Менскі раён

Сёмкаў гарадок

Сёмкаў Гарадок – вёска на правым беразе ракі Вячы, уваходзіць у склад Папярнянскага сельсавету. Насельніцтва на 2010 год – 193 чалавекі. Знаходзіцца за 14 кiлямэтраў на паўночны захад ад Менску, за 7 кiлямэтраў ад чыгуначнай станцыі Ждановічы (лінія Менск – Маладэчна). Сёмкаў Гарадок – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Тапонім Сёмкаў Гарадок складаецца зь дзьвюх частак: азначэньне «Сёмкаў» паказвае на блізкасьць да вёскі Сёмкава, назва «Гарадок» сьведчыць пра існаваньне тут невялікага замка (гораду).

Упершыню Сёмкаў Гарадок (пад назвай Гарадок Саламярэцкі) упамінаецца ў XVI стагодьдзі як валоданьне князёў Саламярэцкіх. З 1595 году ён знаходзіўся ў складзе маёнтку Сёмкаў Менскага павету. 3 1755 году Сёмкавым Гарадком валодаў Адам Хмара, за якім тут збудавалі касьцёл. У 1791 годзе мястэчка належала да Заслаўскай парафіі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Сёмкаў Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету Менскай губэрні. На 1800 год у мястэчку было 12 двароў, млын, корчмы, царква Раства Багародзіцы (у ёй у 1880-я гады вянчаліся бацькі Максіма Багдановіча). На 1861 год – 117 двароў, валасная ўправа, медаварня, піваварня, бровар, цагельны завод, млын, царква, сынагога. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Сёмкавым Гарадку было 53 двары, народная вучэльня (адкрылася ў 1865 годзе), царкоўнапрыходзкая школа, карчма. У 1905–1906 гадох у маёнтку працаваў Янка Купала, у красавіку – траўні 1922 году – Якуб Колас.

За часамі Першай сусьветнай вайны у лютым 1918 году Сёмкаў Гарадок занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сёмкаў Гарадок абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Сёмкавагарадоцкай воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі мястэчка ўвайшло ў склад Беларускай ССР, дзе 20 жніўня 1924 году стала цэнтрам сельсавету Заслаўскага раёну (з 8 жніўня 1959 году ў Менскім раёне). Статус Сёмкава Гарадку панізілі да вёскі. У верасьні 1989 году на магіле Тацяны Зенчык паставілі помнік ахвярам савецкіх рэ­прэсіяў у сям’і Зенчыкаў.

Царква Раства Божай Мацi
(колiшнi касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і Сьвятога Станіслава)

Мураваны парафіяльны касьцёл у Сёмкавым Гарадку збудавалі па 1791 годзе з фундацыі ўладальніка маёнтку Адама Хмары.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Сёмкаў Гарадок апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Аднак па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1868 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі касьцёл у каталікоў і перарабілі яго пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву. У час Другой сусьветнай вайны царква зноў адкрылася і дзейнічала да 1959 году.

На пачатак 1990-х гадоў помнік стаяў без даху, калі яго перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 2000-я гады будынак колішняга касьцёла, помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да клясыцызму, пацярпеў ад перабудовы Маскоўскага патрыярхату (замест рэстаўрацыі), што зьнявечыла яго мастацкае аблічча. У выніку рэканструкцыі цалкам зьнішчылі фігурны франтон і дэкаратыўнае аздабленьне сьценаў. Над будынкам паставілі вялізны пазалочаны купал.

Каардынаты: 54.007071, 27.465304.