Стаўпецкі раён

Налiбакi

Налі́бакі – вёска каля вытоку ракі Лебяжоды, цэнтар сельсавету Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год – 515 чалавек. Знаходзяцца за 45 кiлямэтраў на паўночны захад ад Стоўпцаў; на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Івянец – Шчорсы і Стоўпцы – Налі́бакі.

Налі́бакі – даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны, каля Налібоцкай пушчы. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока драўляны касьцёл Сьвятога Барталамэя, помнік архітэктуры XVII стагодьдзя, спалены савецкімі партызанамі.

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Налі́бакі ўтварыўся ад прозьвішча Малібог. Часам сустракаецца форма назвы Налібокі (польск. Naliboki).

Першы пісьмовы ўпамін пра Налібакі датуецца 1447 годам. Да 1485 году яны знаходзіліся ў валоданьні Гедыгольдавічаў, да 1554 году – Кезгайлаў, потым Завішаў і Шэметаў, з 1555 году – Мікалая Радзівіла «Чорнага». Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565–1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Менскага павету Менскага ваяводзтва.

У XVI стагодьдзi Налібакі сталі цэнтрам воласьці. У 1636 годзе Альбрэхт Станіслаў Радзівіл збудаваў тут касьцёл, перабудаваны ў 1699 годзе. Мястэчка было цэнтрам лавецтва – асобнага ўладаньня Радзівілаў, якое ахоплівала вялізныя лясныя абшары на тэрыторыі Верхняга Панямоньня. У другой палове XVIII стагодьдзя роля маёнтку ў гаспадарцы Радзівілаў значна ўзвысілася дзякуючы ўлучэньню паселішча ў вытворчасьць шкла на мануфактурах роду, што месьціліся ў разьмешчаных паблізу мясьцінах Наваградзкага павету.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Налібакі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Ашмянскім павеце Віленскай губэрні. На 1801 год у мястэчку быў 61 двор, дзейнічаў касьцёл, працавалі крама, бровар і карчма. У 2-й палове XIX стагодьдзя Налібакі перайшлі да Вітгенштэйнаў, з 1881 году – Гогенлёэ. Паводле вынікаў перапісу 1897 году тут было 224 двары, дзейнічалі касьцёл і малітоўны дом, працавалі 2 школы, лякарня, валасны суд і карчма.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Налібакі занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

5 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Налібакі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары мястэчка і воласьці атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Налібакі ўвайшлі ў склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году яны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Стаўпецкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

У 1939 годзе Налібакі ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну 8 траўня 1943 году савецкія партызаны спалілі касьцёл, што мусіла быць знакам да наступленьня. У выніку нападу партызанаў загінулі 128 чалавек, у тым ліку тры жанчыны, некалькі падлеткаў і дзесяцігадовае дзіця.

На 1998 год у Налібаках было 240 двароў, на 1999 год – 254. У 2001 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці пачаў расьсьледаваньне пра датычнасьць аддзелу Бельскага да разьні, спыненае праз адсутнасьць довадаў. Сын аднаго з братоў і некаторыя пакінутыя ў жывых партызаны сьцьвярджалі, што аддзел Бельскіх ня меў дачыненьня да гэтага выпадку, бо ў той дзень знаходзіўся за 100 кiлямэтраў ад мястэчка.

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі

Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі – помнік архітэктуры першай паловы XX стагодзьдзя, знаходзіцца на паўднёвай ускраіне колішняга мястэчка, каля могілак на гістарычнай Касьцельнай вуліцы. Дзейнічае. Твор архітэктуры эклектыкі з рысамі мадэрну і нэарэнэсансу. Утварае адзіны ансамбль з агароджай і брамай, што захаваліся ад старога драўлянага касьцёла Сьвятога Барталамея і датуюцца XIX стагодьдзем, а таксама драўлянай капліцай пачатку XX стагодьдзя.

Першы драўляны касьцёл у Налібаках у 1447 годзе фундаваў ваявода смаленскі Пётар Гедыгольдавіч. У 1636 годзе канцлер Альбрэхт Станіслаў Радзівіл адбудаваў у мястэчку драўляны касьцёл. Гэты будынак пацярпеў у вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654–1667 гадоў. У 1699 годзе замест старога збудавалі новы драўляны касьцёл.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Налібакі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць.

У 1935 годзе побач з старым драўляным касьцёлам пачалося будаваньне новага мураванага, але з пачаткам Другой сусьветнай вайны работы спыніліся. 8 траўня 1943 году савецкія партызаны спалілі стары драўляны касьцёл, што мусіла быць знакам да наступленьня.

Мураваны касьцёл за савецкім часам быў моцна пашкоджаны і прастаяў у гэтым стане да 1990 году. З адраджэньнем парафіі будаваньне працягнулася, 5 ліпеня 1994 году кардынал Казімер Сьвёнтак кансэкраваў касьцёл. Галоўны алтар быў асьвячоны 24 жніўня 2007 году. Усе мастацкія творы для інтэр’еру выканаў мастак-манумэнталіст Леанід Лук’янцаў.

Каардынаты: 53.758259, 26.470658.

Iнтэр’еры касьцёлу

Вiдарыс iнтэр’ераў касьцёлу з хораў

Царква Сьвятога Мiхала Арханёла

Сьвята-Міхайлаўская царква пабудаваная ў пачатку XXI стагодьдзя i асвячоная ў 2006 годзе.

Каардынаты: 53.762572, 26.468674.