Старадароскі раён

Залужжа

Залужжа – вёска ў складзе Дражнаўскага сельсавету, знаходзіцца ў 12 кілямэтрах на паўночны захад ад Старых Дарог. Праз вёску праходзіць аўтадарога Р92 (Старыя Дарогі – Мар’іна Горка), іншыя дарогі вядуць у навакольныя вёскі. За 6 кілямэтраў на поўнач праходзіць мяжа з Магілёўскай вобласьцю. Мясцовасьць належыць басэйну Дняпра, непадалёку бяруць пачатак Арэса і яе прыток Салон, у навакольлях Залужжа вялікая колькасьць меліярацыйных каналаў са сьцёкамі ў гэтыя рэкі. Бліжэйшыя чыгуначныя станцыі ў Старых Дарогах і Фалічах (лінія Асіповічы – Слуцак). Насельніцтва вёскі па стане на 2009 год складала 616 чалавек.

Залужжа размяшчаецца ва Усходнім Палесьсі, на гістарычнай тэрыторыі пражываньня сакуноў, асаблівай этнаграфічнай групы дрыгавічоў. У гістарычных дакументах Залужжа згадваецца з XVI стагодьдзя як вёска ў Менскім павеце Менскага ваяводзтва Вялікага княства Літоўскага. У 1582 годзе вёска згадваецца ў складзе Слуцкага княства, валоданьне Алелькавічаў. З XVII стагодьдзя паселішчам валодалі Радзівілы.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Залужжа апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Менскай губэрні.

У XIX стагодьдзі маёнтак быў уласнасьцю Вітгенштэйнаў, у 1846 годзе маёнтак разам з зямлёй быў выкуплены ў расейскую казну. У той час Залужжа адміністрацыйна адносілася да Бабруйскага павета Мінскай губэрні.

У 1897 годзе ў Залужжы было 1.310 жыхароў. У той час тут было народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма, царква.

25 сакавіка 1918 года Залужжа абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, 1 студзеня 1919 года ўвайшла ў склад БССР.

Царква сьвятога Георгiя

Першыя зьвесткі аб існаваньні царквы ў Залужжы адносяцца да XVI стагодьдзя. Царква Сьвятога Георгія была пабудаваная ў XVIII стагодьдзі, а ў 1905 годзе яе перабудавалі з драўлянага бруса. У 1920-х гадах у гэтай царкве служыў сьвятар Уладзімір Талюш, расстраляны ў 1933 годзе і залічаны да сьпісу новапакутнікаў. У савецкі час у царкве быў клюб, у канцы XX стагодьдзя будынак вернуты вернікам. З 1992 года царква зноў дзейнічае.

Каардынаты: 53.138363, 28.166691.