Мядзельскі раён

Будслаў

Бу́дслаў, або Будслаўе – места на рацэ Сэрвачы, цэнтар сельсавету Знаходзіцца за 56 кiлямэтраў на паўднёвы ўсход ад Мядзелу, за 18 кiлямэтраў на поўнач ад Даўгінава і за 16 кiлямэтраў на паўночны ўсход ад Крывічаў; за 12 кiлямэтраў на поўнач ад шашы Р29, за 6 км на ўсход ад чыгуначнай станцыі Будслаў.

Насельніцтва на 2010 год складала 561 чалавек.

Будслаў – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), адзін з рэлігійных цэнтраў рэгіёну. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў стылі віленскага барока, помнік архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў, у якім захоўваецца цудоўны абраз Божай Маці, адна з найбольш шанаваных каталіцкіх сьвятыняў Беларусі. Таксама побач зь мястэчкам захавалася сядзіба Аскеркаў, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII–XIX стагодзьдзяў.

Тапонім Будслаў утварыўся ад адпаведнай славянскай мянушкі Будслаў, што ў сэнсавым значэньні адпавядае «майстру-будаўніку». Паводле паданьня, мястэчка сьпярша мела назву Слаўная Буда.

Першы пісьмовы ўпамін пра Будслаў датуецца 1504 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў паселішча віленскім манахам-бэрнардынам. У 1560 годзе яны пакінулі Будслаў, аднак у 1589 годзе вярнуліся сюды і збудавалі драўляны касьцёл, асьвечаны ў 1591 годзе пад тытулам Наведваньня Найсьвяцейшай Панны Марыі. Ваявода менскі Ян Пац ахвяраваў бэрнардынам абраз Маці Божай, падараваны яму Папам Клімэнтам VIII.

28 жніўня 1633 году, дзякуючы ахвяраваньням ксяндза Фларыяна Калецкага, гвардыяна Віленскага кляштару бэрнардынаў, а таксама сродкам гетмана польнага Яна Кішкі і радзіны Далмат-Ісакоўскіх, у Будслаўскай рэзыдэнцыі заклалі першы камень мураванага касьцёла. 9 ліпеня 1643 году адбылося асьвячэньне новай сьвятыні.

6 кастрычніка 1732 году кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Будславу статус мястэчка. У 1756 годзе пры кляштары бэрнардынаў адкрылася музычная школа на 25 вучняў. 29 ліпеня 1767 году ў мястэчку заклалі першы камень новай мураванай базылікі, урачыстае асьвячэньне якой адбылося 7 верасьня 1783 году. У 1790 годзе на сродкі кляштару збудавалі цагляны шпіталь для бедных, у 1793 годзе адкрылася 2-клясная пачатковая школа на 40 вучняў.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Будслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Вялейскім павеце Менскай, з 1843 году Віленскай губэрні. З 1848 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Аскеркаў. На 1859 тут было 68 двароў. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня расейскія ўлады зачынілі кляштар бэрнардынаў.

Штуршком да разьвіцьця Будслава паслужыла пракладаньне ў 1907 годзе чыгуначнай лініі паміж Полацкам і Маладэчна, што выклікала адкрыцьцё аднайменнай чыгуначнай станцыі. У гэты час у мястэчку быў 61 двор.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў Будславе разьмяшчаўся штаб 2-й расейскай арміі Заходняга фронту, якая рэалізоўвала асноўныя задачы пры правядзеньні Нарачанскай апэрацыі 1916 году. У лютым 1918 году мястэчка занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Будслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары мястэчка атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Будслаў увайшоў у склад БССР. У 1917–1919 гадох у мястэчку дзейнічала Будслаўская беларуская гімназія, зачыненая польскай акупацыйнай адміністрацыяй. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Будслаў апынуўся ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Вялейскага павету Віленскага ваяводзтва. У гэты час у мястэчку было 116 двароў. За польскім часам тут працавалі гмінная ўправа, млын, лесапільня, аптэка, банк, карчма; у панядзелкі праводзіліся кірмашы.

