Мядзельскі раён

Канстаньцiнава

Канстанцінава, Канстантынова – вёска ў міжрэччы Страчы і Сьвірыцы, уваходзіць у склад Сьвірскага сельсавету. Знаходзіцца за 40 кiлямэтраў на захад ад Мядзелу, за 26 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Лы́нтупы (лінія Лы́нтупы – Каралеўшчына); на аўтамабільнай дарозе Вільня – Полацак. Канстанцінава – даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Насельніцтва на 2011 год – 196 чалавек.

Упершыню Канстанцінава ўпамінаецца ў XVIII стагодьдзя як вёска Слабодка ў Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва. На 1756 год тут было 2 двары. У 2-й палове XVIII стагодьдзя вёска атрымала назву Канстантынова (Канстанцінава) у гонар уладальніка гэтых мясьцінаў палкоўніка Канстантына Хамінскага, які ў 1769 годзе збудаваў тут каталіцкую капліцу.

У 1785 годзе, паводле прывілея караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага, Канстанцінава атрымала статус мястэчка.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Канстанцінава апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Сьвянцянскім павеце Віленскай губэрні. У 1829 годзе маёнтак набыў Д. Адамовіч. У 1896 годзе на сродкі Хамінскіх касьцёл пашырылі, зрабілі агароджу з брамай.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў верасьні 1915 году Канстанцінава занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Канстанцінава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР. У сакавіку 1920 году вёску заняла польскае войска. У кастрычніку 1920 году Канстанцінава апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе – у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Сьвірскай гміне Сьвянцянскага павету Віленскага ваяводзтва. За польскім часам тут дзейнічала пошта.

У 1939 годзе Канстанцінава ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Сьвірскага раёну Вялейскай вобласьці (з 20 верасьня 1944 году Маладэчанскай, з 20 студзеня 1960 году Менскай вобласьці).

У Другую сусьветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 году вёска знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Касьцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі

Першую драўляную капліцу ў Канстанцінаве збудавалі ў 1769 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку Канстантына Хамінскага і ягонай жонкі Ганны з Моглаў. У 1782 годзе гэтую капліцу пераўтварылі ў касьцёл. У 1793 годзе ў мястэчку збудавалі новы драўляны касьцёл.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Канстанцінава апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. У 1826 годзе з фундацыі Францішка Пашкевіча збудавалі новы драўляны касьцёл. У 1896 годзе на сродкі Хамінскіх касьцёл пашырылі, зрабілі агароджу з брамай.

За савецкім часам касьцёл на зачыняўся. У 1990-я гады пры касьцёле пачала дзейнічаць місія кармэлітаў босых.

Каардынаты: 54.916640, 26.446896.