Пухавіцкі раён

Мар’іна Горка

Мар’іна Горка – адміністрацыйны цэнтар Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2017 год складала 21.167 чалавек. Знаходзіцца за 63 кiлямэтры на паўднёвы ўсход ад Менску. Чыгуначная станцыя Пухавічы на лініі Менск ў Асіпавічы, праз места праходзяць аўтамабільныя дарогі на Менск, Бабруйск, Ігумен, Узду.

У тапоніме «Мар’іна Горка» спалучаецца паняцьце «Горка» (невялікая гара) і азначэньне «Мар’іна», якое паходзіць ад асабістага імя. Існуе некалькі меркаваньняў пра паходжаньне назвы места. Адзінай афіцыйнай пазыцыі на гэты конт у наш час няма. Паводле першага паданьня, назва мясцовасьці пайшла ад узвышша, на якім павесілася дачка тутэйшага зямяніна Марыя (дзяўчына ня вытрымала разлукі з каханым на зьвінавачваньне ўласным бацькам у стасунках з прастачынай). Згодна зь іншай легендай, паселішча назвалі «Мар’інай Горкай» ад суседняй царквы, дзе знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці. Таксама існуе паданьне, што назва паселішча ўтварылася ад паганскай традыцыі, бо некалі тут было капішча, дзе паганцы маліліся сваёй багіні Мары.

Упершыню Мар’іна Горка ўпамінаецца ў XVI стагодьдзi. У розныя часы паселішча знаходзілася ў валоданьні Радзівілаў, Бужынскіх, Ратынскіх, Крупскіх і іншых.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Мар’іна Горка апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ігуменскім павеце Менскай губэрні.

Баніфацы Крупскі, уладальнік паселішча, быў адным з арганізатараў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у краі, па здушэньні якога расейскія ўлады канфіскавалі ягоную маёмасьць, а самога выслалі ў Сыбір. За верную службу «царю и отечеству» Мар’іну Горку перадалі царскаму чыноўніку Макаву. Будаваньне Лібаўска-Роменскай чыгункі (1873 год) паспрыяла разьвіцьцю паселішча. 30 жніўня 1880 году тут адкрылася сельскагаспадарчая школа. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у вёсцы было 24 двары.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мар’іна Горка абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, дзе 17 чэрвеня 1924 году стала цэнтрам Пухавіцкага раёну.

27 верасьня 1938 году Мар’іна Горка атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 28 чэрвеня 1941 да 3 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

22 ліпеня 1955 году Мар’іна Горка атрымала статус места.

Сядзібна-паркавы комплекс Макавых

Сядзіба ў Мар’інай Горцы існавала з XVI стагодьдзя. Сядзібай валодалі Радзівілы, Бужынскія, Ратынскіе, Крупскія і прадстаўнікі іншых шляхецкіх родаў. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1863 года маёнтак быў канфіскаваны і, як і ўвесь горад, стаў ўласнасьцю міністра ўнутраных справаў Расейскай імпэрыі Льва Макава. Пры ім у 1876 годзе была пабудаваная сядзібная хата з чырвонай цэглы.

З 1935 па 1941 год у будынку месьцiўся Дом творчасьці пісьменнікаў Беларусі, дзе ў свой час адпачывалі і стваралі клясікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны, іншыя вядомыя беларускія літаратары.

Пад час Другой Сусветнай вайны ў сядзібе было арганізавана гета.

Сёньня у колiшнiм сядзібным доме мясцуецца абласны дзіцячы цэнтар медычнай рэабілітацыі «Пухавічы». Сядзіба некалькі разоў капітальна рамантавалася.

Каардынаты: 53.523994, 28.138588.

Катэдральны сабор сьвятога прававернага князя Аляксандра Неўскага

Царква Усьпеньня Маці Божай (страчаная)

Мясцовае паданьне абвяшчае, што цудатворны абраз Маці Божай з’явіўся нейкаму Ісідору, жыхару вёскі Лядцо, падчас цяжкай хваробы. У падзяку за вылячэньне Ісідар пабудаваў на гары капліцу, паставіў у ёй яўлены абраз і правёў тут у малітве ўсё астатняе жыцьцё. У 1812 годзе капліца была спаленая атрадам Напалеонаўскай арміі, але абраз застаўся непашкоджаным, а воіны былі ўражаныя слепатай. Пасля заканчэньня вайны, у 1814 годзе, на месцы згарэлай капліцы мясцовыя жыхары пабудавалі царкву, у 1854 годзе яе перабудавалі.

У 1859 годзе настаяцелем Пакроўскай царквы ў вёске Навасёлкi стаў малады сьвятар Фама Русецкі, які скончыў Менскую духоўную сэмінарыю. Зь яго імем зьвязанае будаўніцтва ў Мар’інай Горцы замест капліцы вялікага мураванага храма. Храм спачатку быў задуманы як помнік адмене прыгоннага права. Сваю дзейнасьць па ўзьвядзенні храма Фама Русецкі пачаў са збору ахвяраваньняў. Першыя грошы на будаваньне храма ўнесьлі сяляне блізкіх валасьцей. Фундатарамі былі Леў Макаў, Восіп Бонч-Асмалоўскі і Эдвард Вайніловіч.

