Пухавіцкі раён

Дукора

Дукора – вёска на рацэ Сьвіслачы за 25 кiлямэтраў на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, за 28 кiлямэтраў ал Менску, на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Менск – Бабруйск і Рудзенск – Сьмілавічы. Дукора – цэнтар сельсавету Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 1304 чалавекі.

Дукора – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму сядзіба Ашторпаў і царква Сьвятога Ільлі, помнікі архітэктуры XVIII–XIX стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Ашторпаў, помнік архітэктуры XVIII стагодьдзя, зруйнаваны савецкімі партызанамі.

Корань Duk- у балцка-літоўскіх антрапонімах тыпу Dukas, зь якім зьвязаныя адыменныя тапонімы Дукойні, Дукелі. У Літоўскай Метрыцы ў XV стагодьдзі фіксуецца адпісанне ўладання «Дукурну Ятевичу». Побач з Дукорай знаходзяцца вёскi Людвінова, Камейкі, Смілавічы, назвы якіх паходзяць ад балцка-літоўскіх антрапонімаў Liudvinas, Kameikis, Smilys. На думку Аляксандра Ельскага, назва, якая раней пісалася як Дукары, паходзіць ад лацінскага слова «dux» (князь).

У XVI стагодзьдзі Дукора знаходзілася ў складзе маёнтку Бакштаў і належала Кезгайлам, з 1554 году – у валоданьні іхных нашчадкаў паводле жаночай лініі: Завішаў і Шэметаў. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. Першы пісьмовы ўпамін пра Дукору як уласнасьць непаўналетніх дзяцей Я. Завішы, маці якіх другім шлюбам выйшла за князя А. Вішнявецкага, датуецца 1582 годам. Тады ж упамінаецца тутэйшы сельскі старац Еська Юр’евіч. Пад 1592 і 1595 гадамі ў якасьці ўладальнікаў паселішча значацца Ян і Вацлаў Шэметы, старца – С. Мазоўка.

З 1606 году Дукора знаходзілася ў супольным валоданьні ўдоваў А. Завішы і В. Шэмета, старац – Ц. Мазоўчыч. У 1615 годзе сяло аддалі ў заклад К. Слушку, у гэты час тут былі 84 двары сялянаў-кунічнікаў. Пазьней уласьнікамі маёнтку сталі Агінскія. Апошнім уладальнікам Дукоры і ўсяго Бакштанскага графства з роду Агінскіх быў гетман Міхал Казімер.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Дукора апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Ігуменскага павету Менскай губэрні. З канца 1790-х гадоў маётак перайшоў да Францішка Ашторпа – сына аселага на Літве швэдзкага жаўнера арміі Карла ХІІ. У 1800 годзе Дукора складалася зь сядзібы, невялікага мястэчка, сяла; мела Ўзьвіжанскую царкву, юдэйскую школу, будаваўся мураваны касьцёл; штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1-й палове XIX стагодьддзя Ашторпы (сыны Францішка Лявона, 1786–1851) збудавалі мураваны палац, у гэты ж час працавалі цырк з замежнымі акторамі, аркестар, бібліятэка.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касьцёл пад царкву Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1874 годзе маёнтак перайшоў да галяндца Канстантына Гартынга (памёр у 1891 годзе), радзіна якога ўсталявалася на Меншчыне ў пачатку XIX стагодьддзя. У 1876 годзе ў Дукоры існаваў вадзяны млын і 3 карчмы. У 1881 годзе мястэчка зьлілося зь сялом; у гэты час тут было 2 царквы, шпіталь.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дукору занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дукора абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці накіроўвалі ў Народны Сакратарыят БНР скаргі на дзеяньні нямецкіх войскаў. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дукора ўвайшла ў склад БССР. У жніўні 1919 – ліпені 1920 году Дукора знаходзілася пад польскай уладай і было цэнтрам гміны.

20 жніўня 1924 году Дукора стала цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі.

Палацава-паркавы комплекс Ашторпаў (Оштарпаў)

Палацава-паркавы комплекс Ашторпаў – помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагодьдзя. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне гістарычнага мястэчка. Твор архітэктуры клясыцызму. Комплекс складаўся з палаца, касьцёла, флігеля, уязной брамы, гаспадарчых пабудоваў і парку. Сядзіба знаходзілася ў валоданьні Ашторпаў, з 1874 году – Гартынгаў. Мураваны палац збудаў у пачатку XIX стагодьдзя Леў Францавіч Оштарп.

Парк пэйзажнага тыпу ўключае галоўную алею, ручай, курціны з таполяў, ліп, піхтаў і лістоўніц. У парку зберагліся гаспадарчыя пабудовы: лядоўня, сьвіран, бровар, стайні (адбудаваныя ў XXІ стагодьдзi).

У 1918 годзе палац перарабілі пад школу. За часамі Другой сусьветнай вайны савецкія партызаны пад камандаю Мікалая Пакроўскага зьнішчылі палац.

Cядзіба Ашторпаў. Малюнак Напалеона Орды. 4.07.1876

Каардынаты: 53.675368, 27.965289.

Брама

Фантан

Ганчарня

Стайня

Перегарнуты дом

Царква сьвятога прарока Iльлi

Мураваную грэцка-каталіцкую (уніяцкую) царкву ў Дукоры збудавалі ў пачатку XIX стагодьдзя ў стялi архітэктуры клясыцызму. Пазьней яна пачала дзейнічаць як рымска-каталіцкі касьцёл. У 1851 годзе ў царкоўнай крыпце спачыў дзяржаўны і вайсковы дзяяч Лявон Ашторп.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1864 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву, будынак якой перарабілі пад клюб. У 1990-я гады царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату, неўзабаве над будынкам паставілі два купалы-цыбуліны.

Каардынаты: 53.669318, 27.953519.