Стаўпецкі раён

Новы Сьвержань

Новы Сьвержань – вёска на пры ўтоку ракі Жацераўкі ў Нёман, ЦЭнтар сельсавету Стаўпецкага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год складала 1.982 чалавекі. Знаходзіцца за 3 кiлямэтры на поўдзень ад Стоўпцаў, за 5 кiлямэтры ад чыгуначнай станцыі Стоўпцы; на аўтамабільнай дарозе Стоўпцы – Нясьвіж. Сьвержань – даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Першы пісьмовы ўпамін пра Сьвержань як мястэчка Наваградзкага павету датуецца 1568 годам. У гэты час тут дзейнічала царква, працаваў млын, на правым беразе Нёмана стаяў замак. Мястэчкам супольна валодалі А. Урэлеўскі, М. Слушка і А. Валовіч, потым Храптовічы.

У 1575 годзе Сьвержань перайшоў у валоданьне Мікалая Крыштапа Радзівіла «Сіроткі», які ў 1588 годзе заснаваў тут касьцёл, а ў 1590 годзе – царкву. На 1647 год у мястэчку было 5 вуліцаў, 84 двары, на 1681 год – 44 крамы. У XVII–XVIII стагодзьдзях Сьвержань ўваходзіў у склад Мірскага графства. За часамі Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 годзе мястэчка спалілі швэдзкія войскі.

У першай палове XVIII стагодьдзя у Сьвержані заснавалі базылянскі манастыр з сэмінарыяй, у 1742 годзе Міхал Казімер Радзівіл збудаваў фаянсавую мануфактуру. У сярэдзіне XVIII стагодьдзя у мястэчку працавалі 3 млыны, на беразе Нёмана знаходзілася 20 складоў для тавараў; адсюль пачынаўся нёманскі гандлёвы шлях у Каралявец. На 1747 год у Сьвержані было 160 двароў, у канцы XVIII стагодьдзя – каля 200 двароў. У гэты час мястэчка атрымала назву Новы Сьвержань, а суседняя вёска – Стары Сьвержань.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Новы Сьвержань апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Менскага павету. У вайну 1812 году каля мястэчка адбылася бітва паміж расейскімі і францускімі войскамі. У 1860-я гады ў Новым Сьвержані было 178 двароў, дзейнічалі царква, касьцёл, капліца і сынагога, працавалі народная вучэльня, школа, 2 млыны, каля 20 крамаў, карчма і паштовая станцыя, штогод праводзіліся 2 кірмашы. Паводле вынікаў перапісу, у Сьвержанi па стану на 1897 году налiчвалася 297 двароў, у пачатку XX стагодьдзя – 487 двароў.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Новы Сьвержань занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Новы Сьвержань абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён ўвайшоў у склад Беларускай ССР. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Новы Сьвержань апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Стаўпецкага павету.

У 1939 годзе Новы Сьвержань увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1998 год тут было 864 двары, на 2000 год – 789.

Касьцёл сьвятых апосталаў Пятра й Паўла

Касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла – помнік архітэктуры рэнэсантсу XVI стагодьдзя, знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку.

У шэрагу старых крыніцаў ёсьць згадкі, што гэты касьцёл будаваўся ў сярэдзіне XVI стагодьдзя як кальвінскі збор. Аднак зараз многія гісторыкі беларускай архітэктуры сыходзяцца ў меркаванні, што касцёл быў заснаваны ў 1588 годзе адразу як каталіцкі. 17 кастрычніка 1588 году Мікалай Крыштоф Радзівіл «Сіротка» даў фундуш на будаўніцтва і абсталяваньне ў Сьвержанi касцёлу. Верагодна, як паведамляюць інвентары, у тым жа 1588 годзе і пачалося будаўніцтва парафіяльнага касцёлу свьвятых Пятра і Паўла. Як доўга ішло будаўніцтва, звестак не захавалася. Вядома, што ў 1600 годзе касьцёл ужо функцыянаваў. За гісторыю існаваньня касьцёл ня зьведаў значных перабудоваў.

У 1818 годзе ў час навальніцы моцны вецер зьнес дах і часткова пашкодзіў вежу сьвятыні. Па гэтым касьцёл адрамантавалі, асобна паставілі званіцу, якая згарэла пры пажары 1890 году. Рамонты адбываліся ў 1828 і 1856 гадох.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Сьвержань апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл працягваў дзейнічаць. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863–1864) у 1864 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна зачынілі касьцёл. Пасьля шматлікіх просьбаў вернуты каталiцкай парафіі ў 1901 годзе.

Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады зачынілі касьцёл і выкарыстоўвалі будынак у гаспадарчых мэтах. У 1988 годзе касьцёл вярнулі каталікам.

Каардынаты: 53.451053, 26.736476.

Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзiцы

У 1590 годзе Мікалай Радзівіл «Сіротка» заснаваў у Сьвержані Прачысьценскую царкву. Дакумэнтам ад 10 верасьня 1592 году ён выдзеліў ёй тры валокі зямлі, сенажаць і дармовы памол на млыне. Першая царква была драўлянай.

У 1743 годзе на месцы драўлянай збудавалі мураваную царкву ў сылi архітэктуры барока, пры якой дзеяў заснаваны князем Міхалам Казімерам Радзівілам «Рыбанькам» манастыр базылянаў. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду.

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Новы Сьвержань апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзеяць, аднак па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830–1831) у 1833 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі царкву ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы).

У Другую сусьветную вайну помнік атрымаў пашкоджаньні, у канцы 1940-х гадоў яе адрамантавалі.

У 1980-я гады царкву перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 2010-я гады ў выніку рэканструкцыі замест аднаўленьня купала-бані над царквой паставілі маскоўскі пазалочаны купал-цыбуліну. Яшчэ адзін купал-цыбуліну паставілі над апсыдай. Апроч таго, помнік накрылі мэталёвай дахоўкай неўласьцівага помніку блакітнага колеру. У выніку гэтых перабудоваў мастацкае аблічча царквы значна пацярпела.

Каардынаты: 53.452092, 26.736464.