У 1939 годзе Будслаў увайшоў у БССР, дзе ў 1940 годзе стаў цэнтрам сельсавету Крывіцкага, з 1962 году Мядзельскага раёнаў.

У 1998 годзе кардынал Казімер Сьвёнтак каранаваў цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і кля́штар бэрнарды́наў – помнік архітэктуры XVII–XVIII стагодзьдзяў. Знаходзіцца ў цэнтры гістарычнага мястэчка, на Красным пляцы. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Малая папская базыліка.

Комплекс складаўся з касьцёла, кляштарнага корпуса, плябаніі і гаспадарчых пабудоваў. У другой палове XIX стагодьдзя улады Расейскай імпэрыі зруйнавалі кляштарны корпус. У наш час касьцёл дзейнічае, пры ім штогод (2 ліпеня) ладзіцца Будслаўскі фэст. У касьцёле захоўваецца цудоўны абраз Маці Божай.

Першы пісьмовы ўпамін пра кляштар ў Будславе датуецца 1504 годам, калі вялікі князь Аляксандар перадаў віленскім бэрнардынам 6000 моргаў (каля 3.560 гэктараў) лесу ў Менскім павеце. Манахі, якія атрымалі зямлю, жылі па 2–4 чалавекі ў пабудовах-будах, маючы пры гэтым капліцу.

У 1591 годзе айцы-бэрнардыны збудавалі драўляны касьцёл пад тытулам Наведваньня Марыяй Лізаветы. З 1613 году ў касьцёле захоўваецца цудоўны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 годзе Янам Пацам з Рыму (дарунак папы Клімэнта VIII). У 1643 годзе з фундацыі ваяводы полацкага Януша Кішкі ў мястэчку збудавалі новы мураваны касьцёл. Цудоўны абраз знаходзіўся ў цэнтры драўлянага разнога алтара.

У 1750 годзе пры касьцёле збудавалі жылы корпус кляштару. 29 чэрвеня 1767 году пачалося будаваньне новага мураванага касьцёла, у аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю якога як бакавая капліца Сьвятой Барбары ўвайшоў стары касьцёл. У 1783 годзе новы касьцёл асьвяцілі ў гонар Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. У другой палове XVIII ст. да яго прыбудавалі розныя памяшканьні. З 1756 году пры манастыры існавала музычная школа, у 1793–1842 гадох – 2-клясная школа і шпіталь. У 1731–1797 гадох у духоўнай школе, што дзейнічала пры кляштары, вывучалі маральную тэалёгію і рыторыку, пры гэтым манахаў налічвалася 4–17 чалавек.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Будслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзейнічаць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1851 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) – канфіскавалі кляштарны корпус і перадалі вайскоўцам.

У канцы XIX стагодьдзя расейскія ўлады зруйнавалі кляштарныя будынкі. Тым часам касьцёл працягваў дзейнічаць як парафіяльны.

За часамі міжваеннай Польскай Рэспублікі ў касьцёле праводзіліся рэстаўрацыйныя працы.

3 ліпеня 1992 году адбылася першая пілігрымка да цудоўнага абраза Маці Божай. З гэтага часу касьцёл стаў месцам штогадовага паломніцтва хрысьціянаў зь Беларусі і суседніх краінаў (у 2011 годзе працэсія налічвала каля 2,5 тысячы пілігрымаў). У 1996 годзе ў Будслаў вярнуліся айцы-бэрнардыны.

11 траўня 2021 году ў будынку касьцёлу ўзьнік пажар, які зьнішчыў дах, моцна пашкодзіў скляпеньні і іншыя будаўнічыя канструкцыі. Распачаўся збор сродкаў на аднаўленьне пашкоджанай пажарам сьвятыні.

Каардынаты: 54.787065, 27.451291.

Выгляд з боку апсыды

Цэнтральны ўвыходны партал

Iнтэр’еры касьцёлу

Галоўны аб’ём касьцёлу

Галоўны алтар

Хоры i арган

Бакавыя каплiцы

Плябанiя