Мядзельскі раён

Княгiнiн

Княгінін – вёска за 29 кiлямэтраў на паўднёвы усход ад Мядзелю, за 37 кiлямэтраў на паўночны усход ад Вялейкi, цэнтар сельсавету. Чыгуначная станцыя на лініі Маладэчна – Полацак. Насельнiцтва па стане на 2010 год складала 843 жыхары.

Упершыню вёска згадваецца ў XV стагодзьдзі. У 1493 годзе Княгінь, паводле Актаў Літоўскай мэтрыкі, зьяўлялася шляхецкай уласнасьцю.

XVI стагодзьдзе. Кароль Жыгімонт Стары падараваў сяло Княгінін Е. Сьлізьню, пазьней яно перайшло ва ўладаньні Паклеўскіх-Казелаў. Зьяўлялася маёнткам Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва.

З 1793 году Княгінін знаходзіцца ў складзе Расейскай імпэрыі і зьяўляецца цэнтрам воласьці ў Вялейскім павеце.

1846 год: маёнтак Княгінін зьяўляўся ўладаньнем К.І. Казелы і складаўся з 5 вёсак і засьценка. У маёнтку разьмяшчаліся 3 карчмы, 2 млыны (вадзяны і валовы), вінакурня і 26 дваровых сялянаў. У 1890 годзе ў вінакурні разьмяшчалася паравая машына і працавалі 11 рабочых.

З 1866 году ў Княгініне працавала мужчынская народная вучэльня, дзе ў 1892/1893 навучальным годзе вучыўся 71 хлопчык. Таксама дзейнічала жаночая народная вучэльня, дзе ў 1892/1993 навучальным годзе вучыліся 15 дзяўчынак.

Падчас Першай сусьветнай вайны ў Княгініне разьмяшчаўся вайсковы шпіталь. На вясковых могілках пахаваныя каля 2,5 тысячаў салдатаў расейскай арміі, якія загінулі падчас Нарачанскай апэрацыі, што праводзілася ў сакавіку 1916 году.

У 1925–1927 гадох у вёсцы быў арганізаваны драматычны гурток пад кіраўніцтвам А. П. Антановіча. Гурток праводзіў асьветніцкую работу сярод насельніцтва. У чэрвені 1926 году сябры гуртка сталі сябрамі Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

12 лістапада 1966 году – населеныя пункты Княгінін, пасёлак чыгуначнай станцыі Княгінін, Стара-Княгінін, Міцькавічы, Васюлькі былі аб’яднаныя ў адзін – вёску Княгінін.

Сьвята-Траецкая Царква

У 1718 годзе ў Княгініне пабудаваная царка пад кіраўніцтвам Г. Радзевiча.

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, асноўная парафіяльная царква была ў Беркаўшчыне (спачатку ўніяцкая, потым праваслаўная). Княгінінская царква была невялікай могілкавай царквой. Толькі пасля таго, як царква ў Беркаўшчыне згарэла, цэнтр парафіі перамясьціўся ў Княгінін. Пасля гэтага ў Княгінінскай царкве спачатку адзін тыдзень маліліся ўніяты, затым адзін тыдзень маліліся праваслаўныя.

У 1839 годзе пасьля разгрому ўніяцтва пастановай Полацкага сабора уніяцкая царква на тэрыторыі заходніх губерняў была забароненая. Прыходзкія храмы былі пераведзеныя пад праваслаўную юрысдыкцыю.

Княгiнiнская царква зьяўлялася ўніяцкай до 4 красавіка 1842 году, пасьля гэтага яна была прымосова перададзеная праваслаўным.

Каардынаты: 54.684735, 27.169345.