Менскі раён

Прылукi

Прылукі – вёска ў Сеніцкім сельсавеце Менскага раёну Менскай вобласьці на дарозе Н9033, месьціцца на беразе ракі Пціч, за 8 кiлямэтраў ад Менскай кальцавой аўтадарогі.

Назва паселішча ўтварылася ад тэрміна «лука» – дугападобны паварот ракі. Таксама паходжаньне назвы «прылукі» тлумачыць мясцовая легенда, паводле якой у старадаўнія часы тут адбыўся двубой баярына Яраслава з сваім колішнім паплечнікам за права застацца з маладзіцаю Люблянаю, у выніку якога яны загінулі разам і месца іхнае сьмерці было названае Прылукамі (паводле віду зброі, якой яны біліся). Гэты сюжэт апрацоўвае ў сваім апавяданьні «Прылукі» (1893) беларускі празаік Карусь Каганец.

Упершыню паселiшча згадваецца ў 1567 годзе як сяло і шляхецкая ўласнасьць Есьманаў і Горскіх. У 1582 годзе – сяло, цэнтар маёнтку, уласнасьць Багдана Статкевіча, двор. У 1600-я гады Ганна Агінская, якая была малодшай дачкой троцкага падкаморыя Багдана Агінскага, заснавала ў Прылуках праваслаўны манастыр. У 1667 годзе Прылукi – маёнтак, шляхецкая ўласнасьць, 19 дымоў. У 1791 годзе – вёска, цэнтар маёнтка (8 вёсак) Каралішчавіцкай парафіі, уласнасьць Максыміляна Іваноўскага. У 1735 годзе манастыр зачынілі і на яго месцы сталі жыць Іваноўскія, што даводзіліся родзічамі Ганьне Агінскай. Двор і сяло месьціліся на левым беразе ракі Пцiч. Тут месьцілася драўляная ўніяцкая царква, мураваны панскі дом, сад рэгулярнай пляніроўкі, млын на два паставы і сукнавальня. Сама вёска месьцілася на правым беразе ракі.

Палац Чапскіх, раней Ашторпаў і Горватаў. Напалеон Орда. 1876

Па сьмерці менскага губэрнскага маршалка шляхты Леана Ашторпа вёска дасталіся яго зяцю, знакамітаму аграному Антону Гарвату, які ў 1851 годзе перабудаваў замак у цудоўны палац гатычнага стылю, заклаў вялікі сад з аранжарэяй пры ім і ўзьвёў вежу з гадзіньнікам. У 1868 годзе палац згарэў, аднак у 1872 годзе быў адноўлены. З 1872 году Прылукi – валоданьне вядомага калекцыянэра і нумізмата Эмэрыка фон Гутэн-Чапскага, з 1897 году – валоданьне яго сына Юрыя (Ежы).

Сядзiбна-паркавы ансамбаль графаў фон Гутэн-Чапскiх

У 2-й палове XVIII стагодзьдзя пры палацы заклалі пэйзажны парк з 2-х частак агульнай плошчай 4,5 га. У парку стаялі мураваная капліца і аформлены аркадай сьвіран. Тамсама месьцілася 2 сажалкі, на адной зь якім быў вадзяны млын. Цягам 1-й паловы XIX стагодзьдзя 2-павярховы палац зрабілі мураваным зь нізкім цокальным паверхам. Перад галоўным фасадам палаца ўзьвялі 3-ярусную васьмерыковую вежу з гадзіньнікам і высокім шатром са шпілем і флюгерам.

У 1851 годзе Атон Горват перабудаваў палац у гатычным стылі і заклаў сад з аранжарэяй і вежавым гадзіньнікам. Цягам 1850 – 1870 гадоў палац дапоўнілі некалькімі вежамі. У 1871 годзе граф Эмэрык Чапскі набыў палац у рамках скупкі земляў ад Станькава да Менску, што ўтварылі Станькаўскі ключ. У 1872 годзе Эмэрык Чапскі зьменшыў лік вежаў палаца да 4 і прыбудаваў справа 4-кутную 3-павярховую вежу зь вінтавой лесьвіцай. У 1886 годзе да паўднёвага тарцовага фасаду прыбудавалі 1-павярховы корпус са сталовай і аранжарэяй, які пазьней стаў 2-павярховым і Г-падобным. У 1897 годзе гаспадаром палаца стаў яго малодшы сын Юры Чапскі, які гадаваў у ім 7 дзяцей. Сярод іх пісьменьнікамі сталі Юзэф Чапскі і Марыя Чапская.

У красавіку 1921 году ў былым палацы Чапскіх адчынілі навуковую фэрму Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якую пераўтварылі ў Інстытут сельскай гаспадаркі, які пазьней перавялі ў Горкі (Магілёўская вобласьць). Затым палац сталі выкарыстоўваць як нацыяналізаваны маёнтак, а пазьней як сядзібу калгасу. У 1938 годзе ў палацы адчынілі дом адпачынку НКУС, які сталі наведваць чыноўнікі і пісьменьнікі. У чэрвені 1941 году з пачаткам Нямецка-савецкай вайны ў палацы разьмясьцілі нямецкую камэндатуру. Пазьней палац стаў месцам адпачынку генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. У ліпені 1944 году пры адступленьні нямецкія вайскоўцы падпалілі палац, каб зьнішчыць збор сваіх дакумэнтаў. У выніку той гарэў 3 дні.

У 1957 годзе Савет міністраў Беларускай ССР накіраваў сродкі на аднаўленьне палаца для досьледаў Менскай навуковай лябараторыі абароны бульбы ад калярадзкага жука, якую ўзначальвала Цыля Гандэльман. У ім разьмясьцілі станцыю абароны ад калярадзкага жука. 17 лютага 1971 году на аснове станцыі і некалькіх працоўняў стварылі Беларускі навукова-дасьледчы інстытут аховы расьлінаў. За савецкім часам у Прылуках месьцілася станцыя глушэньня амэрыканскіх і брытанскай радыёстанцыяў, ад якой захаваўся будынак.

Каардынаты: 53.790821, 27.450629.

Сядзiбны дом

Зваротны (паўднёва-заходні) фасад палацу

Гаспадарчы двор. Бровар

Каардынаты: 53.788841, 27.454746.

Дом для працоўных

Каардынаты: 53.789432, 27.456267.

Сьвіран

Каардынаты: 53.789854, 27.456978.