Менскі раён

Вялікае Сьціклева

Вялікае Сьціклева – вёска ў складзе Навадворскага сельсавету, каля МКАД, у 1,1 кiлямэтры на паўднёвы ўсход ад Менску. Вёска месьцілася на зьніклай сёньня рэчцы Сіняўцы, вядомай таксама як Сьціклеўка і Трасьцянка.

У 1791 годзе Вялікае Сьціклева – засьценак маёнтку Трасьцянец, шляхецкая ўласнасьць, у Менскай парафіі. Пасьля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1815 годзе вёскі Стары Сьціклеў (29 жыхароў мужчынскага полу) і Новы Сьціклеў (37 жыхароў мужчынскага полу), уласнасьць С. Прушынскага, у Менскіх павеце й губэрні.

У 1858 годзе вёска Сьціклева (11 жыхароў мужчынскага полу) ва ўладаньні Д. Спасовіча, вёска Новы Сьціклеў (15 жыхароў мужчынскага полу) і маёнтак Сьціклева (37 жыхароў мужчынскага полу) уласнасьць Э. Ваньковіча. У 1897 годзе вёска Вялікае (яно ж Старое) Сьціклева (23 двары, 149 жыхароў) і ўрочышча Сьціклева (двор, 6 жыхароў), у Сеньніцкай воласьці Менскага павету.

Зь лютага па сьнежань 1918 году вёска акупаваная войскамі Нямецкае імпэрыі, зь ліпеня 1919 па ліпень 1920 году і ў сярэдзіне кастрычніка 1920 – войскамі Польшчы. У Другую сусьветную вайну, з канца чэрвеня 1941 году да пачатку ліпеня 1944 акупаваная войскамі нацысцкае Нямеччыны, загінулі 33 жыхары.

У 1959 годзе невялікая частка вёскі ўвайшла ў склад гораду Менску, забудова якой стала лічыцца працягам вуліцы Байкальскай. Асноўная частка не ўвайшла ў гарадзкую рысу і пазьней засталася за межамі Менскай кальцавой аўтадарогі. Тая частка, што ўвайшла ў склад гораду, была зьнесеная ў канцы 1970-х – пачатку 1980-х. Прыкладна на яе месцы цяпер месьціцца аўтаразьвязка МКАД і вуліцы Байкальскай.

Насельніцтва вёскi по стане на 2010 год складала 1.434 чалавекі.

Храм Раства Хрыстова

Славутасьць вёскi – царква Раства Хрыстова, пабудаваная з цэглы ў 1996 годзе ў традыцыях рэтраспектыўна-распейскага стылю. Архітэктар храма – Мікалай Ёсіфавіч Лук’янчык.

Каардынаты: 53.874061, 27.695978.

Iнтэр’еры царквы

Службовая пабудова