выглядзе, як гэта было ў гады жыцьця маладой сям’і Луцэвічаў.

У другой палове хаты, дзе некалі жыў брат паэта Міхал, створана гісторыка-літаратурная экспазыцыя аб дзяцінстве і юнацтве будучага першага народнага паэта Беларусі (абноўлена ў 2002 годзе). Тут зьберагаюцца аўтабіяграфічныя матэрыялы, рукапісы, кнігі, копіі архіўных дакумэнтаў, фатаздымкі, графічныя працы мастакоў Э. Агуновіча, Я. Раманоўскага, В. Шаранговіча, якія распавядаюць пра сям’ю Луцэвічаў, дзіцячыя, юнацкія гады і пачатак літаратурнай дзейнасьці Янкі Купалы. У экспазыцыі прадстаўленыя радавод Луцэвічаў да XVII стагодзьдзя, адноўлены дзедам паэта Ануфрыям, і герб «Навіна», які належаў роду Луцэвічаў.

Часы працы музэя:
Аўторак – субота: 9.45 –17.45.
Нядзеля – панядзелак: 9.45 –17.15.

Iнтэр’еры музэя

Музэй Купалы. Сьвiран

Тэрыторыя музэя