Мядзельскі раён

Сьвiр

Сьвір – мястэчка на беразе возера Сьвіру, цэнтар сельсавету. Знаходзіцца за 45 кiлямэтраў на захад ад Мядзелу, за 26 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Лы́нтупы (лінія Пабродзьдзе – Каралеўшчына). Вузел аўтамабільных дарог на Смаргонь, Кабыльнік, Брусы. Насельніцтва на 2018 год – 906 чалавек.

Сьвір – мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваўся касьцёл Сьвятога Мікалая ў стылі барока, помнік архітэктуры XVII – пачатку XX стагодьдзяў.

Паводле паданьня, Сьвір на месцы капішча Перуна ў XIII стагодзьдзі заснаваў князь Даўмонт, які збудаваў тут замак. Паселішча ўваходзіла ў склад Ашмянскага павету Віленскага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні князёў Сьвірскіх. У 1452 годзе князь Ян Сьвірскі збудаваў у Сьвіры касьцёл, перабудаваны ў 1653 годзе.

У 1528 годзе Сьвір перайшоў да князёў Радзівілаў. За часамі Інфлянцкай вайны ў 1579 годзе тут адбыўся першы агляд войскаў і нарада з удзелам караля і вялікага князя Стэфана Баторыя. У 1689 годзе сярод вернікаў Сьвірскай парафіі ўпаміналася старалітва.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Сьвір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Вялейскага, потым Сьвянцянскага павету Слонімскай, з 1801 году Віленскай губэрні. У 1845 годзе каля мястэчка знаходзілася 2 маёнткі: Сьвір Ляскоўскі і Сьвір Стацкоўскі.

У 1864 годзе расейскія ўлады з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі тут народную вучэльню. У 1879 годзе ў мястэчку пачаў працаваць бровар, у 1896 годзе — сьпіртаачышчальная вытворчасьць. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Сьвіры дзейнічалі касьцёл і юдэйская малітоўная школа, працавалі валасная ўправа, паштова-тэлеграфная кантора, судова-сьледчы ўчастак Віленскага акруговага суду, народная вучэльня, лячэбніца, аптэка, хлебазапасны магазын, 34 крамы, 12 заезных дамоў і 14 корчмаў, штогод праводзілася 5 кірмашоў. У 1904 годзе зьявіўся аднайменны фальварак.

За часамі Першай сусьветнай вайны Сьвір занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сьвір абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад БССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Сьвір апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Сьвянцянскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1931 год у мястэчку дзейнічалі касьцёл і царква, працавалі паліцэйскі пастарунак, мескі суд, аптэка, лячэбніца і пошта, на сьвяты праводзіліся кірмашы.

У 1939 годзе Сьвір увайшоў ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 году стаў цэнтрам раёну (з 12 кастрычніка 1940 году цэнтар сельсавету, з 31 жніўня 1959 году ў Мядзельскім раёне, з 20 студзеня 1960 году ў Менскай вобласьці). У Другую сусьветную вайну з 25 чэрвеня 1940 да 6 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

Касьцёл сьвятога Мiкалая

Першы драўляны касьцёл у Сьвіры заснавалі ў 1452 годзе князі Сьвірскія. Мураваны касьцёл у стылi архітэктуры барока і нэабарока збудавалі ў 1653 годзе з фундацыі Ф. Козел-Паклеўскага. У 1680 годзе касьцёл кансэкраваў біскуп Мікалай Слупскі.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Сьвір апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць.

У 1903–1909 гадох касьцёл грунтоўна перабудавалі і значна пашырылі.

Каардынаты: 54.853268, 26.396021.

Iнтэр’еры касьцёлу

Вiтражы

Царква стараверская Усьпенская

Драўляную стараверскую малельню збудавалі на паўночна-ўсходняй ускраіне пасёлка на пачатку XX стагодьдзя ў стылi традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры.

Каардынаты: 54.842068, 26.410605.