У 1866 годзе Фама Русецкі аб’ехаў шэраг гарадоў, пабываў у Казані, Ніжнім Ноўгарадзе, Вільні і сабраў 15.000 рублёў. З дапамогай міністра ўнутраных спраў Льва Макава будаўнічыя матэрыялы ўдалося атрымаць бясплатна. У 1871 годзе заклалі падмурак храма, а праз 8 гадоў будаванне завяршылася. 30 жніўня 1879 года быў асьвечаны ніжні храм Успеньня Божай Маці, а 14 траўня 1895 года – верхні храм у гонар сьвятога дабравернага князя Аляксандра Неўскага. Каменная і ёмістая, яна па сваім архітэктурным стылі нагадвала грэчаскія цэрквы. Гэтае падабенства было не выпадковым, бо храм у Мар’інай Горцы ўзводзіўся па пляне грэцкай царквы сьвятога Дзмітрыя ў Санкт-Пецярбургу. Апошняя па сваім вонкавым выглядзе нагадвала сабор Святой Сафіі ў Канстантынопалі.

У 1930-х гадах царкоўнае жыцьцё ў Мар’інай Горцы перарвалася. 7 лістапада 1939 года велічны храм у Мар’інай Горцы ўзарвалі савецкiя ўлады. Разбурана было і мноства іншых цэркваў у Пухавіцкім благачыньні, але за ўскраінай Мар’інай Горкі, у паселішчы Блонь, уцалела адзіная царква, дзе цудатворны абраз Божай Маці і здабыў месца свайго часовага знаходжаньня. Па ўспамінах старажылаў, калі храм закрылі, у ім вырашылі размесьціць клюб. Пачалі замазваць усе фрэскі, некалькі разоў бялілі сцены, а абліччы святых усё роўна выяўляліся. Сьцены ўдалося пабяліць. Была спроба перарабіць храм у збожжасховішча. Зрабілі ў ім бізун, завезлі збожжа, але вясной усё збожжа згніла. Тады мясцовыя ўлады, пераканаўшыся, што царкву да сваіх патрэбаў ніяк не прыстасаваць, ўзарвалі царкву.

Каардынаты колiшняй царквы: 53.529566, 28.130967.

Адраджэньне Праваслаўя на Пухаўшчыне пачынаецца з 1998 года, калі паўстала задача аднавіць храм і вярнуць у Мар’іну Горку некалі страчаную сьвятыню краю. 8 верасьня 2010 года па бласлаўленьні Высокаправялебнейшага мітрапаліта Філарэта было зьдзейсьнена ўрачыстае перанясеньне абраза ў новазбудаваны храм святога прававернага вялікага князя Аляксандра Неўскага.

Каардынаты: 53.505684, 28.157151.

Станцыя Пухавiчы

Некалькi словаў аб тым, чаму раён называецца Пухавіцкім, а яго цэнтар – Мар’іна Горка. Апошнім уладальнікам сядзібы Мар’іна Горка быў граф Леў Макаў – міністар унутраных справаў Расейскай імпэрыі. Чалавек гэты, мяркуючы па яго біяграфіі, лічыў сябе пупам зямлі. І, калі ў 1873 годзе разгарнулася будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, ён, выкарыстоўваючы прыяцельскія адносіны з расейскім імпэратарам, дамогся таго, каб чыгуначная ветка прайшла не праз тагачасны цэнтр павета (Пухавічы), а праз яго маёнтак, робячы дугу. Больш таго, каб узаконiць гэтае самадурства, граф Макаў назваў сваю «асабістую» станцыю «Пухавічы», ані не клапоцячыся, што Пухавічы – у іншым месцы. Па гэтай прычыне многія да гэтага часу блытаюцца, чаму ў саміх Пухавічах чыгуначнай станцыі няма, але станцыя з такой назвай ёсьць у Мар’інай Горцы.

Каардынаты: 53.510061, 28.143065.

Райвыканкам

Адрас: вулiца Ленiнская. 47 Каардынаты: 53.511282, 28.148104.

Храм пратэстанскi

Пратэстанцкi храм у Мар’iная Горцы быў пабудаваны пасьля 1990 года.

Каардынаты: 53.520445, 28.148761.

Касьцёл сьвятога Антонія Падуанскага (колiшняя электрастанцыя)

Электрастанцыя была пабудуваная ў першай палове XX стагодьдзя.

Каардынаты: 53.508685, 28.153121.

+

Гарадзкi асабняк

У 1990-я гады на абшарах былога Саюза iснавала мода на будаўніцтва замкаў разнастайных формаў і прызначэньняў. Адзін з такіх замкаў у свой час з’явіўся і ў Мар’інай Горцы. На сёньня ў будынку размешчаны офісы розных арганізацыяў Пухавіцкага раёна. Будынак выстаўлены на продаж.

Адрас: вулiца Будзённага, 1. Каардынаты: 53.507405, 28.153246.